Сьцісла:
- Цяпер у эканоміцы многае залежыць ужо нават не ад дзеяньняў ураду, а ад таго, як будзе выглядаць падтрымка з боку Расеі.
- Калі Расея пачне хутка прайграваць, то натуральна, што пры такім варыянце расейскі рубель абрынецца — а ўсьлед за ім і беларускі.
- Лукашэнка, хутчэй за ўсё, разумее, што той тэхналягічны ўклад, які ёсьць у Беларусі, — гэта пазаўчорашні дзень.
- Грашовая маса наяўных рублёў павялічылася з 1 красавіка 2023 году да 1 красавіка 2024-га амаль на 40 працэнтаў.
- Імпартазамяшчэньне ўжо практыкавалася ў беларускай эканоміцы і прывяло толькі да зьніжэньня канкурэнтнасьці і падвышэньня цэнаў.
— Незалежныя эканамісты апошнія месяцы ўсё часьцей кажуць, абапіраючыся на пэўныя статыстычныя дадзеныя, пра пагрозу інфляцыі і дэвальвацыі ў Беларусі. Ці падзяляеце вы такія прагнозы і на чым яны грунтуюцца?
— Адпачатку трэба сказаць, што ў Беларусі валютны курс рэгулюецца, цэны рэгулююцца, статыстыка закрытая, — таму мы можам пра нейкія рэчы гаварыць толькі ўскосна, ня маючы шмат у чым сапраўднай праверанай інфармацыі. Паводле якасьці статыстыкі Беларусь сёньня наблізіліся да СССР 1980-х гадоў.
Але калі глядзець на тыя паказчыкі, якія маем — дадзеныя Нацбанку, асобных прадпрыемстваў, дадзеныя іншых краінаў, датычныя гандлёвага балянсу, — то варта сказаць, што цяпер шмат што залежыць ужо нават ня столькі ад таго, як будзе паводзіць сябе беларускі ўрад, а ад таго, як будзе выглядаць падтрымка з боку Расеі.
Калі ня спыняцца інвэстыцыйныя плыні, калі будзе адміністратыўна падтрымлівацца попыт на беларускія тавары, калі Крэмль зноў будзе выбачаць беларускія даўгі... Беларускі рубель максымальна прывязаны да расейскага ва ўсіх гандлёвых разьліках, і калі Беларусь будзе працягваць зарабляць на вайне з Расеяй — я ня бачу вялікіх падставаў для магутных скачкоў курсу беларускага рубля ў кароткатэрміновай пэрспэктыве.
Таму гэта ўжо не эканамічны аналіз, гэта пераходзіць у спробу прадбачыць хаду расейска-ўкраінскай вайны і ірацыянальныя паводзіны Крамля. Калі Расея пачне хутка прайграваць, то натуральна, што пры такім варыянце расейскі рубель абрынецца — а ўсьлед за ім і беларускі.
— Нават з даступнай афіцыйнай статыстыкі можна зрабіць выснову, што беларускі экспарт у Расею пачынае зазнаваць вялікія праблемы, не вытрымліваць канкурэнцыі, перш за ўсё з кітайцамі. Існаваў станоўчы балянс замежнага гандлю ў 2021–22 гадах, які сышоў амаль на нуль у 2023 годзе.
— Так. І Лукашэнку гэта вельмі турбуе. Ён бачыць, што Расея можа замаўляць інвэстыцыйныя тавары, але беларускія тэхналёгіі не дазваляюць гэты попыт задаволіць. Беларусь сапраўды губляе рынкі. Таму Лукашэнка зьбірае ўсіх і кажа: «Чаму Расея нам стварыла ўсе магчымасьці, а мы гэта не выкарыстоўваем?»
Ён, напрыклад, спадзяецца, што ў Беларусі будзе наладжана праз Іран зборачная вытворчасьць тавараў «падвойнага прызначэньня» — фактычна для «ваенкі». Але, відаць, разумее, што той тэхналягічны ўклад, які ёсьць у Беларусі, — гэта пазаўчорашні дзень. Гэта вельмі далёка ад таго, што робіць Кітай, які мае ўсе шанцы заваяваць ня толькі расейскі, але і беларускі рынак.
— Статыстыка таксама сьведчыць, што ў Беларусі стала больш грашовай масы. Як яна паўплывае на інфляцыю і патэнцыйную дэвальвацыю?
— Так, гэта тое, што ня можа не аказваць ціск на цэны. Мы бачым, што грашовая маса наяўных рублёў павялічылася з 1 красавіка 2023-га да 1 красавіка 2024-га амаль на 40 працэнтаў (шырокая грашовая маса — на 20 працэнтаў). Пры тым, што вялікага росту эканомікі няма.
І мы бачым фінансавыя паказчыкі прадпрыемстваў за першыя месяцы гэтага году. Мінус рэнтабэльнасьць, больш стратных прадпрыемстваў, больш даўгоў, больш складзкіх запасаў. Старшыня Нацбанку Калаўр нездарма кажа пра свае прэтэнзіі да якасьці бізнэс-плянаў, бо гэтыя бізнэс-пляны не ствараюць даданай вартасьці, не прыводзяць да выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі.
Гэтыя надрукаваныя грошы павялічаць попыт на даляры. А значыць, людзі пачнуць забіраць беларускія рублі з банкаў і купляць даляры.
— Лукашэнка зноў выступае супраць імпарту, гаворыць пра актыўнае імпартазамяшчэньне. Ці можна чакаць, што ўлады пачнуць рабіць нейкія абмежавальныя крокі ў дачыненьні да імпарту?
— Улада ніколі не адмовіцца цалкам ад імпарту, бо беларуская эканоміка імпартазалежная, перш за ўсё ў тэхналёгіях. Таму пагрозы імпарту — гэта проста перадзел рынку, калі замест адных кампаніяў, якія маюць ліцэнзіі на імпарт, будуць іншыя, і іх будзе меней. Гэта ня раз ужо было ў беларускай гісторыі і прыводзіла толькі да зьніжэньня канкурэнтнасьці і падвышэньня цэнаў. Гэта галоўныя наступствы імпартазамяшчэньня.
— Адна зь вялікіх праблемаў беларускай эканомікі — кадравая. Людзей не хапае, у тым ліку таму, што многія эмігравалі — з эканамічных і палітычных прычынаў. Ці можна чакаць, што ўлады пачнуць запаўняць гэтыя дзіры ў працоўных кадрах праз масавую іміграцыю?
— А хто ў Беларусь паедзе? Калі б тут былі добрыя заробкі, то так. Але ехаць у Беларусь, каб зарабляць 300 даляраў? У Беларусі вельмі танная працоўная сіла, якая сама ўвесь час выяжджае ў іншыя краіны. Паводле сацыяльных, інфраструктурных, нават кліматычных чыньнікаў Беларусі пакуль не пагражае масавая працоўная міграцыя.
Улада зараз ужо нават спрабуе дагрукацца да пэнсіянэраў, каб яны вярталіся на вытворчасьць. Можа, некаторыя дзіркі гэтым і залепяць, але ня шмат. Недахоп працоўнай сілы, працоўных рук — гэта вынік і наступствы стратэгічнай палітыкі Лукашэнкі. Многія беларусы, пачынаючы з падлеткавага ўзросту, разам з бацькамі думаюць, як зьехаць з краіны.
Хочацца спадзявацца, што недахоп працоўнай сілы — гэта той чыньнік, які прымусіць уладу больш асьцярожна ставіцца да масавых рэпрэсіяў, менш ціснуць на тых, хто працуе. Зь іншага боку, гэта будзе падвышаць кошт працоўнай сілы і рабіць беларускую прадукцыю даражэйшай, а ў выніку — неканкурэнтаздольнай.