Мужчыну затрымалі 8 красавіка на Краснай плошчы ў Маскве, дзе ён, паводле зьвестак паліцыі, выкрыкваў лёзунг «Не — вайне». На наступны дзень Цьвярскі суд Масквы арыштаваў яго на 14 дзён па абвінавачаньні ў непадпарадкаваньні паліцыі (артыкул 19.3 КаАП РФ) і «дыскрэдытацыі расейскай арміі» (артыкул 20.3.3 КаАП РФ).
Пасьля рашэньня суду яго зьмясьцілі ў спэцпрыёмнік №2. Аднак 5 траўня ягонай маці паведамілі, што яго адправілі ў псыхіятрычную лякарню № 4 імя Ганнушкіна, бо ён нібыта супраціўляўся і кідаўся на супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Там ён прабыў да 13 траўня.
Дзяніс Хамідулін расказаў, што ў лякарні яму калолі псыхатропныя прэпараты, пасьля чаго яму было цяжка стаяць, перасоўвацца і трымаць у руках асадку. Па ягоных словах, праз гэта ў тым ліку ён ня мог падаць у суд скаргу на адміністрацыйны арышт. Пасьля выхаду з шпіталя мужчыну павезьлі ў Маскоўскі гарадзкі суд, дзе ён хадайнічаў аб аднаўленьні тэрмінаў падачы скаргі, аднак у судзе яму адмовілі, адзначыўшы, што ягоны стан не замінаў яму зьвярнуцца ў межах вызначанага часу. Хамідуліна адвезьлі ў спэцпрыёмнік, дзе ён павінен адбыць яшчэ 7 дзён арышту.
Праваабаронцы адзначаюць, што мужчына да гэтага часу перасоўваецца пры дапамозе староньніх, таму адвакат выклікаў у суд хуткую дапамогу. Пра гэта сьведчыць і відэа, апублікаванае «ОВД-Инфо». Мэдыкі, якія прыехалі ў суд, заявілі, што падстаў для шпіталізацыі Дзяніса Хамідуліна няма.
Форум