4 сакавіка на ўрачыстай цырымоніі ў Белым доме ўзнагароду Вользе Гарбуновай уручылі дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн.
Пасьля цырымоніі Гарбунова заявіла:
«Наўпрост зараз мінімум 187 жанчын-палітзьняволеных знаходзяцца ў турмах, дзе падвяргаюцца гвалту і катаваньням за сьмеласьць адстойваць сваю грамадзянскую пазыцыю.
З 2020 года праз турмы і несправядлівыя суды прайшло мінімум 895 жанчын, і рэпрэсіі не спыняюцца.
Роўна 2 гады таму ліквідавалі недзяржаўную арганізацыю «Радзіслава». Мы дапамагалі тысячам жанчын і іх дзецям, адкрывалі гарачыя лініі, давалі прытулак, шукалі адвакатаў і псыхолягаў для пацярпелых, адкрывалі курсы па жаночай самаабароне, лабіравалі закон аб прадухіленьні хатняга гвалту, а чыноўнікі дагэтуль кажуць, што гэтая праблема «не стаіць востра» і закон не патрэбен.
У Беларусі за 2 гады было ліквідавана больш за 1500 недзяржаўных арганізацый, а тысячы людзей засталіся без падтрымкі.
Самых адважных і непакорлівых з нас яны пасадзілі ў турмы: Марыю Калеснікаву, Галіну Дзербыш...
Самых непрадказальных і трывалых з нас яны выгналі з краіны: Сьвятлану Ціханоўскую, Сьвятлану Алексіевіч...
Самых асьцярожных і адчайных з нас яны да гэтага часу не могуць знайсьці, таму што мы ўсюды, у кожным горадзе і вёсцы Беларусі».