Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля нападу ў Падмаскоўі грамадзянін Беларусі — у вельмі цяжкім стане, сваякі шукаюць яшчэ аднаго беларуса, — амбасадар Круты

абноўлена

Пасьля нападу ў Падмаскоўі, які адбыўся 22 сакавіка, адзін грамадзянін Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, за яго жыцьцё змагаюцца мэдыкі, паведаміў беларускі амбасадар у Расеі Дзьмітры Круты.

Ці гэта адзіны пацярпелы падчас нападу беларус, пакуль дакладна не вядома. Амбасада чакае публікацыі падрабязных зьвестак загінулых. Працэс высьвятленьня асобаў усіх пацярпелых працягваецца, адзначыў Круты.

Пазьней Круты паведаміў, што сваякі шукаюць грамадзяніна Беларусі пасьля тэракту, перадае БелТА.

Паводле дыплямата, у сувязі са здарэньнем амбасада Беларусі ў РФ працуе ў кругласутачным рэжыме. «Наша консульская служба, афіцыйныя прадстаўнікі праваахоўных органаў знаходзяцца на прамой сувязі са сваімі расейскімі калегамі», — сказаў амбасадар.

Амбасада Беларусі ў Расеі заклікала беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Масквы і Маскоўскай вобласьці, «захоўваць спакой, давяраць афіцыйным крыніцам інфармацыі і выконваць патрабаваньні праваахоўных органаў». У выпадку ўзьнікненьня экстраных сытуацый беларусам параілі зьвяртацца ў пасольства па тэлефоне +7 (495) 777-66-44.

Увечары 22 сакавіка невядомыя мужчыны, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў канцэртную залю Crocus City Hall у падмаскоўным Краснагорску і адкрылі страляніну. У памяшканьні пачаўся пажар.

Паводле апошніх зьвестак, колькасьць загінулых у выніку тэракту вырасла да 115 чалавек, паведаміў СК Расеі.

Міністэрства аховы здароўя Падмаскоўя апублікавала сьпіс з 146 пацярпелымі ў выніку тэракту, сярод іх сямёра дзяцей. Тэлеграм-канал «112», які спэцыялізуецца на апэратыўнай хроніцы, са спасылкай на крыніцу раніцай пісаў пра 183 параненых.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы напад, сказала, што ён нагадаў ёй «пра падзеі ў пачатку 2000-х».

«Захоп „Норд-Оста“, закладнікі ў Беслане... Трагедыя, якая і тады аказалася падставай для вайны. Калі гэта і зараз стане падставай для аб’яўленьня вайны, то мы ня будзем староньнімі назіральнікамі. Цяпер маштабаваньне вайны азначае прамую небясьпеку для Беларусі, якую Расея зробіць паўнавартаснай удзельніцай сваіх плянаў. Трагедыя будзе не па тэлевізары, мы будзем глядзець проста на яе», — адзначыла Ціханоўская.

Таксама яна выказала спачуваньні семʼям і блізкім загінулых, пажадала здароўя пацярпелым і далучылася да ранейшага закліку Паўла Латушкі да беларусаў «паклапаціцца пра сваю бясьпеку, пазьбягаць скапленьняў людзей і ўважліва назіраць за тым, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі ў бліжэйшы час».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG