Як паведаміла 11 сакавіка ініцыятыва «Хрысьціянская візія», сьвятар, які мае грамадзянства Ўкраіны, быў затрыманы 8 лютага пасьля вяртаньня з Італіі. З прычыны знойдзеных у ягоным тэлефоне падпісак на нібыта «экстрэмісцкія рэсурсы» на Кавальчука склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП РБ (распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць). Пасьля яго арыштавалі на 15 сутак.
23 лютага сьвятар на волю ня выйшаў — на яго склалі новы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні і зноў арыштавалі. Пасьля двух адміністрацыйных арыштаў Ігар Кавальчук пакінуў Беларусь.
Раней беларускія сьвятары Аляксандар Кухта і Георгі Рой, якія пакінулі Беларусь з прычыны перасьледу ўладаў у сувязі з стаўленьнем да ўнутрыпалітычнага крызісу і расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, перайшлі ў Канстантынопальскі патрыярхат. У Вільні яны заснавалі беларускую парафію Сусьветнага патрыярхату.
Рэпрэсіі супраць рэлігійных дзеячоў, арганізацый і памятак у Беларусі
- Вядома пра некалькі дзясяткаў сьвятароў і пастараў — каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх — якіх затрымлівалі пасьля пратэстаў 2020 году. Толькі за 2022 год іх было ня менш за 24. На некалькі чалавек завялі крымінальныя справы.
- Як расказаў Свабодзе айцец Георгі Рой, шмат хто з праваслаўных сьвятароў прайшоў праз прафіляктычныя гутаркі з кіраўніцтвам БПЦ (япіскапам або сакратаром япіскапа) або з чыноўнікамі ў справах рэлігіі. Выклікаюць тых, хто крытыкаваў улады Беларусі, пісаў сваю думку ў інтэрнэце, выказваўся ў падтрымку Ўкраіны ў вайне.
- Празь перасьлед зь Беларусі ў Польшчу выехалі вядомы каталіцкі сьвятар і блогер ксёндз Вячаслаў Барок з Расонаў, ксёндз Дзьмітры Прыступа зь Ляхавічаў, ксёндз Андрэй Вашчук зь Віцебску, які правёў месяц на «сутках» у 2022 годзе.
- Увосень 2022 году закрылі для любых наведваньняў Чырвоны касьцёл у Менску, ня толькі адзін з галоўных цэнтраў каталіцкага жыцьця, але і візытоўку гораду для турыстаў. Прычынай улады назвалі начны пажар у будынку. Нядаўна ў Менгарвыканкаме сказалі, што працы ў будынку пачнуцца толькі ў першым квартале 2024 году, і «пасьля іх завяршэньня будзе прынятае рашэньне аб аднаўленьні дзейнасьці касьцёла».
- У 2023 годзе, 20 чэрвеня, экскаватарамі разбурылі будынак пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» ў Менску. Менскі суд ліквідаваў рэлігійную грамаду хрысьціянаў поўнага эвангельля «Новае жыцьцё», а інфармацыйную прадукцыю царквы прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
- У 2022 годзе ўлады закрылі школу ў каталіцкім Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску.
- Улады Беларусі зьнішчалі крыжы ў менскіх Курапатах, месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў у 1930-х гадах. Дагэтуль рэгулярна хтосьці псуе там крыжы, а вінаватых не знаходзяць. Акты вандалізму чыніліся і над крыжамі і стэндамі ў «віцебскіх Курапатах», у вёсцы Хайсы. Там праваахоўныя органы таксама не знайшлі вінаватых.