«Гэта была першая камэра, у якую я трапіў на Валадарцы, у так званым шанхаі. У ёй утрымліваліся 24 чалавекі. Да мяне там нехта і з „Litesound“ сядзеў, і Алесь Пушкін таксама.
Дык вось, мне паказалі рысунак — рысачкі, якія маляваў на сцяне Алесь Пушкін. Я папрасіў сваіх, каб мне пераслалі ў перадачы кальку, каб можна было яго скапіяваць. І я зрабіў гэта. І ў выніку вынес на свабоду», — расказаў Аляксандар Васюковіч у інтэрвію «Белсату».
Ён адзначыў, што «вельмі балюча было гэта ўсё бачыць», паколькі ён прысутнічаў да гэтага на пахаваньні Алеся Пушкіна
«...Мне падалося, што ўсё, што я мог зрабіць, — гэта вынесьці адтуль тую штуку. Для гісторыі», — дадаў Васюковіч.
- Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў вёсцы Бобр Крупскага раёну Менскай вобласьці, дзе і жыў да арышту ў 2021 годзе.
- У 1978 годзе Алесь паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. Вучыўся ў мастака Пятра Шарыпы да 1983 году, затым паступіў на курс манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
- У 1984 годзе Алесь Пушкін трапіў у Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзёньнік на беларускай мове. Дзёньнік Пушкіна прызналі антысавецкім. У 1986 годзе Алесь дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.
- Пушкін — рэдкі ў Беларусі сэртыфікаваны спэцыяліст з рэстаўрацыі. Ён аднаўляў і расьпісваў шмат гістарычных аб’ектаў, касьцёлаў і цэркваў. Быў жанаты. У яго засталіся жонка Яніна, сын і дачка. Яніна працуе настаўніцай у школе, сын паступіў ва ўнівэрсытэт, дачка вучыцца ў школе.
- У мастацтве Пушкін запомніўся ня толькі партрэтамі, але і сваімі яскравымі пэрформансамі, якія былі закліканыя абудзіць беларускі народ, дазволіць беларусам узгадаць слаўную гісторыю сваёй нацыі і скінуць з шыі ярмо дыктатуры і русыфікацыі.
- 11 ліпеня палітзьняволены мастак памёр за кратамі. Да сьмерці ў рэанімацыі шпіталя Пушкін адбываў пакараньне ў горадзенскай «крытай» турме.
Форум