Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі на плято. Тлумачэньне сацыёляга Коршунава


Як мяняецца інтэнсіўнасьць палітычных рэпрэсіяў, ці можна яе вымераць? Што азначае той факт, што ўжо працяглы час колькасьць палітвязьняў у Беларусі вагаецца каля лічбы 1500? Ці мянялася рэпрэсіўная палітыка ў сувязі з увядзеньнем новых санкцыяў?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, сацыёляг, дасьледчык рэпрэсіяў у Беларусі Генадзь Коршунаў.

— Генадзь, вы раз на квартал робіце справаздачу пра дынаміку палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. У вашых справаздачах фігуруе шмат паказьнікаў інтэнсіўнасьці рэпрэсіяў (колькасьць палітвязьняў, штрафаў, адміністрацыйных арыштаў, экстрэмісцкіх фармаваньняў і матэрыялаў, асобаў, датычных да тэрарызму, ліквідаваных НДА і г.д.) Якія зь лічбаў, на ваш погляд, самыя важныя? Наколькі іх дынаміка сынхронная?

Генадзь Коршунаў
Генадзь Коршунаў

— Узважыць значнасьць гэтых паказьнікаў даволі складана. Складана яшчэ і таму, што гэта ня проста сухія лічбы — гэта лёсы людзей. Калі гаварыць пра дынаміку, то яна ў розных паказьнікаў розная. Дадзеныя за першы квартал 2024 году яшчэ не апрацаваныя. Але ў 2023 годзе колькасьць адміністрацыйных справаў расла ад квартала да квартала. А колькасьць крымінальных справаў — хутчэй зьніжалася. Тое самае мы можам сказаць і пра колькасьць палітвязьняў: цягам мінулага году яна паступова зьніжалася.

А што да колькасьці ліквідаваных НДА і колькасьці экстрэмісцкіх фармаваньняў, то яны расьлі ўсё большымі тэмпамі.

— Чаму фактычна з канца 2022 году застаецца амаль нязьменнай колькасьць палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю — прыкладна 1500? Ясна, што нехта вызваляецца, адбыўшы пакараньне (канчаюцца тэрміны тых, каго асудзілі на год-два), а новых саджаюць. Але чаму балянс гэтых колькасьцяў не мяняецца? Гэта выпадкова ці гэта сьвядомае рашэньне ўлады? Вы, аналізуючы дадзеныя па рэпрэсіях, у верасьні летась пісалі пра «своеасаблівае плято». Дык плято ці не плято? І калі плято, то пра што гэта сьведчыць?

— Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», лічбу ў 1400 палітвязьняў Беларусь перасягнула ў кастрычніку 2022 году. Ужо ў красавіку 2023 году стала 1500. У траўні 2023 году быў дасягнуты максымум — 1525 палітвязьняў. Але з восені 2023 году іх колькасьць пачала зьніжацца. Лічба на сёньня, на 3 красавіка 2024 году, — 1393.

У параўнаньні зь пікам мы маем зьніжэньне на 10 працэнтаў.

У 2021 годзе колькасьць палітвязьняў расла выбухова. Тады былі прызнаныя палітвязьнямі 797 чалавек, у 2022-м — 889, у 2023-м — 640. За першы квартал бягучага году палітвязьнямі былі прызнаныя 99 чалавек.

Колькасьць палітвязьняў сапраўды пачала зьніжацца. І гэта мае натуральнае тлумачэньне ў тым, што ў ладнай часткі палітзьняволеных тэрміны былі адносна невялікія.

Напрыканцы мінулага году праваабаронцы пачалі надаваць новы статус тым, хто ўжо вызваліўся, — «былы палітвязень».

У 2023 годзе зьмяніўся фармат рэпрэсіяў, набор артыкулаў, якія сталі часьцей ужывацца сілавікамі. Замест крымінальнай часьцей сталі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці.

З аднаго боку, навідавоку плято рэпрэсіяў, зь іншага — улады пачалі мяняць інструмэнты рэпрэсіяў, акцэнт зрушыўся з крымінальнага перасьледу на масавае запалохваньне пратэставай, прадэмакратычнай часткі грамадзтва.

— Ці можна сказаць, што пераважная частка рэпрэсіяў, новых фактаў перасьледу — за ўдзел у пратэстах 2020 году?

— Вялікая частка спраў — і за выказваньне сваёй думкі цяпер. Улады спрабуюць прадэманстраваць, што ўся мэдыясфэра — і сацыяльныя сеткі, і блогеры — пад пільным кантролем.

Так, шмат справаў за ўдзел у пратэстах 2020 году. Але не спыняюцца рэпрэсіі і за выказваньні адносна вайны і адносна розных гучных падзеяў, такіх як сьмерць кагосьці зь сілавікоў ці тэракт у суседняй Расеі. На гэта рэакцыя імгненная.

Вось гэта два асноўныя матывы, паводле якіх ужываюцца рэпрэсіі — удзел у падзеях 2020 году і цяперашнія выказваньні ў сацсетках.

— Ваш тэрмін «плято» адносна колькасьці палітвязьняў — ці адзначае ён, што ўзровень рэпрэсіяў стабілізаваўся? Ці паводле іншых паказьнікаў іх махавік набірае абароты?

— Ён круціцца. Але яго кручэньне выйшла на стабільны ўзровень. Або так гэта і было заплянавана, або ўзмацняць рэпрэсіі выходзіць занадта дорага.

— Але сьпісы, скажам, экстрэмісцкіх фармаваньняў ці тэрарыстаў — яны, я так разумею, не скарачаюцца, а толькі пашыраюцца?

— Так, за рэдкімі выключэньнямі — не скарачаюцца. Але летась, як я казаў, павялічвалася ня толькі колькасьць экстрэмісцкіх фармаваньняў, але і тэмп іх прыросту.

— Ці ёсьць сувязь паміж увядзеньнем новых санкцыяў і інтэнсіўнасьцю рэпрэсіяў (наўпрост ці з лагам)? Або такой сувязі наагул няма? У 2022 годзе ЭЗ прыняў 6 пакетаў санкцыяў, у 2023-м — адзін.

— Я не казаў бы пра шчыльную сувязь гэтых зьяваў. На дынаміку рэпрэсіяў уплывае шмат фактараў, сярод якіх санкцыі — зусім ня першы. Больш уплываюць унутрыпалітычныя чыньнікі — сытуацыя з вайной, а таксама ўнутраная лёгіка рэжыму.

Махавік рэпрэсіяў раскруцілі, ладную частку ўлады аддалі сілавікам, якія рэалізуюць рэпрэсіі. Яны маюць пляны, існуе канкурэнцыя паміж сілавымі ведамствамі. Гэтыя чыньнікі вызначаюць дынаміку рэпрэсіяў у большай ступені, чым зьнешнепалітычныя, і санкцыі — у тым ліку.

— Перад выбарамі 2024 году ўлады напампоўвалі страхі — маўляў, апазыцыя падчас галасаваньня зладзіць забурэньні. Гэта напампоўваньне — ці адбілася яно на дынаміцы рэпрэсіяў, ці суправаджалася яно ўзмацненьнем рэпрэсіяў? Раней, у значна больш вэгетарыянскія часы, звычайнай практыкай былі прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў напярэдадні выбараў.

— Прэвэнтыўныя рэпрэсіі перад сёлетнімі выбарамі таксама былі. Але раней, сапраўды, былі прэвэнтыўныя затрыманьні і адміністрацыйныя арышты пераважна палітычных актывістаў, якія сілавікам былі збольшага вядомыя. Цяпер таксама пайшлі па актывістах, але гэта былі хутчэй папярэджаньні.

Але, зь іншага боку, вельмі моцна ўдарылі па сувязях грамадзтва ў краіне з замежжам, з дыяспарай. Найперш ідзецца пра ініцыятыву дапамогі сем’ям палітвязьняў IneedHelpBy. Каля 250 чалавек трапілі пад хапун. Людзей хапалі за тое, што яны атрымлівалі дапамогу з-за мяжы.

Гэта можна разглядаць як дадатковы ціск на палітвязьняў і іх семʼі. Але тут бачная і тэндэнцыя крыміналізацыі любых сувязяў паміж тымі, хто застаўся ў краіне, і тымі, хто зьехаў.

І гэта — частка новага этапу рэпрэсіяў, абвастрэньня барацьбы з дыяспарай. Гэта шырокі фронт — і атакі на рэсурсы дэмакратычных сілаў, і збор інфармацыі нават пра шараговых актывістаў дыяспары.

Але ўласна выбары сталі хутчэй трыгерам, а не прычынай гэтых новых рэпрэсіўных практык.

— Намэнклятура, людзі зь дзяржапарату — ці трапляюць яны пад рэпрэсіі? Усім памятная практыка сталінскіх рэпрэсіяў: напачатку пад іх траплялі апанэнты камуністычнай улады, потым — звычайныя грамадзяне, а потым дайшла чарга і да прадстаўнікоў самога рэжыму, у тым ліку і яго рэпрэсіўнага апарату. Напрыклад, даваенныя кіраўнікі НКВД Беларусі — Закоўскі, Ляплеўскі, Малчанаў, Берман, Наседкін — усе былі расстраляныя напрыканцы 30-х гадоў.

Ці бачныя прыкметы падобнага сцэнару ў цяперашняй рэпрэсіўнай практыцы?

— Не. Быў шэраг антыкарупцыйных справаў, іх было асабліва шмат мінулай восеньню. Я іх разглядаю хутчэй як прапагандысцкае суправаджэньне электаральнай кампаніі, адрасаванае «ябацькам». Але такое пад выбары здаралася і раней.

Але каб рэпрэсіўная машына пачала пажыраць сама сябе і сваіх выканаўцаў — такога мы не назіраем.

— Ці можна вызначыць нейкія абмежавальнікі для рэпрэсіяў у беларускіх уладаў? Ці могуць гэтыя рэпрэсіі стаць такімі ж, як у Мʼянме ці Іране, дзе людзей публічна забівалі сотнямі? Нядаўна ОНТ паказала стужку «Зачыстка» пра беларусаў, якія нібыта супрацоўнічалі з украінскімі спэцслужбамі. У канцы стужкі гаворыцца, што такіх чакае адно — ліквідацыя.

— У нас ужо юрыдычна пашыраная колькасьць артыкулаў КК, паводле якіх прадугледжанае сьмяротнае пакараньне. З той інфармацыі, якую мы атрымліваем з-за кратаў, там насамрэч ідзе павольнае забіваньне людзей. Гэта адбываецца і праз адмову ў мэдычнай дапамозе, і праз стварэньне катавальных умоваў утрыманьня.

Паступіла інфармацыя, што ў Сьцяпана Латыпава цынга. У ХХІ стагодзьдзі яна можа ўзьнікнуць толькі тады, калі такія ўмовы ствараюцца штучна, каб давесьці чалавека да сьмерці.

Прыйшла інфармацыя, што ў месцах зьняволеньня пашыраецца кароста. І зноў жа — гэта ў ХХІ стагодзьдзі. Абмяжоўваюцца мэдычныя перадачы, адмаўляюцца аказваць мэдычную дапамогу, даваць неабходныя лекі. Гэта не публічны расстрэл, але гэта стварэньне ўмоваў, каб людзі там паміралі.

І гэта — пытаньне пра плято рэпрэсіяў. Тое, што адбываецца за кратамі, практычна немагчыма неяк алічбаваць, падлічыць, параўнаць зь іншымі чыньнікамі.

Дадзеныя ў табліцы прадстаўленыя ў адсотках да папярэдняга кварталу, першы квартал 2023 году ўзяты за пункт адліку

— Ці можна вызначыць трэнд у рэпрэсіўнай практыцы беларускага рэжыму? Ці можна чакаць, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2025 году Беларусь чакае абвастрэньне, паглыбленьне рэпрэсіяў?

— Да выбараў 2025 году я б не чакаў якіх-небудзь зьменаў рэпрэсіўнай палітыкі. У беларускай улады няма стымулаў нешта мяняць. Сытуацыю яны стабілізавалі. Сілавікі знаходзяць сябе новыя кірункі дзейнасьці, новыя франты, на якіх могуць дэманстраваць кіраўніцтву сваю карыснасьць. Зьнешніх стымулаў, якія б падштурхоўвалі мяняць сытуацыю, таксама не назіраецца.

Думаю, што непасрэдна перад выбарамі 2025 году ўлада зладзіць некалькі дэманстрацыяў, што яна моцная і ўсё трымае пад кантролем. Але ў цэлым я не чакаў бы нечага экстраардынарнага — ні ў бок узмацненьня ціску, ні ў бок яго зьмяншэньня. Тое плято, на якое мы выйшлі ў 2023 годзе, хутчэй за ўсё, будзе захоўвацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG