Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра беларуску, якая загінула ў падмаскоўным тэракце


Ганна Волкава. Архіўнае фота
Ганна Волкава. Архіўнае фота

45-гадовая Ганна Волкава (да вясельля Сабалеўская), што загінула ў падмаскоўным тэракце 22 сакавіка, была родам зь Берасьця і прыяжджала ў Беларусь за некалькі дзён да сьмерці. Пра гэта «Люстэрку» расказаў блізкі беларускі.

Пару гадоў таму Ганна Волкава атрымала расейскае грамадзянства, але ад беларускага не адмовілася, расказаў Васіль, блізкі памерлай (яго імя зьменена дзеля бясьпекі).

Апошні раз Васіль размаўляў з Ганнай некалькі тыдняў таму. Яна якраз была тады ў Беларусі, тэлефанавала яму зь Берасьця. Напярэдадні трагедыі вярнулася ў Маскву і напісала Васілю, што прывезла з дому гасьцінцы. Той адказаў 21 сакавіка, што на выходныя прыедзе ў госьці.

Ганна і яе муж Міхаіл любілі хадзіць разам на розныя мерапрыемствы, і пятнічны канцэрт гурту «Пікнік» ня стаў выключэньнем. Дачка беларускі Анастасія расказвала выданьню «Известия», што жанчына вельмі хацела трапіць туды. У 20.16 Ганна тэлефанавала дачцэ, але тая не пасьпела зьняць слухаўку. Больш беларуска не адказвала, і пазьней дзяўчына даведалася, што яе бацькі загінулі.

Сужэнцы пазнаёміліся ў Менску, куды Ганна прыехала вучыцца на псыхоляга ў 1997 годзе. Да сустрэчы зь Міхаілам у яе ўжо былі адносіны і дачка, але ў дэталі Васіль паглыбляцца ня хоча. Кажа толькі, што знаёмства з расейцам зьмяніла жыцьцё беларускі.

У Менску яна знайшла свайго каханага чалавека, да якога ў 2008 годзе пераехала ў Маскву. Ён быў адтуль родам. Зь Міхаілам у Ганны ёсьць сумеснае дзіця, яму цяпер 13 гадоў. Жылі яны ў сваёй кватэры. Пару гадоў таму Ганна атрымала расейскае грамадзянства, але ад беларускага не адмаўлялася.

Мужу Ганны было 55 гадоў, па спэцыяльнасьці ён хімік-тэхноляг, дапамагаў наладжваць бровары. У вольны час захапляўся акварыюмістыкай, ствараў экасыстэмы для жыцьця розных рыб і земнаводных. Ганна ж у Расеі стала займацца дзіцячай і падлеткавай псыхалёгіяй, дапамагала бацькам наладжваць узаемаадносіны зь дзецьмі. Як расказвае Васіль, у яе быў свой кабінэт на Чыстых прудах.

Бацькі Ганны жывуць у Берасьці. Бацьку — 71 год, маці — 69.

Вайну ва Ўкраіне Васіль і Ганна ніколі ў дэталях не абмяркоўвалі, расказаў суразмоўца «Люстэрка», але ў гэтым пытаньні жанчына выступала супраць любога гвалту.

«Ганна была за братэрства, за тое, каб усім было добра»,— адзначыў Васіль.

Па яго словах, у беларускі было шмат родных ва Ўкраіне, і зь некаторымі ўжо даўно няма сувязі.

Бацькі Ганны ўжо прыехалі ў Маскву і прабудуць там прыкладна да канца красавіка. Яе 13-гадовы сын, удакладняе Васіль, адзін не застанецца: сваякі ўжо заняліся пытаньнямі апекі. У сям’і беларускі заўсёды былі цёплыя адносіны, і зараз усе падтрымліваюць адзін аднаго. Яшчэ вельмі дапамагае салідарнасьць ад людзей навокал, дадае ён.

Прадстаўнікі беларускага пасольства, наколькі вядома Васілю, зь сямʼёй ня зьвязваліся і дапамогу не прапаноўвалі. Родныя загінулай беларускі да іх таксама не зьвярталіся. Паводле папярэдняй інфармацыі, Ганну Волкаву пахаваюць на гэтым тыдні, у сераду ці ў чацьвер. Дакладнага часу і месца пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG