Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сталі менш спадзявацца на дзяржаву і больш схіляцца да рынку — вынікі дасьледаваньня Chatham House


Ілюстрацыйнае фота. Камароўскі рынак у Менску
Ілюстрацыйнае фота. Камароўскі рынак у Менску

Такія высновы можна зрабіць на падставе параўнаньня сёлетняга лютаўскага апытаньня Chatham House з апытаньнем, якое праводзілі ў Беларусі ў 2009 годзе.

Апытаньне 2024 году праводзілі онлайн і толькі сярод гараджанаў. 15 гадоў таму рэспандэнтаў апытвалі праз тэлефон, і тады яны прадстаўлялі ўсё насельніцтва Беларусі. Наўпрост параўноўваць гэтыя дадзеныя некарэктна. Тым ня менш, паводле сацыёлягаў Chatham House, некаторыя зьмены настолькі істотныя, што дазваляюць гаварыць пра рэальныя зьмены грамадзкіх настрояў.

Што зьмянілася за 15 гадоў?

  • У 2009 годзе беларусы пераважна хацелі патэрналісцкай эканамічнай палітыкі і былі схільныя да абмену грамадзянскіх свабодаў на «палітычную стабільнасьць».
  • Цяпер беларусы ня схільныя разьлічваць, што дзяржава будзе «сацыяльнай», адбыўся значны зрух у бок прарынкавых поглядаў. Людзі сталі менш схільныя да абмену ўласных правоў на «палітычную стабільнасьць».
  • Беларусы часьцей чакаюць, што ўлады створаць умовы, у якіх людзі змогуць самі забясьпечваць свой эканамічны дабрабыт.
  • Ва ўспрыманьні беларусаў дзяржава пераважна добра спраўляецца з запытам на бясьпеку — гэта ня толькі адсутнасьць вайны ў Беларусі, але і барацьба са злачыннасьцю.

Прапануем вашай увазе некаторыя дадзеныя, атрыманыя ў апытаньні Chatham House.

Пераважная большасьць апытаных лічыць, што дзяржава някепска спраўляецца з забесьпячэньнем бясьпекі ад зьнешніх пагрозаў і злачыннасьці. Аднак выконваць сацыяльныя абавязаньні ў дзяржавы выходзіць горш. А найгорш стаіць справа са справядлівым судом і стварэньнем умоваў для прадпрымальніцтва.

Дадзеныя апошняга графіка пацьвярджаюць дадзеныя ранейшых апытаньняў Chatham House. У тых апытаньнях рэспандэнты казалі, што дзяржава ў Беларусі абапіраецца найперш на сілавікоў і дзяржапарат.

У апошнім апытаньні рэспандэнты, як бачым, выказваюць упэўненасьць, што менавіта пра гэтыя сацыяльныя групы дзяржава і дбае. Паводле ацэнак, найменшая доля клопату дастаецца рабочым, вяскоўцам і беспрацоўным.

Пажаданыя прыярытэты беларусаў наконт пераразьмеркаваньня дзяржаўных дабротаў — супрацьлеглыя тым, якімі, на іх думку, цяпер кіруецца дзяржава. Беларусы хацелі б, каб на сілавікоў сродкаў ішло меней, а больш — на ахову здароўя, сацыяльныя выплаты і разьвіцьцё новых тэхналёгіяў.

Палова апытаных гараджанаў — за рэформы. Аднак варта адзначыць, што і сярод іх — толькі невялікая перавага тых, хто бачыць кірункам гэтых рэформаў адназначнае зьмяншэньне ролі дзяржавы.

З гэтага графіку бачна, што ў ацэнках апытаных клопат дзяржавы толькі адносна і ўскосна трапляе ў сьпіс чыньнікаў, дзеля якіх варта радавацца жыцьцю ў Беларусі. На першым месцы — спрадвечнае беларускае «Абы вайны не было». У пэўнай ступені, як паказваюць іншыя апытаньні, беларусы ўдзячныя за гэта дзейнай уладзе, хоць менавіта яна і ператварыла Беларусь у паплечніка Расеі ў агрэсіі.

Іншыя найбольш істотныя чыньнікі радасьці зь дзяржавай не зьвязаныя зусім — прырода і людзі. Праўда, на чацьвёртым месцы для амаль траціны апытаных такім чыньнікам зьяўляецца і нізкая злачыннасьць. Гэта перагукаецца з самым першым графікам, паводле якога, на думку рэспандэнтаў, з гэтай задачай дзяржава спраўляецца някепска.

Нягледзячы на дзяржаўную беларускую і расейскую прапаганду, якая расьпісвае жахі заходняга жыцьця, беларусы ў большасьці мяркуюць, што жыцьцё ў заходніх краінах лепшае, чым у Беларусі, паводле многіх парамэтраў. Асабліва высока ў параўнаньні зь беларускім ацэньваецца жыцьцё ў Швэцыі, Нямеччыне, ЗША, крыху горш, але таксама высока — у суседніх Літве і Польшчы.

Істотна горш, чым у Беларусі, апытаныя ацэньваюць жыцьцё ва Ўкраіне. Адна з прычынаў гэтага відавочная — вайна. Але варта адзначыць, што і ў ранейшых, у тым ліку і даваенных, апытаньнях беларусы ацэньвалі жыцьцё ва Ўкраіне горш, чым сваё. А расейскае жыцьцё беларусы лічаць прыкладна такім жа, як і беларускае.

Графік паказвае дынаміку ацэнак на працягу 15 гадоў. Беларускае грамадзтва стала заўважна менш патэрналісцкім, менш схільным да пазьбяганьня любых рызыкаў, больш схільным да рынкавай эканомікі.

У 1994 годзе, 30 гадоў таму, Аляксандар Лукашэнка абяцаў беларусам вярнуць савецкі «рай», у тым ліку і ў эканоміцы. Аднак апошні графік дэманструе, што нават на працягу другой паловы з гэтых 30 гадоў любоў беларусаў да савецкіх парадкаў заўважна зьменшылася.

Тую ж тэндэнцыю паказвае перавага, якую беларусы ў 2024 годзе аддаюць прыватным прадпрыемствам як пажаданаму месцу працы для сябе і сваіх дзяцей. Гэтай перавагі не было ў 2009 годзе.

Аднак сацыёлягі адзначаюць, што погляды беларусаў на суадносіны дзяржавы і рынку зьмяніліся складаным чынам: «Значна павялічылася доля тых, хто падтрымлівае рынкавыя эканамічныя прынцыпы замест дзяржрэгуляваньня. Асабліва гэта тычыцца занятасьці і заробкаў, малых прадпрыемстваў, адмовы ад дзяржпадтрымкі стратных прадпрыемстваў — гэта пытаньні, дзе цяпер пераважаюць прарынкавыя погляды. У той жа час нельга сказаць, што прарынкавыя погляды сёньня ўвогуле пераважаюць. Беларусы часьцей падтрымліваюць дзяржаўную, чым прыватную ўласнасьць на буйныя прадпрыемствы і аб’екты інфраструктуры, пазытыўна ставяцца да дзяржрэгуляваньня цэнаў. Да таго ж значная частка беларусаў ня мае ўстойлівых сымпатый ні да прарынкавых ідэй, ні да дзяржаўнага кіраваньня эканомікай. Шмат па якіх пытаньнях людзі бяз пэўных перавагаў складаюць найбольшую долю, а па некаторых — большасьць. Да такіх тэмах адносяцца ўласнасьць на зямлю, форма ўласнасьці буйных банкаў і стварэньне асаблівых умоваў для пэўных кампаній».

Сацыёлягі Chatham House адзначаюць, што беларусы цяпер менш, чым 15 гадоў таму, гатовыя плаціць абмежаваньнем сваёй свабоды за палітычную стабільнасьць.

Што за 15 гадоў ня надта зьмянілася, дык гэта зьнешнепалітычныя прыярытэты. Пераважная большасьць выступае і выступала за захаваньне беларускай незалежнасьці. У 2024 годзе прыкладна па чвэрці — за ўступленьне Беларусі ў ЭЗ і за больш шчыльны саюз з РФ са стварэньнем наддзяржаўных інстытутаў.

Зьвяртае на сябе ўвагу большасьць (58%), якая выступае за сяброўскія адносіны і з Расеяй, і з Украінай. Нягледзячы на вайну, апытаныя — за падтрыманьне добрых стасункаў з абодвума бакамі канфлікту.

Вынікі апытаньня Chatham House і аналіз дынамікі поглядаў беларусаў за 15 гадоў ня сьведчаць пра тое, што сацыяльныя праблемы ў Беларусі стаяць настолькі востра, што беларускае грамадзтва гатовае да палітычнага выбуху, як гэта было ў 2020 годзе. Але пэўнае напружаньне, незадаволенасьць, прычым менавіта ў сацыяльнай сфэры, гэтыя дасьледаваньні фіксуюць. І гэтая неадпаведнасьць сацыяльнай палітыкі патрэбам, пажаданьням людзей можа стаць як прычынай, гэтак і рухавіком пераменаў.

Аналіз дынамікі поглядаў людзей таксама паказвае, што беларускае грамадзтва, хай і спакваля, мяняецца. Яно мяняецца ня толькі пад уплывам такіх крызісаў, які адбыўся ў 2020 годзе. Нават, хутчэй, наадварот: 2020 год стаў магчымым таму, што гэтыя зьмены адбываліся на працягу многіх гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG