Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяткі забітых і параненых у выніку страляніны ў канцэртнай залі ў Падмаскоўі. Што стаіць за нападам, рэакцыі ў Расеі, Беларусі і сьвеце

абноўлена

«Крокус Сити Холл» увечары 22 сакавіка
«Крокус Сити Холл» увечары 22 сакавіка

У канцэртнай залі «Крокус Сити Холл» у Падмаскоўі адбылася страляніна. Загінулі як найменей 40 чалавек, шмат параненых.

Глядзіце спэцэтэр «Настоящего времени»

Што адбываецца

«Крокус Сити Холл» 22 сакавіка
«Крокус Сити Холл» 22 сакавіка

Страляніна пачалася перад пачаткам канцэрту расейскага рок-гурту «Пікнік». Спачатку паведамлялася, што страляў з аўтаматычнай зброі невядомы мужчына. Як напачатку паведамляў расейскі тэлеграм-канал Baza, загінулі 12 чалавек, параненыя ня менш як 35. Гэтая інфармацыя афіцыйна не была пацьверджаная. Расейскае агенцтва РИА «Новости» сьцьвярджала, што агонь у клюбе адкрылі трое мужчын у камуфляжы. Пазьней агенцтва Reuters паведаміла пра 14 загінулых.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін у сваім тэлеграм-канале напісаў, што ён спачувае сем’ям загінулых.

Расейскі тэлеграм-канал 112, які спэцыялізуецца на апэратыўнай хроніцы, паведаміў са спасылкай на крыніцы пра 40 загінулых і больш як 100 параненых. Колькасьць ахвяраў, верагодна, будзе расьці. Паведамляецца таксама пра дзясяткі чалавек, адрэзаных агнём ад выхадаў.

Расейскае агенцтва ТАСС пісала, што адбываецца эвакуацыя людзей. Музыкі гурту «Пікнік», як удакладняе агенцтва, не пацярпелі. Выданьне RusNews перадае, што ў клюбе з прычыны выбуху і пажару пачаў разбурацца дах.

Паводле дадзеных Baza, у памяшканьні клюбу засталіся заблякаванымі больш за 100 чалавек.

Губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў паведаміў, што выехаў на месца, дзе адбылася страляніна і пачаўся пажар. Створаны апэратыўны штаб. Два верталёты Ка-32 ужо накіраваныя да месца здарэньня, перадае агенцтва «Масква».

Больш за 50 брыгад хуткай накіравалі да месца надзвычайнага здарэньня для аказаньня дапамогі пацярпелым, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя Маскоўскай вобласьці.

Адначасова паступаюць паведамленьні, што ў Маскве дрэнна працуе сотавая сувязь.

Fire in Crocus City Hall in Moscow. March 22, 2024. Photo: Current Time
Fire in Crocus City Hall in Moscow. March 22, 2024. Photo: Current Time

Паведамляецца, што пачаўся штурм будынку канцэртнай залі.

Паводле папярэдніх зьвестак, чатыром нападнікам, удалося пакінуць будынак да пачатку штурму, сілавікі вядуць іх вышук, супрацоўнікі ДПС перакрываюць дарогі ў навакольлях. Астатнія ўдзельнікі расстрэлу гледачоў, па дадзеных расейскага выданьня MSK1.ru, забарыкадаваліся ў будынку.

Сьледчы камітэт Расеі распачаў па факце стральбы крымінальную справу аб тэракце.

Ці ёсьць беларусы сярод пацярпелых

Пасольства Беларусі ў Расеі высьвятляе, ці ёсьць сярод пацярпелых беларускія грамадзяне. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе дыпмісіі.

Аляксандар Лукашэнка выказаў спачуваньні Ўладзіміру Пуціну ў сувязі з тэрактам у канцэртнай залі ў Падмаскоўі. Ягоную тэлеграму апублікавала пасольства Беларусі ў Маскве.

У сувязі з тэрактам да беларусаў зьвярнуўся прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка:

«У сьвятле падзей, якія адбываюцца ў Расеі, якім папярэднічала інфармацыя заходніх разьведак аб магчымых тэрактах на тэрыторыі Расеі, а таксама прапагандысцкіх заяў Лукашэнкі аб пагрозе „апэрацый пад чужым сьцягам“, і ва ўмовах „праверкі баявой гатоўнасьці“, якая праводзіцца яго рэжымам, заклікаю беларусаў і беларусак, якія знаходзяцца ў Беларусі, пазьбягаць месцаў масавага збору людзей, у тым ліку гандлёвых і забаўляльных цэнтраў».

Хто можа стаяць за нападам

Тэлеграм-канал Baza нагадвае, што два тыдні таму пасольства ЗША ў РФ выпусьціла на сайце папярэджаньне для сваіх грамадзян пра магчымыя атакі ў месцах масавага збору людзей у Маскве. Гэтае папярэджаньне таксама вывесіла ў сябе на сайце пасольства Вялікай Брытаніі. Напярэдадні 8 сакавіка, паводле зьвестак пасольства ЗША, напады плянаваліся нейкімі экстрэмістамі ў найбліжэйшыя двое сутак.

Страляніна ў канцэртнай залі ў падмаскоўным Краснагорску – «наўмысная правакацыя пуцінскага рэжыму, пра якую папярэджвала міжнародная супольнасць»,заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў.

«Гэта мэтанакіраваная правакацыя расейскіх спэцслужбаў. Старэючы расейскі дыктатар Пуцін пачынае паўтарацца. З такіх злачынстваў ён пачынаў сваю палітычную кар'еру і на гэтым спрабуе скончыць», – сказаў ён.

Напад на канцэртную залю пракамэнтаваў дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк. Паводле яго слоў, Кіеў ніякім чынам не датычны да гэтага нападу.

Яшчэ раней пра сваю недатычнасьць да тэракту выказаліся прадстаўнікі «Рускага добраахвотніцкага корпуса» – ваеннага фарміраваньня, якое ваюе на баку Ўкраіны. У Расеі яго лічаць тэрытарыстычным. Яно брала за сябе адказнасьць за рэгулярныя рэйды ў Белгарадзкую вобласьць, якія пачасьціліся апошнія тыдні.

МЗС Нямеччыны заявіў: «Кадры жахлівага нападу на нявінных людзей у „Крокус Сіці Холе“ пад Масквой жахлівыя. Неабходна хутка высьветліць перадгісторыю. Нашы глыбокія спачуваньні сем’ям загінулых».

Спачуваньні выказала адміністрацыя ЗША. «Кадры жахаюць, іх цяжка глядзець... Мы імкнёмся атрымаць больш інфармацыі», — сказаў прадстаўнік па нацыянальнай бясьпецы Белага дома Джон Кірбі на брыфінгу. «Нашыя думкі відавочна з ахвярамі гэтага жудаснага нападу», — дадаў Кірбі.

Адміністрацыя ЗША заявіла, што ў яе няма ніякіх дадзеных, якія дазволілі б меркаваць, што за нападам на канцэртную залю ў Маскве стаіць Украіна. «Пакуль што няма ніякіх указаньняў на тое, што Ўкраіна ці ўкраінцы маюць дачыненьне да гэтай страляніны, — заявіў прадстаўнік Рады ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Джон Кірбі. — Я б перасьцярог вас ад таго, каб неяк зьвязваць гэта з Украінай з такой пасьпешлівасьцю».

Прэсавая сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава ў адказ напісала ў сваім Тэлеграме:

«Белы дом заявіў, што не бачыць прыкметаў таго, што Украіна ці ўкраінцы маюць дачыненьне да тэракту ў Маскве. На якой падставе афіцыйныя асобы ў Вашынгтоне робяць якія-небудзь высновы ў разгар трагедыі аб чыёй-небудзь недатычнасьці? Калі ў ЗША ёсьць ці былі дакладныя дадзеныя на гэты конт, то іх неабходна неадкладна перадаць расейскаму боку. А калі такіх зьвестак няма, то Белы дом не мае права выдаваць каму-небудзь індульгенцыі».

Калі за тэрактам у «Крокус сіці холе» стаяць тэрарысты кіеўскага рэжыму, усе яны павінны быць знойдзеныя і зьнішчаныя, у тым ліку афіцыйных асоб, заявіў былы прэзыдэнт і былы прэм'ер Расеі Дзьмітрый Мядзведзеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG