Польшча і Літва пад пагрозай магчымага нападу Расеі праз Сувальскі калідор зацьвердзілі супольны плян яго абароны, які назвалі «Аршанскім плянам».
Як паведаміла выданьне LRT, плян зацьвердзілі яшчэ ў 2022 годзе, але большая ягоная частка засакрэчаная.
«Ён прадугледжвае сродкі ўзаемадзеяньня па абодва бакі мяжы [Літвы і Польшчы] як для стварэньня бясьпекі, так і для рэагаваньня на пэўныя пагрозы. У гэтым кірунку такая праца вядзецца. [...] Сувальскі калідор стаіць на парадку дня нашай абароны і канкрэтнага плянаваньня», — працытавала выданьне Кястуціса Будрыса, дарадцу літоўскага прэзыдэнта.
Паводле яго, пасьля таго як NATO упершыню распрацавала рэгіянальныя пляны, не засталося неразьвязаных пытаньняў.
«Мы ідзем, працуем з плянамі, глядзім, як запэўніць бясьпеку Сувалак, і ня ставім пад сумнеў абавязаньняў саюзьнікаў, як, я спадзяюся, ніхто ня ставіць пад сумнеў абавязаньняў Літвы спрычыніцца да абароны сваіх суседзяў, у тым ліку Польшчы», — сказаў ён.
Кястуціс Будрыс падкрэсьліў, што прэзыдэнты Літвы і Польшчы Гітанас Наўседа і Анджэй Дуда рэгулярна абмяркоўваюць абарону так званага Сувальскага калідору.
Паводле яго, як супольныя вайсковыя вучэньні Літвы і Польшчы перад самітам NATO у Вільні, так і цяперашнія вучэньні маюць на мэце максымальна частае перамяшчэньне польскіх сілаў церазь мяжу і прадугледжваюць супольныя апэрацыі і ўмовы, у якіх вайскоўцы абедзьвюх краін маглі б дзейнічаць разам.
5 сакавіка прэзыдэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа будуць назіраць за нацыянальнымі вучэньнямі Dragon 2024, якія адбываюцца ў Кажэневе (Польшча) у рамках вучэньняў NATO Steadfast Defender 2024. У часе вучэньняў падразьдзелы арміяў васьмі краін будуць фарсаваць раку Віслу на трох пераправах — польскай, францускай і брытанска-нямецкай.
Летась у жніўні Беларусь правяла камандна-штабное вучэньне з 6-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадай на Госкім палігоне ў Горадзенскай вобласьці. Ён за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад межаў з Польшчай і Літвой. Непадалёк — так званы Сувальскі калідор (памежныя тэрыторыі Польшчы і Літвы, які месьцяцца паміж тэрыторыяй Беларусі і Калінінградзкай вобласьцю Расеі).