Сьцісла:
- Зыходным пунктам гэтага закону было жаданьне зьнішчыць індывідуальных прадпрымальнікаў як клясу.
- Незразумела, навошта пытацца думкі тых, каго ты зьбіраесься зьнішчыць.
- Некаторыя ІП і раней станавіліся юрыдычнымі асобамі. Прапорцыя была 1 да 4 — на 4 закрытыя ІП зьяўлялася адна юрыдычная асоба.
- У Лукашэнкавым сьвеце пануе плянавая эканоміка, у якой у існаваньні індывідуальных прадпрымальнікаў няма сэнсу.
- Чалавек, які мае досьвед уласнага бізнэсу (няхай нават самы мінімальны), ніколі ня пойдзе працаваць на завод ці ў калгас за тры капейкі.
— Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, які абмяжоўвае прадпрымальніцкую дзейнасьць. Якая ваша агульная ацэнка гэтага закону і дзеля чаго ўлада яго прыняла, зь якой мэтай?
— Гэта шматпакутны закон, які ўжо два гады праходзіў розныя стадыі прыняцьця і паправак. Варта ўзгадаць, што зыходным пунктам гэтага закону было жаданьне ўлады зьнішчыць індывідуальных прадпрымальнікаў як клясу.
Цяперашні палітычны рэжым мае думку, што індывідуальныя прадпрымальнікі — гэта такія хітруны, якія недаплачваюць падаткі. Што яны знаходзяцца ў няроўных, больш выгодных умовах у параўнаньні зь юрыдычнымі асобамі, і таму гэта трэба спыняць.
Натуральна, што ўлада не пытаецца ў тых 270 тысяч беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў, што яны наконт гэтага думаюць. Навошта пытацца думкі тых, каго ты зьбіраесься зарэзаць?
Было вырашана, што застануцца дзьве формы існаваньня бізнэсу. Адна — у выглядзе фізычнай асобы, якая самастойна займаецца нейкай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Для гэтага існуе панятак самазанятасьці і ўсё вакол гэтага. Для ўсіх астатніх — юрыдычная асоба. Натуральна, што рэгістрацыя ў якасьці юрыдычнай асобы цягне за сабой значна больш адказнасьці і выдаткаў — і мы разумеем, што далёка ня кожны індывідуальны прадпрымальнік на гэта адважыцца.
Таму рашэньняў зь іхнага боку можа быць некалькі. Адно — увогуле спыняць сваю дзейнасьць. Большасьць ІП — гэта не мільянэры, гэта людзі, якія зарабляюць больш-менш прыстойна на сябе і сваю сям’ю.
Другое рашэньне — «схавацца ў цень». Трэцяе — перайсьці ўсё ж у юрыдычную асобу. Мы бачылі, што гэтыя пагрозы, якія цягнуцца даволі даўно, прыводзілі да таго, што некаторыя ІП пераходзілі паступова ў юрыдычную асобу. Але прапорцыя была 1 да 4 — то бок на 4 закрытыя ІП зьяўлялася адна юрыдычная асоба.
Цяпер усё залежыць ад таго, якія віды дзейнасьці будуць дазволеныя індывідуальным прадпрымальнікам. І тут ніхто ня хоча браць на сябе адказнасьць за тое, што некаторыя сэктары — такія, як перавозкі альбо гуртовы гандаль — могуць быць цалкам зьнішчаныя. Таму, дарэчы, прыняцьце гэтага закону доўгі час адкладалася. І цяпер вызначылі, што да 1 ліпеня павінен быць падрыхтаваны сьпіс дазволеных відаў дзейнасьці. А бяз гэтага сьпісу пакуль яшчэ нічога не зразумела.
— У гэтым жаданьні ўлады змагацца з ІП чаго, на вашую думку, больш — чыста эканамічных рэзонаў (жаданьня павялічыць сабраныя падаткі), альбо тут ёсьць і палітычна-сацыяльная матывацыя?
— Я б усё ж паставіў у аснову жаданьне зьбіраць больш грошай у бюджэт. Але ёсьць і іншы элемэнт. Лукашэнка хоча даказаць, што той сьвет, які існуе ў яго ў галаве, рэальны. І ў гэтым сьвеце пануе плянавая эканоміка, у якой у існаваньні індывідуальных прадпрымальнікаў няма сэнсу.
Гэта можна назваць клясавай нянавісьцю да тых людзей, якія ад яго не залежаць. Гэтыя 270 тысяч чалавек нічога ў Лукашэнкі ня просяць, не пытаюцца, што ім вырабляць, па якіх цэнах прадаваць і гэтак далей. Яны ад яго не залежаць — і, канечне, гэта выклікае жаданьне іх падпарадкаваць.
— Нават паводле афіцыйных падлікаў Міністэрства эканомікі, пасьля перагляду відаў дзейнасьці колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў можа скараціцца амаль удвая — з 263 тысяч да 143,5 тысячы, колькасьць найманых работнікаў у іх — з 64,6 тысячы да 47,1 тысячы. Няўжо ўлады ня бачаць тут нэгатыўных наступстваў?
— Яны разважаюць такімі катэгорыямі. Маўляў, гэтыя ІП нам ствараюць толькі 3 працэнты падатковай базы. І нават калі іх ня будзе ўвогуле, нічога страшнага для бюджэту ня здарыцца. Памруць — дый халера зь імі. Чыноўнікі ня мысьляць катэгорыямі, што гэтыя ІП не ствараюць фінансавай нагрузкі для сыстэмы, ня просяць выплатаў, заробкаў.
Я перакананы, што чалавек, які мае досьвед уласнага бізнэсу, няхай нават самы мінімальны, ніколі ня пойдзе працаваць на завод за тры капейкі, не паедзе ў калгас. А сёньня ў Беларусі адчувальны недахоп працоўных рук найперш у гэтых сфэрах — на заводах і ў сельскай гаспадарцы. Але ІП — гэта дакладна ня тыя людзі, якія вырашаць для ўлады гэтую праблему.
А для насельніцтва ў выніку змаганьня з ІП усё будзе як заўсёды — тавары падаражэюць, будзе меншы выбар. Вядома, на месца ІП нехта прыйдзе, але, калі гэта будуць юрыдычныя асобы, то яны проста падымуць цэны, каб кампэнсаваць уласныя большыя выдаткі.
— Але за гэты час барацьбы дзяржавы супраць ІП часам нават ад людзей з рынкавымі падыходамі гучалі меркаваньні, што ІП — гэта форма самазанятасьці, больш уласьцівая першай стадыі рынкавых адносінаў, 1990-м гадам, і ня вельмі сучасная цяпер. Маўляў, калі яны пяройдуць у статус юрыдычных асобаў, гэта будзе больш адпавядаць сучасным эканамічным рэаліям. Як вы ставіцеся да гэтага аргумэнту?
— Я бачу Польшчу, дзе колькасьць людзей, якія займаюцца індывідуальнай працоўнай дзейнасьцю, звыш 2 з паловай мільёнаў (пры насельніцтве краіны 38 мільёнаў). Памер польскай эканомікі ў 10 разоў большы за беларускі — 700 мільярдаў супраць 70 мільярдаў даляраў.
І гэтай эканоміцы ніяк не замінае наяўнасьць такой колькасьці людзей, якія працуюць у статусе індывідуальных прадпрымальнікаў. Заўсёды ў бізнэсе так ёсьць — вялікая маса маленькіх кампаніяў, якія хутка нараджаюцца і хутка паміраюць, і толькі адзінкі зь іх пераходзяць на наступную стадыю і вырастаюць у буйныя кампаніі. Гэта нармальна.
Таму для беларускага ўзроўню разьвіцьця (беларуская эканоміка на 39-м месцы з 43 у Эўропе) я б лічыў, што ня варта нічога чапаць у гэтай частцы.