Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Славеніі прызнаў Палестыну незалежнай дзяржавай


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

Урад Славеніі прызнаў незалежнасьць і сувэрэнітэт Палестынскай дзяржавы. Пра гэта паведаміў 30 траўня МЗС Славеніі, піша Reuters.

Міністарка замежных спраў Славеніі Таня Фаён заявіла: «Я радая, што славенскі ўрад зрабіў гэты гістарычны крок. Ізраільцяне і палестынцы маюць права гадаваць сваіх дзяцей у міры, бясьпецы і росквіце ва ўласных дзяржавах. Прызнаньне Палестыны — адзіны шлях да мірнага суіснаваньня гэтых дзьвюх краін і народаў».

Славенскае МЗС заклікала іншыя эўрапейскія краіны рушыць усьлед яго прыкладу. Ведамства падкрэсьліла, што Славенія патрабуе спыненьня агню ў сэктары Газа, вызваленьня закладнікаў і далейшых рэформаў для падтрымкі Палестынскай аўтаноміі.

Для канчатковага прызнаньня рашэньне ўраду павінна зацьвердзіць Нацыянальная асамблея — славенскі парлямэнт. Мяркуецца, што гэта адбудзецца найбліжэйшым часам.

Нядаўна аб прызнаньні незалежнасьці Палестынскай дзяржавы абвясьцілі Нарвэгія, Гішпанія і Ірляндыя. Ізраіль у адказ заявіў аб адкліканьні амбасадараў у Осла, Дубліне і Мадрыдзе.

  • Агулам у якасьці незалежнай дзяржавы Палестыну прызналі 143 са 193 краінаў ААН, у тым ліку Беларусь, Расея, Украіна, краіны Паўднёвай Амэрыкі, Афрыкі, Кітай, Індыя, сярод эўрапейскіх дзяржаваў — Баўгарыя, Вугоршчына, Кіпр, Польшча, Румынія, Славакія, Чэхія, Швэцыя. Не прызналі незалежнасьці Палестыны большасьць краінаў Заходняй Эўропы, ЗША, Канада, Аўстралія і Японія.
  • Ізраіль ужо некалькі месяцаў праводзіць у сэктары Газа — рэгіёне, які адносіцца да сучаснай Палестынскай аўтаноміі, — ваенную апэрацыю. Яна пачалася ў адказ на напад радыкальнай ісламісцкай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, на поўдзень Ізраіля 7 кастрычніка 2023 году. Ахвярамі атакі джыхадыстаў сталі больш за 1200 чалавек, каля 250 чалавек — ізраільцян і замежнікаў трапілі ў закладнікі, пра лёс больш за сотню зь іх дасюль нічога не вядома.
  • Пытаньне аб незалежнасьці Палестынскай дзяржавы зьвязанае з канцэпцыяй «дзьвюх дзяржаваў для двух народаў», якая прадугледжвае стварэньне дзяржавы палестынскіх арабаў нароўні з Ізраілем. Канцэпцыя была аформленая пасьля Шасьцідзённай вайны 1967 году ў выглядзе рэзалюцыі 242 Рады Бясьпекі ААН. Пры гэтым ні ў Ізраілі, ні сярод палестынскіх палітычных сілаў ніколі не было адзінства ў гэтым пытаньні: ізраільскія палітыкі асьцерагаюцца, што незалежная Палестынская дзяржава стане базай для рэгулярных нападаў на Ізраіль, а многія палестынскія радыкалы не прызнаюць само права габрэйскай дзяржавы на існаваньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG