Дональд Туск, прэм’ер-міністар Польшчы: «Мы пачынаем вялікі праект будаўніцтва бясьпечнай мяжы. У тым ліку сыстэмы фартыфікацыі, такіх тэрытарыяльных рашэньняў, якія зробяць гэту мяжу непраходнай для патэнцыйнага ворага. Мы прызначылі на гэта 10 млрд. злотых. Праца ўжо пачалася».
Рэалізоўваць праект «Усходні шчыт» палякаў прымусілі рэжымы Лукашэнкі і Пуціна. У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Неўзабаве на межах Беларусі і ЭЗ зьявіліся дзясяткі тысяч мігрантаў. А праз год пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.
Трэці год запар, амаль штодзённа, сотні людзей зьнішчаюць агароджу, атакуюць польскіх памежнікаў, кідаюць у іх камяні, спрабуюць падпальваць памежныя слупы. За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
Днямі мігранты напалі з нажом на польскага памежніка, на іншага — з разьбітай бутэлькай. Каб спыніць атаку на сваю мяжу, палякі і будуюць «Усходні шчыт». Як расказаў у аўторак польскі міністар абароны, гэта будзе найбуйнейшая апэрацыя па ўмацаваньні ўсходняга флянгу NATO з 1945 года.
Што там будзе? На мяжы зьявіцца сыстэма выяўленьня, папярэджаньня і сачэньня. Гэта шмат розных узроўняў: бесьпілётнікі, зьнішчальнікі F35, спадарожнікі. Там будзе сыстэма доступу да тактычнай базы ўзброеных сіл Польшчы — сетка базавых станцый уздоўж межаў, ваенная сувязь, мачты з носьбітамі сэнсараў IMINT, SIGINT. Палякі створаць на мяжы інфраструктуру для сыстэм барацьбы з бесьпілётнікамі.
«Нам неабходна забясьпечыць каля 700 кілямэтраў мяжы. З чаго 400 км — гэта мяжа зь Беларусьсю», — заявіў у аўторак віцэ-міністар абароны Польшчы.
На мяжы выкапаюць супрацьтанкавыя равы, наставяць шмат жалезабэтонных «вожыкаў» і іншае. А прапаганда пераконвае, што супрацьтанкавыя абмежаваньні палякі робяць для таго, каб напасьці праз гэтыя равы на Беларусь.
У рамках праграмы «Усходні шчыт» будуць пабудаваныя сховішчы для салдат і грамадзянскіх асоб, бункеры ад сродкаў паражэньня, склады зброі. А калі ў палякаў не застанецца сумневаў, што на яе нападуць, мяжа будзе замінаваная.
Закупка матэрыялаў, прыбораў і абсталяваньня заплянаваная цягам трох наступных гадоў. Інфраструктура павінна быць завершана ў 2025-2027 гадах. Гэтыя інвэстыцыі будуць рэалізаваныя ня толькі на мяжы. Тэрыторыя так званага шчыту павінна ахопліваць паласу ад 50 да 100 км у глыб краіны.
«Мы будзем узмацняць і агароджу, якая шмат якіх месцах аказалася дзіравай і неэфэктыўнай. Гэтым займаецца МУС, мадэрнізуе і ўзмацняе агароджу. Але гэта асобны ад „Усходняга шчыта“ працэс. „Усходні шчыт“ павінен быць вайсковым праектам. Але адно і другое заўсёды будзе ўзаемадапаўняцца», — расказаў Уладыслаў Касіняк-Камыш, міністар абароны Польшчы.
Скончыць будаўніцтва плянуюць да 2028 года.
«Тлумачым з Гурневічам»
Штотыдзень журналіст Свабоды Дзьмітры Гурневіч выкрывае фэйкі і маніпуляцыю прапагандыстаў Аляксандра Лукашэнкі і расейскіх СМІ.
Крок за крокам мы аналізуем факты, з усьмешкай разьбіраем дэзынфармацыю і паказваем, што насамрэч адбываецца.
Місія Радыё Радыё Свабода — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі. Першая неабходная ўмова дэмакратыі — гэта добра інфармаванае грамадзтва.
У праекце «Тлумачым з Гурневічам» мы заахвочваем нашу аўдыторыю ставіцца да інфармацыі крытычна, правяраць яе дакладнасьць і не прымаць на веру без належнага аналізу.
Як глядзець на YouTube
Новыя выпускі праекту выходзяць кожны тыдзень.
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Радыё Свабода», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Форум