Грамадзянін Беларусі Алім Кашавараў, які быў паранены падчас тэрактe ў «Крокус Сіці Холе», памёр у Боткінскай лякарні ў Маскве.
Амбасада Беларусі ў Расее паведаміла, што грамадзянін Беларусі Алім Кашавараў, пацярпелы падчас тэракту ў Маскве, памёр у лякарні. Амбасада паведаміла, што Кашавараў атрымаў «шматлікія кулявыя раненьні» падчас тэракту.
Як паведамлялася раней, Алім Кашавараў з Бабруйску працаваў у ахове канцэртнай залі і адным зь першых апынуўся на шляху тэрарыстаў, бо знаходзіўся каля ўваходу.
Кашавараў паходзіў з Бабруйску, працаваў у Расеі
Як даведалася выданьне «Наша ніва», Алім Кашавараў раней жыў у Бабруйску, але доўгі час працаваў у Расеі.
У сьпісах пацярпелых у выніку тэракту ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі было пазначана, што Кашавараў Алім Ёсіфавіч дастаўлены гарадзкую клінічную лякарню імя Боткіна ў Маскве. У дакумэнце напісана, што яму 43 гады.
Таксама вядома пра тое, што загінуў яшчэ адзін ахоўнік з Беларусі, Вадзім Кулік.
Раней стала вядома пра сьмерць 45-гадовай Ганны Волкавай (да вясельля Сабалеўская), яна была родам зь Берасьця і прыяжджала ў Беларусь за некалькі дзён да сьмерці. Пару гадоў таму Ганна Волкава атрымала расейскае грамадзянства, але ад беларускага не адмовілася.
Увечары 22 сакавіка некалькі людзей у камуфляжнай форме адкрылі страляніну з аўтаматаў у канцэртнай залі, дзе мусіў адбыцца канцэрт расейскага рок-гурту «Пікнік». Потым адбыўся выбух і пачаўся моцны пажар. Пазьней над глядацкай заляй «Крокусу» абваліўся дах, ратавальнікі разьбіралі завалы. Да раніцы з «Крокуса» эвакуавалі ўсіх пацярпелых.
У выніку тэракту ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі, паводле апошніх афіцыйных зьвестак СК Расеі, загінулі сама меней 143 чалавекі. Міністэрства аховы здароўя Падмаскоўя апублікавала сьпіс з пацярпелымі ў выніку тэракту, сярод іх сямёра дзяцей.
Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу паводле артыкулу аб тэракце. 23 сакавіка дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў даклаў Пуціну пра нібыта затрыманьне 11 падазраваных у сувязі з нападам, сярод затрыманых — чацьвёра непасрэдных удзельнікаў тэракту.