Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пачала пастаўляць нафту ў КНДР насуперак санкцыям ААН, — Financial Times


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Судна, якое у 2017 годзе ненадоўга арыштавала Паўднёвая Карэя за перапраўку нафтапрадуктаў у КНДР у парушэньне санкцыяў ААН
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Судна, якое у 2017 годзе ненадоўга арыштавала Паўднёвая Карэя за перапраўку нафтапрадуктаў у КНДР у парушэньне санкцыяў ААН

Расея пачала наўпрост пастаўляць нафту ў Паўночную Карэю, нягледзячы на санкцыі ААН супраць Пхэньяну, уведзеныя ў 2017 годзе ў адказ на выпрабаваньні ядзернай зброі, паведамляе Financial Times.

Паводле зьвестак выданьня, пастаўкі нафты пачаліся 7 сакавіка — гэта першыя дакумэнтальна пацьверджаныя пастаўкі з моманту ўвядзеньня санкцый ААН. Паводле спадарожнікавых здымкаў, у сакавіку з расейскага порта Ўсходні на Далёкім Усходзе выйшлі сама меней пяць паўночнакарэйскіх танкераў з нафтапрадуктамі. Потым два караблі адправіліся ў паўночнакарэйскі порт Чханджын, дзе, імаверна, разгрузіліся, піша Financial Times.

Па словах навуковага супрацоўніка Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў (RUSI) Джозэфа Бірна, некаторыя з гэтых суднаў унесеныя ў сьпіс ААН — гэта азначае, што ім нельга нават заходзіць у замежныя парты.

«Гэтыя пастаўкі нафты ўяўляюць сабой поўнамаштабны напад на рэжым санкцыяў, які цяпер на мяжы краху», — заявіў Хʼю Грыфітс, экс-каардынатар групы ААН, якая сочыць за выкананьнем санкцыяў у дачыненьні да КНДР.

Як адзначае Financial Times, летась у жніўні КНДР пачала пастаўляць Расеі боепрыпасы, якія Расея выкарыстоўвала ў вайне з Украінай. Паводле зьвестак RUSI, порт Усходні таксама выкарыстоўвалі як перавалачны пункт для расейскіх суднаў, якія, меркавана, удзельнічалі ў пастаўках зброі.

«Тое, што мы бачым цяпер, — гэта выразная бартэрная дамоўленасьць „зброя ў абмен на нафту“, якая адкрыта парушае санкцыі, якія Ўладзімір Пуцін падпісаў асабіста», — заявіў Хʼю Грыфітс.

Як піша газэта, прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў адмовіўся ад камэнтароў.

  • У лютым газэта The New York Times паведаміла, што Расея ў абмен на боепрыпасы дазволіла КНДР атрымаць доступ да сусьветнай фінансавай сыстэмы, а таксама разблякавала частку паўночнакарэйскіх актываў, якія трапілі пад санкцыі ААН. Акрамя таго, крыніцы кажуць, што Масква дазволіла Пхэньяну адкрыць рахунак у банку на тэрыторыі часткова прызнанай Паўднёвай Асэтыі. Грузія лічыць гэтую тэрыторыю акупаванай Расеяй.
  • У кастрычніку 2023 году дарадца па нацыянальнай бясьпецы Белага дому Джон Кірбі заявіў, што Паўночная Карэя дала Расеі партыю ўзбраеньняў. Белы дом апублікаваў здымак, на якім, як сьцьвярджаецца, бачная партыя боепрыпасаў са складу ў КНДР. Узбраеньні пагрузілі на судна пад расейскім сьцягам і адправілі на склад на паўднёва-заходняй мяжы Расеі.
  • Сем краін-чальцоў Рады Бясьпекі ААН абвінавацілі Расею ў парушэньні эмбарга на вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Пхэньянам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG