На фота падазраваны ляжыць са спушчанымі штанамі, да яго геніталій падключаны вайсковы апарат сувязі ТА-57, які, у прыватнасьці, выкарыстоўваюць для катаваньняў разрадамі электрычнасьці.
Фатаграфія суправаджаецца тэкстам наступнага зьместу: «Адзін з затрыманых тэрарыстаў-мігрантаў з Таджыкістану ад хваляваньня стаў страчваць прытомнасьць, таму яго падключылі да „зарадкі“. І нават нягледзячы на тое, што той не зьяўляецца грамадзянінам Расеі, байцы спэцназу паважалі яго правы і далі яму тэлефон, каб той мог патэлефанаваць адвакату».
Напярэдадні ў розных расейскіх праваенных пабліках зьявілася відэа катаваньняў іншага падазраванага ў нападзе на «Крокус сіці хол», Раджаба Алізадэ. На кадрах яму адразаюць нажом кавалак вуха, а затым спрабуюць прымусіць гэты кавалак зьесьці, пагражаючы адразаць геніталіі.
Расейскія ўлады ніяк не пракамэнтавалі відэа з катаваньнямі затрыманых.
Увечары ў пятніцу, 22 сакавіка, некалькі людзей у камуфляжнай форме адкрылі ў канцэртнай зале на ўскраіне Масквы стральбу з аўтаматаў. Потым адбыўся выбух і пачаўся моцны пажар. Колькасьць загінулых у выніку тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе», паводле апошніх зьвестак, узрасла да 137. Колькасьць забітых можа павялічыцца. Больш за 180 чалавек пацярпелі.
Расейскае сьледзтва пакуль афіцыйна не выстаўляла вэрсій аб замоўцах і арганізатарах нападу. У справе аб тэракце затрымалі чатырох чалавек. Яны выхадцы з Цэнтральнай Азіі.
Адказнасьць за напад узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».