Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарга грузавога транспарту на выезд зь Беларусі ў Эўразьвяз дасягнула новага рэкорду


Чарга фураў. Архіўнае фота
Чарга фураў. Архіўнае фота

Як паведамляе дзяржаўны Памежны камітэт Беларусі, чарга на выезд зь Беларусі ў кірунку ЭЗ складае каля 3700 фураў.

На выезд у Латвію стаіць 740 аўтамабіляў, на выезд у Польшчу — 600, на выезд у Літву на памежным пераходзе Каменны Лог – Меднікі стаяць 1160 фураў, а на памежным пераходзе Беняконі — Салечнікі стаіць 1190 фураў. Усяго 3690 фураў. Гэта абсалютны рэкорд, дзесяць дзён таму на мяжы Беларусь – ЭЗ стаяла чарга з 2660 фураў. З 1 сакавіка Літва закрыла два пункты пропуску зь Беларусьсю: Катлоўка — Лаварышкі і Прывалка — Райгорад.

Як суседнія краіны закрывалі мяжу зь Беларусьсю

  • Абвастрэньне адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам пачалося пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і пратэстаў, у якіх Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Захад.
  • У лістападзе 2021 году Польшча цалкам закрыла са свайго боку самы папулярны памежны пункт Кузьніца Беластоцкая / Брузгі каля Горадні. Гэта быў адказ на мігранцкі крызіс, які штучна стварыў рэжым Лукашэнкі.
  • У кастрычніку 2022 году Польшча дабудавала на мяжы зь Беларусьсю плот з калючым дротам даўжынёй каля 500 кілямэтраў, каб абараніцца ад мігрантаў.
  • У лютым 2023 году Польшча спыніла працу яшчэ на адным папулярным у беларусаў пераходным пункце Баброўнікі/Бераставіца. Гэта быў адказ на палітычны прысуд, вынесены ў Беларусі польскаму журналісту Анджэю Пачобуту.
  • У жніўні 2023 году Літва закрыла два менш папулярныя памежныя пункты на мяжы зь Беларусьсю з прычыны вялікай колькасьці вагнэраўцаў на памежжы.
  • У верасьні 2023 году Латвія закрыла пераходны пункт Сіленэ/Урбаны на мяжы зь Беларусьсю дзеля сваёй бясьпекі.
  • У сакавіку 2024 году Літва закрыла пераходныя пункты Райгорад/Прывалка і Лаварышкі/Катлоўка.
  • Цяпер з шасьці абсталяваных пунктаў пропуску на мяжы зь Літвой будуць працаваць толькі два, з шасьці на мяжы з Польшчай — толькі адзін для легкавікоў і адзін для грузавікоў (Казловічы/Кукурыкі), з двух на мяжы з Латвіяй — толькі адзін (Грыгораўшчына/Патэрніекі) для легкавікоў, грузавікоў і раварыстаў.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG