Пра асноўныя зьмены, якія ў выпадку прыняцьця набудуць моц з 2026 году, піша агенцтва AFP:
Памежная фільтрацыя
Новы Пакт ЭЗ аб прытулку і міграцыі прадугледжвае, што мігранты, якія нелегальна ўяжджаюць у ЭЗ, будуць праходзіць вэрыфікацыю асобы, праверку стану здароўя, праверкі бясьпекі, а таксама даваць свае біямэтрычныя зьвесткі — твару і адбіткі пальцаў, што можа заняць да 7 дзён. Да дзяцей будзе асаблівае стаўленьне.
Працэдура накіравана на тое, каб вызначыць, якія мігранты павінны атрымаць паскораную або звычайную працэдуру падачы заявы аб наданьні прытулку, а якіх трэба накіраваць назад у краіну паходжаньня або транзыту.
Аптымізаваная праверка
Кейсы асобаў, якія шукаюць прытулку з больш нізкімі шанцамі на атрыманьне статусу абароны (чые заявы аб наданьні прытулку ў сярэднім адхіляюцца як мінімум у 80% выпадкаў), будуць разглядаць хутчэй. У гэтую катэгорыю ўваходзяць грамадзяне такіх краін, як Туніс, Марока і Банглядэш.
Іх заяўкі будуць апрацоўваць у цэнтрах каля «вонкавых межаў» ЭЗ (у асноўным сухапутныя межы і парты), каб іх можна было хутка адправіць назад, калі іх запыт будзе прызнаны неабгрунтаваным ці непрымальным. Для гэтага спатрэбяцца цэнтры часовага ўтрыманьня (у іх могуць знаходзіцца да 30 тысяч чалавек), хаця можна выкарыстоўваць і альтэрнатыўныя меры, такія як утрыманьне ў жылых дамах.
Мэханізм салідарнасьці
Прынцып адказнасьці першай краіны (згодна зь ім, краіна, у якую мігрант трапляе ўпершыню, адказвае за разгляд ягонай справы) будзе захаваны, але з дадатковымі крытэрамі, якія могуць перанесьці дасье чалавека, што шукае прытулку, у іншую краіну ЭЗ.
Абавязковы мэханізм салідарнасьці абавяжа дзяржавы – чальцы ЭЗ прымаць пэўную колькасьць мігрантаў, якія шукаюць прытулку, або замест гэтага плаціць штогадовую фінансавую кампэнсацыю ў памеры 600 мільёнаў эўра ці рабіць іншыя матэрыяльныя і кадравыя ўнёскі. Сама меней 30 тысяч мігрантаў у год, якія шукаюць прытулку, трапяць пад гэтую сыстэму перамяшчэньня.
Рэакцыя на ўсплёск міграцыйных плыняў
Прадугледжвае экстранае рэагаваньне ў выпадку нечаканых міграцыйных усплёскаў, якое дазволіць дзяржавам – сябрам ЭЗ аслабіць абарону просьбітаў прытулку, што дазволіць утрымліваць іх даўжэй, чым звычайна дазваляецца, у цэнтрах часовага ўтрыманьня на зьнешніх межах ЭЗ. Таксама ў ЭЗ хочуць заняцца «інструмэнталізацыяй» міграцыйных плыняў зьнешнімі краінамі. Так, Беларусь і Расею абвінавачваюць у стварэньні міграцыйнага крызісу на межах ЭЗ з мэтай яго дэстабілізацыі.
«Бясьпечная трэцяя краіна»
Заява аб атрыманьні прытулку ад нелегальнага мігранта, які прыехаў у ЭЗ праз краіну, якая лічыцца дастаткова «бясьпечнай», каб падаць там запыт аб абароне, можа быць адхіленая. Але для гэтага неабходна ўсталяваць дастатковую «сувязь» паміж чалавека, які шукае прытулку, і краінай транзыту.
У 2023 годзе колькасьць запытаў аб наданьні прытулку ў краінах ЭЗ склала 1,14 мільёна, што зьяўляецца самым высокім узроўнем з 2016 году, калі Эўразьвяз сутыкнуўся з усплёскам міграцыі: у 2015-2016 гадах больш за два мільёны шукальнікаў прытулку трапілі ў ЭЗ, многія зь іх — з разбураных войнамі Сырыі і Афганістану.
Беларускія ўцекачы ў Эўразьвязе
- У 2023 годзе 5616 беларусаў падалі заяўку на атрыманьне міжнароднай абароны ў 27 краінах Эўразьвязу, а таксама Швайцарыі і Нарвэгіі.
- Зь іх амаль 5180 чалавек зрабілі гэта ўпершыню, сьведчаць зьвесткі Агенцтва ЭЗ у пытаньнях прытулку.
- Станоўчыя рашэньні на канец году былі вынесеныя ў 81% выпадкаў, яшчэ частка заявак знаходзіліся на разглядзе.
- Часьцей за ўсё беларусы зьвярталіся па міжнародную абарону да ўладаў Польшчы, Нямеччыны і Літвы.
- Пасьля 2020 году колькасьць беларусаў, якія зьвяртаюцца падаюць заяўкі на атрыманьне міжнароднай абароны, вырасла ў разы: у 2019-м колькасьць першых заявак на прытулак у ЭЗ не перавышала тысячы, у 2023-м яна ўпершыню дасягнула 5 тысяч.