Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На манэўрах NATO фарсуюць Віслу адразу ў трох месцах. Як праходзяць вучэньні ў Польшчы


На вучэньнях Dragon 2024 у Кажэневе (Польшча), 4 сакавіка 2024 г. Фота Reuters
На вучэньнях Dragon 2024 у Кажэневе (Польшча), 4 сакавіка 2024 г. Фота Reuters

Беларусь патрабавала ад Польшчы дакладнай інфармацыі аб гэтых вучэньнях.

У Польшчы ў рамках вучэньняў NATO праходзяць нацыянальныя вайсковыя манэўры Dragon 2024, у часе якіх падразьдзелы арміяў васьмі краін фарсуюць раку Віслу на трох пераправах — польскай, францускай і брытанска-нямецкай.

Як паведаміла polskieradio24.pl, 5 сакавіка за вучэньнямі ў Кажэневе будуць назіраць прэзыдэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа.

У вучэньнях Dragon 2024 удзельнічаюць падразьдзелы з Польшчы, Літвы, Турэччыны, Вялікай Брытаніі, ЗША, Гішпаніі, Нямеччыны і Францыі. Для пераправы цераз раку будуць выкарыстоўваць спэцыяльныя паромныя пераправы, а ахоўваць зброю, якая перавозіцца, будзе авіяцыя.

Намесьнік галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Польшчы Цэзары Вісьнеўскі паведаміў, што для такіх вучэньняў адмыслова выбралі сакавік, каб максымальна ўскладніць умовы. Паводле яго, ідэя вучэньняў e тым, каб вельмі хутка ў выпадку канфлікту, у фазе крызісу перакінуць войскі.

«Мы хацелі стварыць пэўныя цяжкасьці для нашых сапэраў і інжынэрных войскаў, бо пераправіцца ў сярэдзіне лета нашмат прасьцей, але рэч ня ў тым, што гэта проста, а ў тым, каб добра патрэнавацца ў самых складаных умовах», — сказаў Цэзары Вісьнеўскі.

Паводле яго, яшчэ адна складаная ўмова — навучаньне ўзаемадзеяньню з саюзнымі войскамі.

«У нас тут больш за 20 тысяч вайскоўцаў, зь іх 5 тысяч саюзьнікаў — гэта заўсёды патрабуе дадатковай каардынацыі, даўжэйшага і больш дакладнага плянаваньня», — дадаў Цэзары Вісьнеўскі.

NATO з 31 студзеня да 31 траўня праводзіць на тэрыторыі краін-удзельніц арганізацыі найбуйнейшыя з часоў «халоднай вайны» вайсковыя вучэньні. Яны будуць праходзіць уздоўж межаў з Расеяй і Беларусьсю.

У вайсковых вучэньнях Steadfast Defender 2024, у часе якіх удасканальваюць абарончыя пляны NATO для ўмацаваньня эўрапейскай бясьпекі ад патэнцыйнага праціўніка, бяруць удзел каля 90 000 вайскоўцаў з усіх краін Паўночна-Атлянтычнага альянсу.

Беларусь патрабавала ад Польшчы дакладнай інфармацыі аб вучэньнях

15 лютага начальнік дэпартамэнту міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны Беларусі Валеры Равенка заявіў, што Польшча не перадала Беларусі штогадовую інфармацыю аб вайсковых сілах, а таксама зьвесткі пра вучэньні Dragon 2024.

Паводле яго, гэтыя вучэньні ўваходзяць у лік захадаў, зьвесткі аб якіх павінны абавязкова перадавацца сумежным дзяржавам, а іхных прадстаўнікоў запрашаць для назіраньня. У вучэньнях, як адзначае Равенка, удзельнічаюць каля 20 тысяч вайскоўцаў з 10 краін блёку (імаверна, ідзецца аб NATO. — РС).

Валеры Равенка паведаміў, што 14 лютага на пасяджэньні Форуму АБСЭ ў супрацы ў сфэры бясьпекі беларускі бок заклікаў Польшчу «вярнуцца да выкананьня міжнародных пагадненьняў і не ісьці шляхам канчатковага руйнаваньня архітэктуры міжнароднай бясьпекі».

«Канструктыўнай рэакцыі ад Польшчы чакана не адбылося», — адзначыў прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі.

Летась у кастрычніку Беларусь усьлед за Расеяй спыніла дзеяньне пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе ў дачыненьні да Польшчы і Чэхіі. Практычна гэта азначае, што Беларусь больш не перадае Польшчы і Чэхіі інфармацыю, якая датычыць звычайных узбраеньняў і тэхнікі, і не прымае інспэкцыі з Польшчы і Чэхіі. Перад іншымі дзяржавамі Беларусь мусіць выконваць свае абавязаньні, прадугледжаныя пагадненьнем.

Удзельнікамі пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе пасьля развалу СССР сталі 21 эўрапейская і 8 постсавецкіх краін. Расея выйшла з гэтага пагадненьня цалкам у траўні 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG