Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён быў настаўнікам у беларускай школе». Хто зь вядомых замежных палітыкаў мае сувязі зь Беларусьсю


Аляксей Арастовіч, украінскі палітык
Аляксей Арастовіч, украінскі палітык

Сьвятлана Ціханоўская нядаўна перадала колішняму прэм’ер-міністру Грэцыі Георгіясу Папандрэў матэрыялы пра ягонага беларускага прадзеда. Паглядзелі, хто яшчэ з замежных палітыкаў мае беларускія карані альбо зьвязаны зь Беларусьсю.

Пра тое, што карані ў Беларусі мае вялікая колькасьць ізраільскіх дзяржаўных дзеячоў, пісалі ня раз. Аднак палітыкі ня толькі гэтай краіны могуць знайсьці згадкі пра сваіх родных у беларускіх архівах. Расказваем пра польскіх, амэрыканскіх, расейскіх і ўкраінскіх.

Аляксей Арастовіч

Былы пазаштатны дарадца офіса прэзыдэнта Ўкраіны (1 сьнежня 2020 – 17 студзеня 2023)

Аляксей Арастовіч
Аляксей Арастовіч

Ягоны бацька Мікалай быў афіцэрам. Нарадзіўся ў вёсцы Рабак Слуцкага раёну, лічыў сябе беларусам польскага паходжаньня, хадзіў у школу ў суседнюю вёску Сорагі. Там Аляксей правёў шмат часу ў дзяцінстве. Апошні раз былы дарадца Зяленскага быў у Слуцку ў свае 11-12 гадоў. Перастаў прыяжджаць у Беларусь, калі памерла бабуля. У канцы 2023 году Арастовіч заявіў, што будзе балятавацца ў прэзыдэнты Ўкраіны.

Ярослаў Качыньскі

Былы прэм’ер-міністар Польшчы (14 ліпеня 2006 – 16 лістапада 2007), кіраўнік польскай партыі «Права і справядлівасьць»

Ярослаў Качынські
Ярослаў Качынські

Меў брата-блізьнюка Леха Качыньскага. Той быў прэзыдэнтам Польшчы ў 2005–2010 гадах, трагічна загінуў падчас авіякатастрофы ў Катыні ў 2010 годзе.

Бацька Ярослава і Леха Раймунд Качыньскі нарадзіўся на тэрыторыі Польшчы ў горадзе Граева. Аднак калі Раймунду было 5 гадоў, ягоная сям’я на 12 гадоў пераехала ў Баранавічы. Бацька Раймунда Аляксандар стаў тады начальнікам экспэдыцыі чыгуначнага вузла, а маці Францішка займалася нерухомасьцю. У Баранавічах малы Раймунд хадзіў у школу і пазьней у ліцэй імя Тадэвуша Рэйтана. Качыньскія мелі ў Баранавічах два дамы, вялікі сад, некалькі гектараў лесу. У 1939 годзе сям’я ненадоўга пераехала ў Берасьце дзеля бацькавай працы. Калі пачалася Другая ўсясьветная вайна, Качыньскія перабраліся ў Варшаву.

Аляксандар Квасьнеўскі

Трэці прэзыдэнт Польшчы (23 сьнежня 1995 – 23 сьнежня 2005)

Аляксандар Квасьнеўскі
Аляксандар Квасьнеўскі

Бабуля Аляксандра Квасьнеўскага па кудзелі (па матчынай лініі) мела беларускія карані. Ейнае прозьвішча было Якімовіч. Яна была праваслаўная беларуска. Ведала беларускую мову і на ёй гаварыла.

«Яна жыла разам з намі да сваёй сьмерці і дапамагала маме выхоўваць мяне і маю сястру», — расказваў раней Свабодзе Аляксандар Квасьнеўскі.

Бацька трэцяга прэзыдэнта Польшчы нарадзіўся ў Варшаве. Ён атрымаў атэстат сталасьці і павінен быў ісьці вучыцца ва ўнівэрсытэт, але пачалася Другая ўсясьветная вайна. Тады ён паступіў у Вільню, на мэдычны факультэт.

«Потым унівэрсытэт закрылі, і ён шукаў сабе працы. І ён быў настаўнікам у беларускай школе недзе на ўскраіне Беларусі. Мама нарадзілася ў Вільні, але з татам яна пазнаёмілася ўжо ў Польшчы, дзе я і нарадзіўся», — казаў Квасьнеўскі.

Дзед Квасьнеўскага па прозьвішчы Балаш нарадзіўся ў Вільні.

Шыман Галоўня

Маршалак сэйму Польшчы 20-га скліканьня, лідэр грамадзкага руху «Польшча 2050»

Шыман Галоўня
Шыман Галоўня

Галоўня — адзін з самых яскравых і папулярных сёньня палітыкаў у Польшчы. Нарадзіўся ў Беластоку, за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Беларусі.

Палітык пісаў, што ягоны дзед па мячы (па бацькавай лініі) Вацлаў паходзіў з памежжа Горадзеншчыны і Беласточчыны. Са словаў унука, Вацлаў быў «геніяльным прадпрымальнікам».

«Я амаль яго ня памятаю. Ён памёр, калі мне было некалькі гадоў», — пісаў Шыман.

На пачатку жніўня 2020 году Галоўня апублікаваў відэазварот з заклікам выказаць салідарнасьць зь беларусамі, якія «сёньня змагаюцца за сумленныя і дэмакратычныя выбары ў сваёй краіне».

Анатоль Чубайс

Расейскі палітык з 1991 году

Анатоль Чубайс
Анатоль Чубайс

Нарадзіўся ў Барысаве Менскай вобласьці ў 1955 годзе. Ягоны бацька-масквіч быў вайскоўцам, таму сям’я часта пераяжджала. Анатоль вучыўся ў Ленінградзе, стаў кандыдатам эканамічных навук. З 1991 году займаў ключавыя пасады ў расейскай дзяржаве і дзяржаўных кампаніях. Быў адным з ідэолягаў і кіраўнікоў эканамічных рэформаў у Расеі 1990-х гадоў і рэформы расейскай электраэнэргетычнай сыстэмы ў 2000-х гадах.

Чубайс — адзін зь нешматлікіх эканамічных рэфарматараў 1990-х гадоў, якія заставаліся ва ўладзе. Яго лічаць «архітэктарам» расейскай прыватызацыі 1990-х. У 1991–1994 гадах ён быў кіраўніком Дзяржаўнага камітэту Расеі па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю, у 1992–1994 гадах — намесьнікам старшыні ўраду Расейскай Фэдэрацыі пры прэм’еру Віктару Чарнамырдзіну, затым кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта і міністрам фінансаў пры прэзыдэнту Барысу Ельцыну.

Пасьля 2020 году Чубайс меў дачыненьне да кампаніі, якая займалася вырабам вакцыны ад каранавірусу «Спутник V». Быў спэцыяльным прадстаўніком Пуціна па сувязях зь міжнароднымі арганізацыямі ў пытаньнях устойлівага разьвіцьця.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Чубайс адмовіўся ад сваёй пасады і зьехаў з Расеі ў Ізраіль. Паводле адной з вэрсій, ён гэта зрабіў празь нязгоду з вайной. Цяпер яму 68 гадоў.

Майкл Бэрнард Мукасі

81-ы генэральны пракурор ЗША (2007–2009), акруговы судзьдзя ЗША (1987–2006)

Ягоны бацька нарадзіўся пад Баранавічамі ў Беларусі (тады ў складзе Расейскай імпэрыі) і эміграваў у ЗША ў 1921 годзе. Майкл Бэрнард Мукасі нарадзіўся ў Нью-Ёрку, цяпер яму 82 гады. Вучыўся ў Калюмбійскім унівэрсытэце і ў Ейльскай юрыдычнай вучэльні. На пасаду генэральнага пракурора яго прызначыў Джордж Буш. Мукасі пакінуў пасаду пасьля заканчэньня прэзыдэнцкага тэрміну Буша. Працаваў судзьдзёй да 2006 году.

Майкл Чэртаф

Міністар нацыянальнай бясьпекі ЗША (2005–2009)

Вядомы сваёй актыўнасьцю супраць мігрантаў. Адзін з ключавых удзельнікаў ліквідацыі наступстваў урагану «Катрына». Займае пажыцьцёвую пасаду фэдэральнага судзьдзі Трэцяга акруговага апэляцыйнага суду ЗША ў Філядэльфіі. Нарадзіўся ў штаце Нью-Джэрзі. Цяпер яму 70 гадоў.

Ягоны дзед па бацьку, рабін Пол Чэртаф (Павал Чортаў), эміграваў з царскай Расеі, з тэрыторыі сучаснай Беларусі. Скончыў Гарвардзкі ўнівэрсытэт. Быў вядомым талмудыстам, як і ягоны сын Гершон Барух Чэртаф, бацька былога міністра нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG