Пра гэта паведамляе выданьне Reform.by са спасылкай на відэа, абнародаванае на блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале.
На відэа малады мужчына кажа, што пакінуў «нэгатыўны камэнтар» пра тэракт, а таксама «прадастаўляў экстрэмісцкія матэрыялы экстрэмісцкім групам Nexta і „Люстэрка“».
У роліку ён зьяўляецца зь перабінтаванай галавой. Дыктар блізкага да сілавікоў тэлеграм-канала тлумачыць, што ў затрыманага «пачаліся праблемы з вухам».
Гледзячы па ўсім, сілавікі намякалі на катаваньні падазраваных ва ўчыненьні тэракту ў Падмаскоўі. Пасьля тэракту ў расейскіх праваенных пабліках зьявілася відэа катаваньняў падазраванага ў нападзе на Crocus City Hall Раджаба Алізадэ. На кадрах яму адразаюць нажом кавалак вуха, а затым спрабуюць прымусіць гэты кавалак зьесьці, пагражаючы адрэзаць геніталіі.
Як паведамлялася раней, прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла напісаў данос на менскую тыктокерку Жанну Лаўрову, абвінаваціўшы яе ў апраўданьні тэрарыстычнага акту ў Падмаскоўі. Сёньня яе затрымаў ГУБАЗіК.