Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве памежнікаў забясьпечаць цяжкім узбраеньнем. Дэталяў пакуль не называюць


Агне Білатайце і Інгрыда Шыманіце на аэрадроме Палукніс у Троцкім раёне, 20 траўня 2024
Агне Білатайце і Інгрыда Шыманіце на аэрадроме Палукніс у Троцкім раёне, 20 траўня 2024

Тэхніку набудуць да канца 2024 году.

Міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што літоўскія памежнікі атрымаюць для выкананьня сваіх задач цяжкае ўзбраеньне.

«Міністэрства нацыянальнай абароны таксама будзе спрыяць забесьпячэньню памежнікаў цяжкім узбраеньнем. Я не хацела б заглыбляцца ў дэталі, таму што ўсё гэта яшчэ на стадыі абмеркаваньня», — працытавала выданьне BNS міністарку Агне Білатайце.

Міністарка ўнутраных спраў разам з прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманіце 20 траўня наведала аэрадром Палукніс у Троцкім раёне, дзе яны азнаёміліся з магчымасьцямі авіяцыйнага кіраваньня Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

«Мы аднолькава глядзім на сытуацыю і разам працуем над умацаваньнем усіх службаў», — дадала Агне Білатайце.

Паводле яе, такое рашэньне аб узбраеньні літоўскіх памежнікаў зьявілася ў адказ на ўрокі расейскай агрэсіі ва Ўкраіну. Пры гэтым Агне Білатайце падкрэсьліла, што Службу аховы дзяржаўнай мяжы апошнім часам аснасьцілі сучасным узбраеньнем, якое адпавядае стандартам NATO.

Камандуючы памежнікамі Рустам Любаеў паведаміў, што цяжкае ўзбраеньне будзе ўключаць як мабільную, так і стацыянарную тэхніку.

«Прынамсі на першым этапе ўзбраеньне, якое плянуецца набыць, не патрабуе адмысловай падрыхтоўкі. [...] Яго можна будзе выкарыстоўваць супраць вайскоўцаў і супраць пэўнай тэхнікі», — удакладніў ён.

Рустам Любаеў дадаў, што тэхніку набудуць да канца 2024 году.

Пазьней на афіцыйным сайце Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі, што цягам 2023 году на мяжы з Беларусьсю цалкам усталявалі фізычны бар’ер, сучасныя сыстэмы памежнага маніторынгу, усталёўваецца памежная дарожка, якая праходзіць побач з фізычным барʼерам і кантрольна-дарожнай паласой.

«Закрыцьцё чатырох памежных пунктаў пропуску, аднаўленьне памежнага нарада берагавой аховы, паляпшэньне ўзаемадзеяньня памежнікаў і арміі на мяжы, павелічэньне забясьпечанасьці памежнікаў зброяй стандарту NATO і іншымі неабходнымі сродкамі таксама спрыялі ўмацаваньню дзяржаўнай мяжы. Цяпер ахова зьнешніх межаў Літвы адпавядае самым высокім (узорным) стандартам Эўразьвязу», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Сёлета ў сакавіку Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы апублікаваў даклад аб патэнцыйных пагрозах для сваёй краіны. Крыніцамі пагроз у дакумэнце вызначылі Беларусь, Расею і Кітай.

18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку — Лоша) і Цверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG