Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У трэцюю гадавіну сьмерці за кратамі Вітольда Ашурка ў сьвеце праходзяць акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі

абноўлена

Партрэты беларускіх палітвязьняў. Каляж
Партрэты беларускіх палітвязьняў. Каляж

21 траўня адзначаецца Дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. У гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай калёніі памёр палітычны зьняволены, грамадзкі і палітычны дзяяч Вітольд Ашурак.

Яшчэ 19 траўня ў цэнтры Варшавы каля помніка Мікалаю Капэрніку адкрылася інтэрактыўная выстава пад назвай «Муры». На стылізаваным дроце пад адкрытым небам разьмясьцілі фатаграфіі палітвязьняў Беларусі.

На акцыі выступілі былыя палітвязьні, якія нядаўна выехалі зь Беларусі. Яны расказалі пра цяжкія ўмовы ў зьняволеньні, пра катаваньні. У канцы акцыі беларуская мастачка Яна Шостак правяла свой знакаміты пэрформанс «Хвіліна крыку».

Беларусы на акцыі ў Варшаве 19 траўня 2024 году
Беларусы на акцыі ў Варшаве 19 траўня 2024 году
Выстава з партрэтамі палітвязьняў
Выстава з партрэтамі палітвязьняў

Напярэдадні ў галерэі «Duży pokój» (ul.Warecka 4/6) адкрылася фотавыстава «Спаць спакойна», якая расказвае пра беларускіх палітвязьняў. Выставу стварылі польскі фатограф Пётар Вуйцік і беларуская журналістка Ірына Арахоўская.

У Беластоку акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі праходзіць 21 траўня каля консульства Беларусі. На ёй згадалі імёны палітвязьняў, якія загінулі за кратамі ў Беларусі: Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча, Вадзіма Храсько, Ігара Ледніка і Аляксандра Кулініча.

21 траўня Народная амбасада Беларусі ў Італіі зладзіла мітынг у Рыме, дзе былі прадстаўнікі палітычных партыяў Fratelli d’Italia, Partito democratico, Più Europa, кандыдатка ў Эўрапарлямэнт Вольга Сурынава, а таксама прадстаўніца Народнай амбасады Юлія Юхно, піша «Вясна».

Акцыя салідарнасьці ў Рыме
Акцыя салідарнасьці ў Рыме

У Флярэнцыі адбыўся пэрформанс з удзелам былых палітзьняволеных Анастасіі Булыбенкі і Віталя Жука. Акцыя прайшла ля сьценаў форуму Нэльсана Мандэлы, каля клеткі, у якой вядомы грамадзкі дзеяч правёў 18 гадоў.

Акцыя салідарнасьці ў Флярэнцыі
Акцыя салідарнасьці ў Флярэнцыі

Падчас пэрформансу з двух бакоў клеткі стаялі па два крэслы, на кожным зь якіх сядзелі Ася Булыбенка і Віталь Жук. На фоне гучалі лісты Віктара Бабарыкі, Паліны Шарэнды-Панасюк, Марфы Рабковай і іншых палітвязьняў на італьянскай мове. Пасьля заканчэньня пэрформансу палітвязьням надзелі кайданкі і яны прайшлі ўнутр клеткі.

Акцыя салідарнасьці ў Флярэнцыі
Акцыя салідарнасьці ў Флярэнцыі

А ў італьянскім Турыне адбылося адкрыцьцё выставы Ксішы Ангелавай. Да 24 траўня ў Нацыянальнай студэнцкай бібліятэцы Турыну можна пабачыць амаль 400 партрэтаў беларускіх зьняволеных.

Сустрэча ў Турыне
Сустрэча ў Турыне

Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі 21 траўня праходзіць і ў Вільні.

Падчас акцыі ў літоўскай сталіцы зачыталі пэтыцыю ў адрас МЗС Літвы, а ўсіх удзельнікаў мітынгу заклікалі яе падпісаць. У дакумэнце МЗС Літвы заклікаюць далучыцца да патрабаваньняў беларусаў і накіраваць нелегітымным уладам Беларусі зварот з заклікам вызваліць палітвязьняў.

У Вялікай Брытаніі акцыя салідарнасьці прайшла на Парлямэнцкім пляцы Лёндану.

Акцыя беларусаў Лёндану
Акцыя беларусаў Лёндану

З нагоды Дня салідарнасьці з палітвязьнямі беларусы Ансі (Францыя) зладзілі фотавыставу беларускіх фотажурналістаў у ліцэі Бодэлер, а таксама правялі сустрэчы са старэйшымі вучнямі, на якіх расказалі пра беларускі дэмакратычны рух, рэпрэсіі, палітвязьняў, беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне, рэйкавых партызанаў і салідарнасьць беларусаў, а таксама згадалі загінулых палітвязьняў.

Фотавыстава беларускіх фотажурналістаў у ліцэі Бодэлер. Ансі, Францыя
Фотавыстава беларускіх фотажурналістаў у ліцэі Бодэлер. Ансі, Францыя
Фотавыстава беларускіх фотажурналістаў у ліцэі Бодэлер. Ансі, Францыя
Фотавыстава беларускіх фотажурналістаў у ліцэі Бодэлер. Ансі, Францыя

Таксама акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі прайшла ў сталіцы Шатляндыі Эдынбургу.

У Бэльгіі ў мітынгу ўзяў удзел кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі Ўладзімер Астапенка.

Мітынг у Брусэлі, Уладзімер Астапенка
Мітынг у Брусэлі, Уладзімер Астапенка

У швайцарскім Цюрыху сярод удзельнікаў акцыі салідарнасьці з нагоды Дня палітвязьняў былі былыя палітзьняволеныя, сябры беларуска-швайцарскай асацыяцыі RAZAM і праваабаронцы швайцарскай філіі Libereco.

20 траўня ў Маскве, каля беларускай амбасады, зьявіліся фатаздымкі палітвязьняў Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна, якія памерлі ў беларускіх вязьніцах цягам 2021–2023 гадоў.

Салідарнасьць Украіны

Міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь» выступіла з адмысловай заявай з нагоды дня салідарнасьці з палітвязьнямі ў Беларусі.

«Тры гады таму пры невядомых абставінах загінуў Вітольд Ашурак. Гадавіна ягонай гібелі цяпер — Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі ў Беларусі. З 2020 году палітычныя рэпрэсіі сталі будзённасьцю пры дыктатуры Лукашэнкі. Але гэтае самавольства павінна закончыцца. Шлях Лукашэнкі — у Гаагу! Наша аб’яднаньне „За дэмакратычную Беларусь“ асуджае палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і заклікае ўрад Украіны і ўрады дэмакратычных дзяржаваў прыкласьці намаганьні для зьняволеньня Лукашэнкі», — заявіў адзін з кіраўнікоў аб’яднаньня Аляксей Ганчарэнка.

Рэакцыя МЗС Польшчы

Міністэрства замежных справаў Польшчы яшчэ раз запатрабавала ад рэжыму Лукашэнкі вызваліць палітвязьняў. У Варшаве нагадалі, што памятаюць пра тых, каго ў Беларусі незаконна трымаюць за кратамі.

Амбасада ЗША: Помнім пра іх кожны дзень

Амбасада ЗША на сваёй старонцы напісала:

«21 траўня мы адзначаем Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі. Але мы помнім пра іх кожны дзень, бо штодня яны несправядліва застаюцца ў зьняволеньні за тое, што вераць у свабодную і дэмакратычную Беларусь. Усе палітвязьні Беларусі павінны быць вызваленыя».

Ціханоўская на Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі: «Мы іхны голас, і нам нельга маўчаць ані дня»

У сталіцы Швэцыі адкрылася «Стакгольмская канфэрэнцыя па Беларусі», у якой бяруць удзел прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў і афіцыйныя асобы з ураду Швэцыі. Са зваротам з нагоды Дня палітвязьня выступіла Сьвятлана Ціханоўская.

Яна апублікавала відэазварот да Дня салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі:

«Сёньня дзень, які адгукаецца болем у сэрцы кожнага з нас. Я не магу проста прамовіць слова „палітвязень“ — яго хочацца крычаць ад болю і злосьці. Болю, бо такіх зьняволеных у краіне сёньня ня менш за паўтары тысячы. Яшчэ амаль столькі ж прайшлі праз турмы, катаваньні, зьнявагу — і ўжо вярнуліся на волю. Але з падарваным здароўем і страчанымі гадамі жыцьця. Злосьць жа перапаўняе мяне ад таго, што рэпрэсіі працягваюцца і людзей бяруць у закладнікі. Праз імкненьне забіць свабоду слова, свабоду думак рэжым перасьледуе народ».

Ціханоўская прызнала, што апазыцыя імкнулася шмат што зрабіць, каб зьмяніць сытуацыю — публічна і непублічна.

«Але рэжым ня мае інтарэсу ў вызваленьні палітвязьняў. Для Лукашэнкі людзі — гэта проста расходны матэрыял, які ня мае каштоўнасьці. Менавіта таму ўжо шэсьць зьняволеных памерлі за кратамі. Мы абавязаныя штодзень шукаць магчымасьці, каб вызваліць нашых родных і сяброў з турмаў. А пакуль яны ў няволі, мы павінны іх падтрымліваць, і мусіць гэта рабіць кожны з нас. Мы голас беларускіх палітвязьняў, і нам нельга маўчаць ані дня.

Людзі, якія знаходзяцца за кратамі, ахвяруюць кожным днём жыцьця за вольную Беларусь. І сёньня мы з вамі — іхны голас, іхная надзея. Мы ня маем права падвесьці нашых герояў», — сказала Ціханоўская ў звароце.

21 траўня 2021 году за кратамі, у шклоўскай калёніі, памёр палітычны зьняволены Вітольд Ашурак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG