Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CBS: Іран можа нанесьці маштабны ўдар па Ізраілі ў бліжэйшыя суткі


У Іране спальваюць сьцягі ЗША і Ізраіля, 5 красавіка 2024
У Іране спальваюць сьцягі ЗША і Ізраіля, 5 красавіка 2024

Іран можа нанесьці масіраваны ракетны ўдар па Ізраілі ў найбліжэйшыя суткі, паведамляе тэлеканал CBS са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе ЗША.

Паводле іх зьвестак, атака будзе накіраваная на вайсковыя мэты ў Ізраілі, і ў ёй могуць быць задзейнічаныя больш за 100 беспілётнікаў і дзясяткі ракет.

Магчымая атака стане адказам на ўдар Ізраіля па амбасадзе Ірана ў Дамаску 1 красавіка, калі загінулі сем чальцоў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), уключаючы высокапастаўленых афіцэраў.

На пахаваньні забітых чальцоў КВІР былы камандзір гэта фармаваньня генэрал Мохсэн Рэзаі заявіў, што рашэньне аб помсьце Ізраілю прынятае і абавязкова будзе выкананае. Адпомсьціць за атаку абяцаў вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі.

Дзярждэпартамэнт ЗША ў чацьвер абнародаваў перасьцярогу для амэрыканцаў, якія знаходзяцца ў Ізраілі, параіўшы ім не выяжджаць за межы вялікіх гарадоў, якія лепш абароненыя сыстэмамі СПА. Супрацоўнікам дыпляматычных ведамстваў у краіне загадана чакаць распараджэньняў падчас зьмены сытуацыі.

Таксама многія краіны сьвету, у тым ліку ЗША, Францыі, Польшча, Індыя і Расея, раяць сваім грамадзянам устрымацца ў бліжэйшы час ад паездак у Ізраіль.

Вайсковыя экспэрты, апытаныя CBS, лічаць, што ізраільскай супрацьпаветранай абароне будзе складана адбіць атаку меркаванага маштабу. Паводле іх прагнозаў, магчымыя значныя разбурэньні і ахвяры, што прывядзе да рэзкай эскаляцыі канфлікту паміж Ізраілем і Іранам.

У той жа час камандуючы Генштабу войска Ізраілю (ЦАХАЛ), генэрал Херцл Халеві заявіў, што ЦАХАЛ гатовы сустрэць любую пагрозу і цалкам гатовы да любых дзеяньняў — як абарончых, гэтак і наступальных.

У чацьвер у Ізраіль прыбыў кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня войскаў ЗША Майкл Курыла. Ён сустракаецца з міністрам абароны Ізраілю Ёавам Галантам і вышэйшым камандаваньнем ЦАХАЛ. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сераду заявіў аб гатоўнасьці абараняць Ізраіль «з жалезнай рашучасьцю».

Раней ананімная крыніца, блізкая да амэрыканскай выведкі, паведаміла агенцтву Bloomberg, што пытаньне больш не ў тым, ці нападзе Іран на Ізраіль, а ў тым, калі гэта здарыцца. Ізраіль заяўляў аб гатоўнасьці адказаць на ўдар Ірана, у выніку чаго ўзрасла б імавернасьць рэгіянальнай вайны, зазначаецца ў публікацыі выданьня The Guardian.

Амэрыканскія афіцыйныя прадстаўнікі лічаць, што такая імавернасьць зараз вышэйшая, чым калі-небудзь з пачатку нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка летась.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG