Вашынгтон перакідвае ў блізкаўсходні рэгіён дадатковыя сілы ў сувязі з заявамі Тэгерану аб гатоўнасьці адказаць на нядаўні ўдар Ізраілю па іранскім консульстве ў Сырыі. «Мы перакідваем у рэгіён дадатковыя сілы, каб падтрымаць намаганьні дзеля рэгіянальнага стрымліваньня і ўмацаваць бясьпеку амэрыканскіх войскаў», — заявіў 13 красавіка прадстаўнік Пэнтагону.
Пры гэтым, як указвае Bloomberg, Вашынгтон мае намер актывізаваць «дыпляматычныя намаганьні дзеля ўтаймаваньня ваенных дзеяньняў». Раней прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн перасьцярог Іран ад нанясеньня ўдару ў адказ па Ізраілі. Ён дадаў, што Вашынгтон падтрымае Ізраіль і дапаможа яму абараняцца.
Паводле CBS, Ізраіль чакае нападу Ірану ў бліжэйшыя 24-48 гадзін. Мяркуецца, што напад будзе на поўдзень ці поўнач краіны. Пры гэтым крыніцы інфармацыйнага рэсурсу Axios адзначаюць, што іранскі напад будзе абмежаваным, каб не дапусьціць эскаляцыі сытуацыі ў рэгіёне.
Паводле інфармацыі нямецкага выданьня Bild, разглядаюцца два асноўныя варыянты нападу Ірану: мэтанакіраваны ўдар па канкрэтнай цэлі ў Ізраілі або за яго межамі ці шырокамаштабныя ракетныя абстрэлы ізраільскай тэрыторыі.
Начальнік штабу Арміі абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) Герцы Халеві адзначыў, што ізраільскія сілы гатовыя да любога сцэнару ў каардынацыі з войскам ЗША.
- Эскаляцыя ў рэгіёне пачалася пасьля таго, як 1 красавіка авіяцыя Ізраілю нанесла ўдар па консульстве Ірану ў Дамаску. У выніку абстрэлу загінулі сем чальцоў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, уключна зь некалькімі генэраламі. Пасьля гэтага духоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў, што «сіянісцкі рэжым будзе пакараны».
- Ізраіль спыніў працу адукацыйных установаў па ўсёй краіне — дзіцячых садкоў, ВНУ, школаў, дзіцячых лягераў. Новыя інструкцыі, якія дзейнічаюць да 15 красавіка, забараняюць зборы ў колькасьці больш за 1000 чалавек. У гарадах усяго Ізраілю пачалі адкрываць грамадзкія бамбасховішчы, паведамляюць мясцовыя паблікі.
- Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн тэрмінова вяртаецца ў Вашынгтон, каб абмеркаваць з камандай дарадцаў у нацыянальнай бясьпецы сытуацыю на Блізкім Усходзе. Пра гэта паведамілі ў Белым доме. Раней плянавалася, што прэзыдэнт ЗША правядзе выходныя ў штаце Дэлавэр.
- Ярданія вырашыла часова закрыць сваю паветраную прастору перад пагрозай нападу Ірану на Ізраіль.
- 13 красавіка іранскі спэцназ захапіў у Армускім праліве карабель пад сьцягам Партугаліі, які належыць ізраільскаму бізнэсоўцу. Ізраіль назваў тое, што здарылася, «пірацкай апэрацыяй злачыннага рэжыму».