Пакуль не паведамляецца, памерлі тры чалавекі зь ліку параненых ці знайшлі новыя целы непасрэдна на месцы тэракту.
Сьпіс на сайце МНС Расеі названы папярэднім, указана, што ён будзе «карэктавацца адпаведна зьвесткам судова-мэдыцынскіх дасьледаваньняў».
Па стане на вечар 26 сакавіка паведамлялася аб 139 загінулых.
Раніцай у сераду міністар аховы здароўя Расеі Міхаіл Мурашка паведаміў, што яшчэ адзін пацярпелы памёр у шпіталі.
Напад на канцэртную залю адбыўся ўвечары 22 сакавіка. У будынку знаходзіліся больш за 6000 чалавек. Група ўзброеных людзей адкрыла агонь па наведніках з аўтаматычнай зброі. Будынак быў падпалены. Людзі паміралі ад кулявых раненьняў і ўдушэньня дымам ад пажару.
26 сакавіка супрацоўнікі МНС Расеі завяршылі разбор завалаў на месцы згарэлага цэнтра. Паведамлялася, што пошук новых целаў ужо не вядзецца.
Выданьне «База» са спасылкай на свае крыніцы пры гэтым сьцьвярджае, што паводле папярэдніх зьвестак, 95 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак пасьля тэракту. Гаворка ідзе аб людзях, якія маглі быць у «Крокус Сіці Холе» і не выходзяць на сувязь з роднымі. «База» падкрэсьлівае, што частка гэтых людзей могуць быць жывымі і проста зь нейкіх прычынаў не выходзяць на сувязь. Афіцыйна аб наяўнасьці зьніклых бязь вестак і іх колькасьці не паведамлялася.
У колькасьці ахвяраў напад на «Крокус Сіці Хол» — адзін з найбуйнейшых тэрактаў у гісторыі Расеі, больш ахвяр было толькі пры нападзе на школу ў Беслане ў 2004 годзе.
Аб сваёй датычнасьці да нападу заявіла арганізацыя «Ісламская дзяржава», прызнаная тэрарыстычнай у многіх краінах сьвету. Паведамлялася аб затрыманьні 12 падазраваных, чацьвярых абвінавачваюць у тым, што яны непасрэдна ўдзельнічалі ў нападзе. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што лічыць, што тых, хто нападаў, магла падтрымліваць Украіна. Ніякіх доказаў гэтаму не прыводзіцца. Агенцтва Bloomberg паведаміла, што ў атачэньні расейскага прэзыдэнта ў гэтую вэрсію ня вераць.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Пуцін спрабуе перакласьці на Кіеў сваю адказнасьць за тое, што здарылася. Краіны Захаду перасьцераглі Расею ад гэтага.