Пачынаецца чарговы суд над палітвязьнем Дзьмітрыем Разановічам
Па ініцыятыве адміністрацыі Івацэвіцкай калёніі № 22 на Дзьмітрыя Разановіча завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі»). 26 сакавіка ў Івацэвічах пачынаецца суд над палітвязьнем. Справу будзе разглядаць судзьдзя Сяргей Кухацкавалец.
У кастрычніку палітвязьня перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу — як паведамлялі, да сакавіка 2024 году. Раней Дзьмітрыя Разановіча неаднаразова зьмяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканьняў і перадач і пагражалі перавесьці на турэмны рэжым.
Дзьмітрыя Рэзановіча затрымалі ў канцы кастрычніка 2020 году.
22 сьнежня Менскі абласны суд прызначыў анархістам Аліневічу і Раманаву па 20 гадоў калёніі, Разановічу — 19 гадоў калёніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калёніі. Суд зь першага пасяджэньня адбываўся ў закрытым рэжыме.
Сілавікі затрымалі жыхара Шчучына за камэнтары пра загінулых у «Крокус Сіці Холе»
Адзін з блізкіх да сілавікоў тэлеграм-каналаў паведаміў пра затрыманьне жыхара Шчучына, заўважыла «Медиазона Беларусь».
На відэа сілавікоў хлопец кажа, што быў затрыманы за камэнтары наконт тэракту ў «Крокус холе». «Гэта вам за Ўкраіну», — публікуюць аўтары канала адзін з камэнтароў затрыманага.
Хлопец на відэа кажа, што пакідаў такія камэнтары, бо не падтрымлівае напад Расеі на Ўкраіну.
Па якім артыкуле затрымалі хлопца і дзе ён цяпер, невядома.
У Гомлі затрымалі дырэктара тэлерадыёкампаніі «ФілТВ»
Віталія Філінскага, вядомага гомельскага бізнэсоўцу, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Яго справу 22 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля разглядала судзьдзя Алеся Восіпава. Вынік суду невядомы, паведамляе «Гомельская Вясна».
Віталь Філінскі ў 1996 годзе стварыў телерадыёкампанію «ФілТВ», асноўным кірункам дзейнасьці якой зьяўляецца рэкляма на тэлевізіі. Ён таксама зьяўляецца сябрам грамадзкага аб’яднаньня «Адзінства», якое садзейнічае разьвіцьцю прыватнага прадпрымальніцтва.
Шматдзетную маці з Паставаў аштрафавалі за атрыманьне дапамогі ад INeedHelp
Суд Пастаўскага раёну аштрафаваў шматдзетную маці з Паставаў Ірыну Хрысьлейд на 1000 рублёў (25 базавых велічыняў) за атрыманьне дапамогі праз ініцыятыву INeedHelp. Пастанову суду ў банку дадзеных судовых рашэньняў заўважыў тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю».
Ірыну судзілі паводле артыкулу аб парушэньні заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе (артыкул 24.15 КаАП). Акрамя штрафу, суд абавязаў яе выплаціць 1083 рублі і 26 капеек — на такую суму Ірына Хрыслейд атрымала дапамогу.
Суд над шматдзетнай маці адбыўся яшчэ ў лютым, у сакавіку яна спрабавала аспрэчыць яго, але рашэньне пакінулі ў сіле.
На блогера Валера Руселіка завялі крымінальную справу
Супраць блогера Валера Руселіка (Daroha) узбудзілі крымінальную справу. Па якім артыкуле — невядома.
«Дазнаўся днямі, што супраць мяне ў Беларусі распачатая крымінальная справа. Ходзяць па блізкіх, распытваюць. Падрабязнасьцяў ня ведаю», — напісаў Руселік у сацсетках.
Былы журналіст «Белсат» Валер Руселік не жыве ў Беларусі. Яго праект Daroha прызнаны «экстрэмісцкім» фармаваньнем, а акаўнты ў Telegram, YouTube, Instagram, X, Facebook і TikTok — «экстрэмісцкімі» матэрыяламі.
Беларус прыйшоў у будынак суда ў байку з «Пагоняй», яго арыштавалі на 15 сутак
Суд Баранавічаў арыштаваў мясцовага жыхара на 15 сутак за прынт «Пагоні» на ягонай байцы, у якой ён прыйшоў у будынак суда, гаворыцца ў пастанове, апублікаванай у банку судовых рашэньняў.
Затрымалі мужчыну 12 сьнежня. Судзілі яго за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (частка 2 артыкула 24.23 КаАП).