- Вольгу Філатчанкаву затрымалі ў лістападзе 2020 году ў «справе студэнтаў».
- У ліпені 2021-га яе асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі.
- Пакараньне Філатчанкава адбывала ў Гомельскай калёніі № 4.
- У лістападзе 2022 году Вольга выйшла на волю і яшчэ больш за год заставалася ў Беларусі.
- У красавіку 2024-га стала вядома, што яе эвакуаваў BySol.
У інтэрвію Свабодзе Вольга Філатчанкава апісала свой дзень у калёніі, расказала пра разлуку з сынам і непаўналетняй дачкой, а таксама падзялілася сваім поглядам на тое, што варта рабіць для вызваленьня палітзьняволеных.
Па спэцыяльнасьці Вольга Філатчанкава — праграмістка, скончыла БДУІР. Жанчына мае дваіх дзяцей — малодшую Машу і старэйшага Івана. У 2017 годзе Вольга стала асыстэнткай катэдры праграмнага забесьпячэньня інфармацыйных тэхналёгій БДУІР.
Пра першы дзень на волі
«Мой стан можна было апісаць так, што нібыта мяне пыльным мехам па галаве ўдарылі, нібыта вата ў вушах. І трошкі не разумела, што адбываецца, было шмат людзей, якія хацелі мяне адразу пабачыць. Адчуваньне, што нібыта ці казка, ці сон. Столькі эмоцый адразу, што арганізм проста ня мог з гэтым справіцца. А на наступны дзень ужо было ўсё нармальна».
Як праходзіла адаптацыя да СІЗА і калёніі
«Гэта было даволі хутка. Адзіны выпадак, калі доўга адаптоўвалася, быў ужо ў калёніі, мяне перавялі з 4-га атраду ў 19-ы. Там мне ня вельмі падабалася, бо было шмат сапраўдных злачынцаў. І ўзровень атраду цалкам вельмі нізкі, маргінальны. Таму мне было няпроста прыстасавацца.
У чацьвёртым атрадзе сядзелі людзі паводле наркатычных артыкулаў. І раней была лякалізацыя „наркаманаў“, іх трымалі асобна, ніякія іншыя артыкулы зь імі не сядзелі. А за год, як я трапіла ў калёнію, такую лякалізацыю адмянілі, патрошку туды сталі трапляць людзі зь іншымі артыкуламі. У цэлым наркаманы, калі яны не ўжываюць гэтыя страшэнныя рэчывы, яны збольшага нармальныя людзі. І адукаваныя там былі. Таму тут мне спатрэбіўся тыдзень-два на адаптацыю; я лічу, што гэта доўга».
«Я была з усімі і ні з кім. Магла паразумецца з кожным, але з такімі людзьмі гаворыш пра надвор’е, нешта бытавое. Вядома, нейкіх задушэўных гутарак мы з такімі людзьмі не вялі, таму што яны маглі пасьля пайсьці расказаць апэратыўніку. За такімі, як мы, сачылі і „пастуквалі“.
Чацьвёрты атрад адрозьніваўся ад 19-га тым, што там ня так моцна „пастуквалі“. У 19-м нават падумаць не пасьпееш пра тое, што хочаш зрабіць, а пра гэта ўжо могуць данесьці».
Пра 2020 год і ўрок на ўсё жыцьцё
«Я сумленны чалавек, вядома, не магла застацца ў баку. Асабліва калі супраць мірных людзей ужылі гвалт.
У маім дзяцінстве быў выпадак, калі я аднойчы паднесла запалку да павучка, па дурасьці, і яго падпаліла. Ведаеце, мне дагэтуль сорамна. Не магу сабе гэтага прабачыць, што я адняла жыцьцё ў жывой істоты, якая мне ніяк не пагражала. Вось камар, калі ён мяне кусае, то тады так, забіваю. Калі лятае, не кранаю. Гэта быў такі ўрок для мяне ў дзяцінстве. Нельга забіваць, камусьці шкодзіць — гэта няправільна».
«За што мы ўвогуле змагаліся? За свабоду выбару, слова, думкі. Я лічу, што кожны чалавек мае на гэта права. Калі яны лічаць, што Лукашэнка ва ўладзе, — гэта добра, то гэта іхнае меркаваньне. Не магу прымушаць яго зьмяніць, магу пагутарыць і паказаць нейкія факты, але рашэньне за імі. На тое яна і дэмакратыя».
Ператрус і думкі пра дзяцей
«У той момант я нават не думала, што яны нешта канкрэтнае шукаюць. Вобшук адбываўся нармальна, не пераварочвалі кватэру. Як я потым ужо зразумела, яны шукалі доказы майго ўдзелу ў студэнцкіх пратэстах. Але ў іх ужо ўсё было. Яны забралі тэхніку і чамусьці папку назіральніка на выбарах. Потым яе аддалі — і зноў забралі.
Падчас вобшуку Маша была ў школе, а Ваня дома. Ён спужаўся. Потым нават хадзіў да псыхатэрапэўта, антыдэпрэсанты піў і цяглічныя рэляксанты. Ад стрэсу здарыліся цяглічныя зацісканьні».
«Яны мне нармальна паказалі „корачкі“ (пасьведчаньні супрацоўнікаў КДБ. — Рэд). Думаеце, я прачытала? Не. Пра тое, што вязуць у КДБ, даведалася, калі мы прыехалі. Была адпаведная шыльда. Падумала яшчэ тады, што КДБ — гэта па-багатаму. Усе думкі былі пра тое, як зрабіць больш бясьпечным жыцьцё маёй Машы. Тады зрабіла даверанасьць на бацькоў і на Ваню, каб яны маглі яе забіраць са школы».
«Я выходзіла, каб дзеці маглі жыць у вольнай краіне. Калі былі пратэсты, сталі затрымліваць студэнтаў, а Ваня ўжо тады вучыўся ва ўнівэрсытэце, таксама я хацела, каб ён спакойна мог хадзіць і не баяцца, што яго затрымаюць. Я адчувала, што нясу адказнасьць за сваіх студэнтаў, і як я магла застацца ў баку? Да таго ж яны проста выходзілі на прыступкі, нічога супрацьзаконнага не рабілі. Нават прыходзілі туды на перапынках, не прапускалі заняткаў».
Як знутры выглядае СІЗА КДБ
«Круглы будынак, па коле на другім паверсе 18 камэр. Там вельмі тоўстыя сьцены і ўражаньне такое, што яны памятаюць усё, што там адбывалася.
Наша камэра была маленькая, разьлічана на трох чалавек. З аднаго боку там двухпавярховы ложак, а з другога нары, прыкручаныя да сьцяны. Яны вышэйшыя, чым ложак. Я трапіла ў гэтую камэрай чацьвёртай, мне далі „тапчан“, яго паставіла пад ложак. І маё месца было там.
У камэры дзьве дзяўчыны былі „эканамічныя“ (іх затрымалі паводле „эканамічнага“ артыкулу. — Рэд.), а яшчэ адна — Яна Арабейка, якая разам са мной праходзіла ў справе».
«Спачатку, калі мяне павезьлі ў КДБ, пра справу мне ніхто не казаў. Яны прасілі расказаць штосьці, а я проста адказвала, што не рабіла нічога супрацьзаконнага. А пра саму справу я даведалася з тэлевізара».
Пра сукамэрніц Андрэеву і Шарко
«Кацярына Андрэева (палітзьняволеная журналістка „Белсату“. — Рэд) ня вельмі працяглы час была на Валадарцы перад судамі і трошкі пасьля. Мы сядзелі разам. Усе спадзяваліся, што гэта ня будзе пазбаўленьне волі. Калі ў ёй адбыўся прысуд — ён быў усім нам. Тады стала зразумела, што тэрмін дадуць усім, і гэта будзе калёнія, а не якая-небудзь „хімія“. І для яе, і для нас час судоў быў вельмі цяжкі. Але стараліся падтрымліваць адна адну і не раскісаць.
Сядзела таксама з Алай Шарко (праграмная дырэктарка „Прэс-клюбу“. — Рэд). Цяпер мы сябруем на ўсё жыцьцё. Шмат з кім сядзела, але ня ўсіх я магу згадваць, бо яны не ў бясьпецы».
Пра танцы, маляваньне ў СІЗА і віншаваньне дачкі з днём народзінаў
«Танцамі я займаюся з трох гадоў: бацькі аддалі, каб маю энэргію куды-небудзь выкінуць, бо адпачнуць, калі я побач, не было як. Так пайшло і далей па жыцьці. Гэта былі народна-сцэнічныя танцы. Недзе сем гадоў таму трапіла да людзей, якія выкладалі традыцыйныя народныя танцы. Паколькі досьвед у танцах у мяне вялікі, я добра запамінаю рухі. Я шмат чаго ўспомніла ў СІЗА, мы там танчылі».
«Маляваць пачала ў СІЗА. Хацелася неяк зьдзівіць маю дачушку, нешта падарыць на дзень нараджэньня. У мяне атрымалася зь яе фатаздымка намаляваць партрэт. Хаця раней я зусім не ўмела, домік і кветачка былі маёй стольлю. Да таго ж Ала Шарко ўмее маляваць, яна мне падказала трошачкі.
Паслала партрэт Машы. І потым як пайшло! Недзе 47 штук намалявала за ўвесь гэты час. Ведаеце, калі нешта робіш і атрымліваецца, гэта зарад пазытыву адразу, і калі ты такога раней не рабіў і думаў, што ня можаш, то таксама задавальняе — і ўздым».
«12 ліпеня 2021 году ў нас на судзе было апошняе слова. А ў маёй Машы дзень народзінаў 15-га. У апошнім слове я павіншавала яе з народзінамі, гэта запісалі на дыктафон і далі ёй паслухаць. Думала яшчэ, што толькі б не 15 ліпеня судзьдзя агучвала прысуд. Выдыхнула, калі сказалі, што 16».
«Спачатку Машы сказалі, што я ў камандзіроўцы. А калі пачаліся суды, тады ўжо агучылі, як ёсьць. Да таго ж пасьля суду павінна было быць спатканьне. А як яна пойдзе, калі ня ведае, дзе я? А я хацела, каб яны прыйшла, гэта было важна і для яе, і для мяне.
Думаю, што яна нават нейкую палёгку адчула, калі даведалася, дзе я, бо жывая і здаровая. Паштоўкі яе даходзілі разам зь лістамі бацькоў».
Як праходзіў дзень у калёніі
«Уставалі а 6-й ранку. За 20 хвілін трэба было пасьпець умыцца, заварыць каву (калі пашчасьціць), апрануцца, прыбраць ложак. Але ня проста пакласьці коўдру, а зрабіць „канвэрцік“, каб усё было нацягнута, як у арміі.
Палітычныя сьпяць на другім паверсе. І такое рабіць на ім ня вельмі зручна. Паколькі я куру, то мне яшчэ гэты час трэба было ашчадзіць на курэньне. Потым пастраеньне, каб ісьці ў сталоўку. Туды павінны былі ісьці ўсе, нават калі ты ня сьнедаеш (а я гэтага не раблю ў звычайным жыцьці), таму што перамяшчаліся толькі ўсім атрадам. Пасьля 5-10 хвілін вольнага часу, пасьля нас „чыталі“: гавораць прозьвішча, і трэба было зрабіць крок наперад, назваць імя і імя па бацьку. Потым кантралёры лічылі — і мы ішлі на працу. Здаецца, гэта была мая самая доўгая дарога на працу: ісьці 300 мэтраў, а ўсё гэтае пастраеньне займала каля 40 хвілін.
Пасьля абед, зноў пастраеньне са сталоўкі. Таксама шмат часу займае. Па вяртаньні з працы запускаюць па адным атрадзе. Часам прапускаюць проста так, а бывае, праводзяць шмон.
Адразу па вяртаньні пачынаецца „Вэктар“, гэта мясцовае тэлебачаньне. Усе павінны сядзець у актавай залі. У клюбе працуюць дзьве-тры зьняволеныя, якія ставілі запісы. Гэта магла быць нават не прапаганда, а нейкія здымкі з былых мерапрыемстваў, якія праходзілі ў калёніі. А маглі і пра вайну штосьці ставіць. Па „Вэктары“ любілі круціць інтэрвію палітычных, якія „раскаяліся“. Мне прапанова наконт інтэрвію была, але я пра гэта ня вельмі хачу расказваць. Яно ня выйшла ў выніку. Я проста ўсё шчыра расказвала, а што ж, хлусіць буду?»
«Вольнага часу там няшмат, таму што ёсьць іншыя работы: дзяжурствы, чыстка гародніны, прыбіраньне тэрыторыі, рэжымнае мерапрыемства — лазьня раз на тыдзень, лекцыі ў клюбе, званкі. Бывала, што начальнікі атрадаў таксама праводзяць размову на нейкую тэму. Калі цікава, можна схадзіць, але часьцей на такое зганяюць, бо большасьці там увогуле нічога не цікава.
Мне не было забаронена хадзіць у клюб, як многім іншым палітычным. Я карысталася гэтай магчымасьцю, бо абстрагуесься ад асяродзьдзя. Удзельнічала ў мерапрыемствах, конкурсах, хаця некаторыя палітычныя называлі такое „танцамі на касьцях“. А я лічу, што калі я магу нейкае сьвятло прынесьці людзям, то павінна гэта рабіць. На Новы год, 2021/2022, мы зрабілі традыцыйныя Каляды. Гэта зрабіла ўражаньне нават на „алімэнтніц“. Падыходзілі і казалі, што „як у бабулі ў вёсцы“».
«Выходны ў нас быў нядзеля. Але таксама была дадатковая праца. Нашыя рэчы захоўваліся ў паштовых скрынях. І, каб прыбрацца ў іх, выбіралі нядзелю, каб спакойна пакапацца, раскласьці. У гэты дзень спакойна можна было штосьці прыгатаваць, спакойна папіць кавы».
Што дэмакратычныя сілы могуць рабіць для вызваленьня палітзьняволеных
«Адразу вызваліць усіх немагчыма, калі падыходзіць да гэтага пытаньня рацыянальна. Але калі ёсьць магчымасьць вызваляць хоць кагосьці, то трэба гэта рабіць. Гэта маё меркаваньне як чалавека, які там быў і ведае большасьць настрояў там.
Ёсьць асобныя людзі, якія кажуць, што будуць сядзець, пакуль там не памруць, але іх меншасьць. Усе хочуць дадому. І калі станавіцца ў позу і казаць, што „ці ўсіх, ці нікога“, то я лічу, што гэта не зусім правільная пазыцыя. Калі можна неяк дамовіцца, кулюарна ці не, то трэба дамаўляцца».
Пра стаўленьне да змарнаванага за кратамі часу
«Безумоўна, у мяне ёсьць шкадаваньне, што я ня бачыла, як расьце мая дачка. На той момант ёй было 7 гадоў, яна хутка мянялася, і я гэтага ня бачыла. Не магла абняць сваіх родных, сяброў. Гэта таксама шкада. Але я магу сапраўды сказаць, што гэта быў досьвед. Некаторыя штуковіны, маляваньне напрыклад, дазволілі мне даведацца больш пра сябе, пра свае магчымасьці. Добра, што я гэта вытрымала без асаблівых пашкоджаньняў для арганізма. І самае галоўнае — я пазнаёмілася з найцудоўнейшымі людзьмі, якія цяпер мае сябры на ўсё жыцьцё. Таксама адчула вельмі моцную падтрымку неабыякавых людзей. І насамрэч я такая шчасьлівая, мне трапляюцца добрыя людзі на шляху. З усімі імі падтрымліваю сувязі, бо людзі — гэта галоўнае».