У Горадзенскім абласным судзе 25 сакавіка пачаўся суд над супрацоўнікам фонду «Вяртаньне» Сяргеем Макарэвічам.
Сяргея Макарэвіча затрымалі 4 лістапада 2022 году пасьля ператрусу ў яго дома. Меркавалася, што ён праходзіць у справе «Маёнтку Падароск». Як і фонд «Вяртаньне», у якім працаваў Сяргей, «Маёнтак Падароск», ініцыятыва ў аднаўленьні старой сядзібы пад Ваўкавыскам, фінансаваліся бізнэсоўцам і мэцэнатам беларускага паходжаньня Паўлам Падкарытавым.
Фонд «Вяртаньне» падтрымліваў шматлікія праекты беларускай культуры. Яго зьліквідавалі ў канцы кастрычніка 2023 году рашэньнем Менскага гарадзкога суду, у шэрагу іншых незалежных грамадзкіх і культурных арганізацый.
Увесь гэты час Сяргей знаходзіўся ў горадзенскай турме № 1. Пасьля амаль пяці месяцаў за кратамі палітвязьня вызвалілі 11 красавіка 2023 году.
Цяпер стала вядома, што яго будуць судзіць за данат паводле арт. 361-2 КК («Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»). Справу будзе разглядае Валер Раманоўскі.
Мянчанку судзяць за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»
У Менскім гарадскім судзе 25 сакавіка пачаўся суд над Ларысай Катовіч. Яе затрымалі ў канцы жніўня 2023 году. Спачатку на яе склалі адміністрацыйны пратакол за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», а потым завялі крымінальную справу.
Жанчыну будуць судзіць паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 («Сайдзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасці»). Сутнасць справы праваабаронцам невядома. Працэс будзе весьці судзьдзя Любоў Сімахіна.
У Баранавічах за ўдзел у пратэстах будуць судзіць адразу дзевяць чалавек
28 сакавіка ў судзе Баранавіцкага раёну і горада Баранавічы судзьдзя Іна Паўлоўская будзе разглядаць справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), паведамляюць праваабаронцы.
У справе праходзяць адразу дзевяць фігурантаў: Дзьмітры Хута, Эдуард Апановіч, Алег Арцюх, Аляксей Лескавец, Дзьмітры Абрамовіч, Алег Сяргееў, Вольга Тадро, Вячаслаў Шкуцько, Алена Стахейка.
На пачатку сакавіка ў Баранавічах таксама разглядалі справу паводле арт. 342 КК, дзе было адразу восем абвінавачаных.
Менчука арыштавалі за вокліч «Жыве Беларусь» з акна кватэры
У судзе Ленінскага раёна Менску 26 лютага адбыўся суд над мужчынам, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет). Згодна з пастановай суда, «менчук 24 лютага выгукнуў з акна правакацыйны лёзунг «Жыве Беларусь».
Гэта пачулі мінакі, а таксама супрацоўнікі Ленінскага РУУСа.
У выніку суд прызнаў мужчыну вінаватым у «пікеце» і прызначыў яму 13-дзённы арышт.