Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што чакае адказу ад Масквы наконт спыненьня баявых дзеяньняў ва Ўкраіне «да канца тыдня». Пра гэта ён сказаў у Белым доме падчас сустрэчы з прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мэлёні.
У Трампа спыталі, у які момант ён вызначыцца, ці гатовая Расея да спыненьня агню і, пры патрэбе, узмоцніць санкцыі супраць яе.
«Паглядзім. Мы атрымаем ад іх адказ на гэтым тыдні, вельмі хутка, і пабачым», — адказаў прэзыдэнт ЗША.
Неўзабаве пасьля гэтага пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Васіль Нябензя сказаў журналістам, што спыненьне агню ва Ўкраіне «нерэалістычнае».
«У нас была спроба абмежаванага спыненьня агню ў дачыненьні да энэргетычнай інфраструктуры, якое не было выканана ўкраінскім бокам. У гэтых абставінах казаць пра спыненьне агню на дадзеным этапе проста нерэалістычна», — заявіў ён.
Тым часам Bloomberg з спасылкай на свае крыніцы піша, што на ўчорашняй сустрэчы з эўрапейскімі саюзьнікамі ў Парыжы прадстаўнікі ЗША заявілі пра жаданьне дабіцца поўнага спыненьня агню ва Ўкраіне цягам некалькіх тыдняў, і яны «чакаюць неўзабаве значнага прагрэсу ў гэтым пытаньні».
Форум