Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Аляксандар Лукашэнка агучыў сапраўдную вэрсію маршруту ўцёкаў імаверных нападнікаў на «Крокус Хол», каб пазьбегнуць магчымага яе выкарыстаньня Крамлём для ціску на яго ў будучыні.
«Аляксандар Лукашэнка заявіў, што нападнікі на „Крокус Хол“ першапачаткова беглі ў бок Беларусі, а не Ўкраіны, што падрывае наратыў Крамля аб датычнасьці Украіны», — адзначаюць аналітыкі інстытуту ў сваёй справаздачы.
Паводле іх, Лукашэнка гэта зрабіў, каб перадухіліць пытаньні аб тым, чаму нападнікі ўвогуле накіраваліся ў бок Беларусі.
У Інстытуце вывучэньня вайны прааналізавалі геалякацыю відэазапісаў затрыманьня нападнікаў у Бранскай вобласьці. Паводле аналітыкаў, месца затрыманьня знаходзіцца прыкладна за 95 кілямэтраў ад украінскай мяжы ў бліжэйшым пункце, або за 130 кілямэтраў ад месца перасячэньня дарогі Е101 з Украінай.
«Гэты пункт знаходзіцца прыкладна за 124 кілямэтры ад беларускай мяжы і прыкладна за 25 кілямэтраў ад трасы А-240, якая вядзе на Гомель, Беларусь. Заява Лукашэнкі аб актывізацыі беларускіх вайскоўцаў паказвае на сцэнар, пры якім зламысьнікі спачатку ехалі па трасе А-240 у бок Беларусі, але, убачыўшы блёкпасты або іншыя стрымальныя фактары, зьмясьцілі курс на ўсход па лясных дарогах да трасы E101», — адзначаецца ў справаздачы.
Аналітыкі ISW мяркуюць, што ў Лукашэнкі «вельмі мала відавочных матываў хлусіць».
«Меркаваньне, што зламысьнікі ехалі ў бок Беларусі, як мяркуецца, каб знайсьці там прытулак, магло мець шкодныя палітычныя наступствы для Лукашэнкі і яго рэжыму, паколькі выклікала б пытаньні аб тым, чаму яны лічылі, што ў Беларусі ім будзе больш бясьпечна, і хто, на іх думку, можа іх там прыняць. Таму Лукашэнка, імаверна, хацеў папярэдзіць дыскусіі аб гіпатэтычных сувязях нападнікаў зь Беларусьсю і заявіў, што беларускія сілавікі адыгралі важную ролю ў іх затрыманьні. У той час, як заявы Лукашэнкі падрываюць устойлівы наратыў Крамля, яны зьніжаюць яго ўразьлівасьць перад намаганьнямі Крамля выкарыстоўваць непублічную інфармацыю аб першапачатковых плянах уцёкаў нападнікаў для ціску на яго ў будучыні», — адзначаецца ў справаздачы ISW.
У Расеі адразу пасьля нападу на канцэртную залю заявілі аб датычнасьці Ўкраіны да арганізацыі гэтага тэрарыстычнага акту.
22 сакавіка адбыўся тэракт у «Крокус Сіці Холе» у падмаскоўным Краснагорску. Невядомыя адкрылі агонь па натоўпе, былі выбухі. Таксама падчас тэракту загарэўся будынак залі. У гэты час там меўся пачацца канцэрт гурту «Пікнік». Загінулі больш за 130 чалавек.