Дата дня
11 сакавіка 1941 году ў зьняволеньні памёр Аляксандар Уласаў, рэдактар і выдавец першай беларускай газэты «Наша Ніва». У 1918 годзе ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У кастрычніку 1939 году Ўласаў быў арыштаваны НКВД і перавезены ў Менск. У лістападзе 1940 году асуджаны на 5 гадоў канцлягераў за «шпіёнска-правакатарскую дзейнасьць».
Таксама ў гэты дзень
1566 — зацьверджаны другі Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў фэадальнага права, помнік беларускага пісьменства і юрыдычнай думкі.
1985 — Міхаіл Гарбачоў пасьля сьмерці Канстанціна Чарненкі быў прызначаны генэральным сакратаром ЦК КПСС.
1990 — Вярхоўны Савет Літоўскай ССР прыняў акт, якім заявіў аб выхадзе рэспублікі са складу Савецкага Саюзу.
2011 — у выніку моцнага цунамі адбылася аварыя на японскай АЭС «Фукусіма».
У гэты дзень нарадзіліся
1887 — Алесь Гарун, беларускі паэт і дзеяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.
1911 — Леў Гарошка, беларускі рэлігійны дзеяч і навуковец, галоўны рэдактар часопіса «Божым шляхам», архімандрыт грэка-каталіцкай царквы.
1903 — Тодар Кляшторны, беларускі паэт. У 1937 годзе Кляшторны быў асуджаны НКВД як «член антысавецкай арганізацыі», яму прысудзілі найвышэйшую меру пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці.
У памяці
1839 — памёр Сымон Канарскі — дзеяч вызвольнага руху 1830-х, удзельнік паўстаньня 1831 году, ахвяра рэпрэсій расейскіх каляніялістаў.
1906 — быў павешаны расейскімі ўладамі эсэр Іван Пуліхаў. У студзені 1905 году Пуліхаў зрабіў замах на жыцьцё менскага губэрнатара Паўла Курлова, але бомба ня выбухнула.
1938 — расстраляны Эрвін Краінскі-Савіцкі, супрацоўнік газэты «Красноармейская звезда» зь Менску. Арыштаваны 20 траўня 1937 году. Асуджаны як сябра контрарэвалюцыйнай шпіёнскай арганізацыі.
1955 — памёр Аляксандар Флемінг, брытанскі біёляг і фармаколяг, вынаходнік пэніцыліну, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізіялёгіі і мэдыцыне.
2006 — у турме Гааскага трыбуналу памёр Слабадан Мілошавіч. У сувязі з ваеннымі канфліктамі на Балканах Мілошавіч быў абвінавачаны судом больш як па 60 пунктах, сярод іншага ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавецтва.