Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 27 сакавіка: за камэнтары пра тэракт у «Крокус Холе» ў Беларусі затрымалі яшчэ некалькі чалавек

абноўлена

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Сілавікі затрымліваюць удзельніка пратэстаў, 2020 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Сілавікі затрымліваюць удзельніка пратэстаў, 2020 год

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

За камэнтары пра тэракт у Падмаскоўі затрымалі ўраджэнца Ўкраіны

Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з мужчынам, затрыманым за камэнтары пра тэракт у «Крокус Сіці Холе». На камэру мужчына кажа, што яго затрымалі за нэгатыўны камэнтар наконт тэракту. Таксама ў роліку закадравы голас пытае ў затрыманага, як ён ставіцца да Сьцяпана Бандэры, на што мужчына адказвае, што Бандэра — украінскі герой, у гонар якога называюць праспэкты.

«Медиазона» знайшла старонку затрыманага ў Фэйсбуку. Мяркуючы па старонцы, яго завуць Уладзімір Грыненка. Родам ён з гораду Рубежнае Луганскай вобласьці Ўкраіны. У роліку сілавікоў Грыненка кажа, што пераехаў у Беларусь у 1987 годзе і атрымаў беларускае грамадзянства.

Па якім артыкуле яго затрымалі і дзе ён цяпер, невядома.

За камэнтары ў Instagram пра тэракт у «Крокус Сіці Холе» затрымалі беларуса

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа яшчэ з адным мужчынам, затрыманым за камэнтары пра тэракт у Падмаскоўі. На відэа беларус кажа, што яго затрымалі за нэгатыўныя камэнтары ў Instagram пад навіной пра тэракт у «Крокус Сіці Холе». Таксама ён сказаў, што адпраўляў паведамленьні ў чат-бот тэлеграм-каналу Nexta.

У чым абвінавачваюць беларуса і ў якім ён статусе, невядома.

Гэта ўжо трэцяе вядомае СМІ затрыманьне ў сувязі з камэнтарамі пра тэракт у канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі. 26 сакавіка за такія камэнтары затрымалі жыхара Шчучына.

Затрыманьні ў Гомлі, Горадні і Менску за камэнтары наконт тэракту ў падмаскоўным Краснагорску

У Гомлі затрымалі чатырох чалавек за камэнтары наконт тэракту ў Падмаскоўі. Гэта вынікае зь відэа, разьмешчанага на праўладным рэсурсе, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Сярод затрыманых — маладая жанчына, чый камэнтар паказалі сілавікі. Сьцьвярджаецца, што яна напісала наконт адмены ў горадзе 23 і 24 сакавіка культурна-масавых мерапрыемстваў у сувязі з тэрактам: «Чаму нічога не адмяняюць, калі ва Ўкраіне страляюць па жылых дамах і гінуць дарослыя і дзеці? Гэта, напэўна, іншае».

Яе камэнтар набраў пад сотню падабаек. Сілавікі паспрабавалі запісаць зь ёю «пакаяльнае відэа», але жанчына паўтарыла сваё пытаньне і на гэтым відэазапісе.

У Горадні затрымалі мужчыну за тое, што пад навіной пра тэракт ён напісаў: «Усё часьцей у РФ прылятае „ответка“». Мужчына кажа ў распаўсюджаным сілавікамі відэа, што пісаў камэнтары, у якіх нібыта «заклікаў украінцаў бамбаваць расейскія гарады».

Таксама сілавікі паведамілі пра затрыманьне за камэнтар наконт тэракту 44-гадовага жыхара Менску. На відэазапісе ён кажа, што таксама адпраўляў паведамленьні ў чат-бот NEXTA.

  • 22 сакавіка ў «Крокус Сіці Холе» адбыўся тэракт. Некалькі чалавек з аўтаматамі ўварваліся ў канцэртную залю і пачалі страляць па наведніках. Пазьней нападнікі падпалілі будынак. Усяго, паводле зьвестак Сьледчага камітэту Расеі, ад тэракту загінулі 139 чалавек, яшчэ 182 атрымалі раненьні.

Сям’ю менчукоў асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 году

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 11 сакавіка ў судзе Партызанскага раёну Менску Андрэя і Натальлю Герасіменкаў асудзілі кожнага на 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія») паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Судзьдзя Вераніка Абзалімава прызнала Герасіменкаў вінаватымі ва ўдзеле з адным зь мірных сходаў у Менску ў 2020 годзе. Яны прызналі віну і адзначылі, што ўзялі ўдзел у акцыі празь цікаўнасьць, расказалі, што фатаграфаваліся зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, якія бралі ў незнаёмых людзей у натоўпе.

Таксама судзьдзя пастанавіла вызваліць з-пад арышту тэхніку, папярэдне выдаліўшы зь яе «інфармацыю, якая адносіцца да пратэставай дзейнасьці».

Да прысуду Андрэй і Натальля Герасіменкі знаходзіліся на волі пад закладам у 200 базавых велічынь кожны. У першым выпадку гэта склала 8000 рублёў, у другім — 7400 рублёў. Гэта сьведчыць пра тое, што меру стрыманьня ім прызначалі ў розны час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG