Рэдакцыя татарамоўнай газэты «Безнең гәҗіт» у красавіцкім нумары апублікавала ліст ад Алсу Курмашавай, які журналістка напісала ў рэдакцыю больш за месяц таму. «Idel.Реалии» пераклалі яго і расказваюць апошнія навіны пра Алсу. Пераказваем асноўнае.
У тыя дні журналістка ўжо каля пяці месяцаў знаходзілася ў казанскім сьледчым ізалятары №2. «І не відаць ні канца, ні краю», — піша Алсу Курмашава.
«З таго часу, як я вярнулася ў Казань да сваёй старой мамы і да хворага брата, прайшло 10 месяцаў. З 10 месяцаў палову я правяла дома з роднымі, дапамагаючы ім, але бяз права куды-небудзь выяжджаць. 18 кастрычніка мінулага году мяне зьмясьцілі ў турму праз абвінавачваньні, якія да гэтага часу ня ўкладваюцца ў маёй галаве», — апавядае журналістка.
Яе абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Расеі: у «невыкананьні ўстаноўленага заканадаўствам РФ абавязку падаць ва ўпаўнаважаны орган дакумэнты, неабходныя для ўключэньня ў рэестар іншаагентаў» і ў «распаўсюджаньні фэйкаў аб войску па матывах палітычнай нянавісьці».
Журналістка расказвае, што на працягу 25 гадоў «рэгулярна атрымлівала падзякі ад Кангрэсу татараў за сваю асьветніцкую дзейнасьць», навучала дзяцей і падлеткаў татарскай мове, прапагандавала мастацтва татарскіх дызайнэраў за мяжой, дапамагала ў арганізацыі канцэртаў татарскім выканаўцам, прыяжджала ў Казань з Прагі «ганаровым госьцем і ўдзельнічала ў зьездах татарскіх жанчын», дапамагала шматлікім кіраўнікам, лекарам, настаўнікам і студэнтам з Татарстану, які прыяжджалі ў Чэхію, але «ў адно імгненьне ўсё гэта ператварылася ў злачынства».
На судовым паседжаньні па падаўжэньні меры стрыманьня, якое адбылося ў судзе Казані 1 красавіка, Алсу расказала журналістам, што ў яе «абвастрыліся пэўныя дыягназы», ёй «ня вельмі добра фізычна, бытавыя ўмовы вельмі дрэнныя». «У мяне няма магчымасьці сачыць за сваім здароўем», — паскардзілася яна. На ўдакладняльнае пытаньне, ці аказваюць ёй мэдыцынскую дапамогу, Алсу адказала: «Мінімальную».
У лісьце ў рэдакцыю газэты «Безнең гәҗіт» Алсу піша, што «нейкія хваробы ўзмацніліся, але лекі і рэгулярныя заняткі даюць мне сілы трымацца і трываць боль».
«Мяне часта пытаюцца, ці буду я пісаць кнігу пра тое, што я перажываю цяпер. Не, ня буду. Маё самае вялікае жаданьне — гэта выйсьці адсюль жывой і здаровай. Іншыя жаданьні забыліся і надоўга. Мая частка жыцьця зараз засталася ў гісторыі. І гэтая частка жыцьця будзе гісторыяй», — рэзюмавала Алсу.
- У Алсу Курмашавай двайное грамадзянства: ЗША і Расеі. Да арышту яна жыла ў Празе з мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня 2023 году прыехала ў родны горад Казань да хворай маці. 2 чэрвеня ў аэрапорце Казані — перад вылетам дадому ў Прагу — яе затрымалі сілавікі. У яе канфіскавалі амэрыканскі і расейскі пашпарты. Празь некалькі дзён на журналістку завялі крымінальную справу аб непаведамленьні аб другім грамадзянстве (арт. 330.2 КК).
- Пазьней ёй выставілі абвінавачаньне ў тым, што яна не зьвярнулася да ўладаў і не папрасіла зарэгістраваць яе ў якасьці «іншаземнага агента» (ч. 3 арт. 330.1 КК). Празь яшчэ амаль два месяцы на яе завялі новую крымінальную справу — аб распаўсюджваньні «фэйкаў» аб расейскай арміі. Падставай стала апублікаваная рэдакцыяй Idel.Рэаліі кніга «Не — вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну».
- Затрыманьне Алсу Курмашавай асудзілі многія краіны і міжнародныя арганізацыі.