Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першае, чаго трэба дамагацца, — гэта вызваленьне палітвязьняў». 10 цытатаў з кнігі «Алесь Бяляцкі на Свабодзе»


Твор з выставы карцін рэпрэсаваных беларускіх мастакоў «Вітанкі зь Беларусі» у Варшаве, сакавік 2023
Твор з выставы карцін рэпрэсаваных беларускіх мастакоў «Вітанкі зь Беларусі» у Варшаве, сакавік 2023

Год таму, у Міжнародны дзень правоў чалавека, Натальлі Пінчук, жонцы праваабаронцы Алеся Бяляцкага, была перададзеная Нобэлеўская прэмія міру, якой узнагароджаны беларускі праваабаронца.

Неўзабаве пасьля цырымоніі ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Алесь Бяляцкі на Свабодзе», у якой сабраныя інтэрвію Алеся Бяляцкага, запісы дыскусіяў зь ягоным удзелам, рэпартажы пра ягоную грамадзкую дзейнасьць, рэцэнзіі на літаратурныя творы, а таксама меркаваньні ягоных паплечнікаў і сяброў.

Спампаваць кнігу можна тут.

Ніжэй цытаты Алеся Бяляцкага з кнігі.

Алесь Бяляцкі, 1998
Алесь Бяляцкі, 1998

Пра псыхалягічны ціск з боку КДБ

«Пактыка псыхалягічнага ўзьдзеяньня на затрыманых людзей з боку КДБ праяўляецца такім чынам, [што] ня кожны можа гэта вытрымаць, калі ён раней не трапляў у падобныя сытуацыі. Асабліва калі гэта людзі з кабінэтных работнікаў, інтэлігенцыя. Прапануюцца розныя варыянты выхаду з сытуацыі, пагражаюць, што ты прападзеш канчаткова, і ўсё гэта ідзе на працягу некалькіх гадзінаў. Людзі проста «плывуць». Гэта псыхалягічны ціск і так яго трэба і ўспрымаць. Сьледчыя КДБ такім чынам паказваюць свой прафэсійны ўзровень. Але мне падаецца, што гэта паказвае нізасьць сёньняшняй улады, якая ідзе на такія крокі, ідзе на ўсё, каб на вачах усяго грамадзтва зламаць людзей”.

Сьнежань 2010

Аб прыярытэце вызваленьня палітвязьняў

«Першае, чаго трэба дамагацца, — гэта вызваленьне палітвязьняў. Усялякія размовы пра пацяпленьне могуць ісьці толькі пасьля гэтага. Пакуль ёсьць палітвязьні, мы не павінны дапускаць такой сытуацыі падвойных стандартаў, як, напрыклад, у Азэрбайджане, дзе ёсьць палітвязьні — і таварыш Аліеў катаецца па Эўропах, і зь ім усе вітаюцца. Такога ў нас не павінна быць».

Жнівень 2014

Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч пратэстуюць каля ўваходу ў Мін’юст супраць закрыцьця «Вясны». Менск, 2003 год.
Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч пратэстуюць каля ўваходу ў Мін’юст супраць закрыцьця «Вясны». Менск, 2003 год.

Пра працэс пісаньня за кратамі

«Вяртаньне да асадкі, да паперы дало мне зусім такія забытыя эмоцыі, якія я перажываў яшчэ ў 90-х гадах, бо кампутары ўсё ж такі абесчалавечваюць літаратурную працу. Пішучы ад рукі, атрымліваеш зусім іншае адчуваньне.

І я, працуючы там фізычна – упакоўшчыкам у швейным цэху, выконваючы там абавязковыя мерапрыемствы ўсіх пералікаў, пад’ёмаў, паходаў у клюб, у сталовую і іншае, кожны дзень усё ж такі стараўся знайсьці гадзіну, паўтары гадзіны, каб напісаць гэтую старонку-паўтары тэксту, ня больш. Але, улічваючы, што гэта адбывалася пэрыядычна, з дня ў дзень, то сапраўды атрымалася дастаткова багата тэкстаў. Калі параўнаць тое, што напісалася мною за папярэдні час, то, можа быць, прыкладна столькі, колькі за 25 гадоў я напісаў, я напісаў за апошнія тры гады ў турме».

Жнівень 2014

Пра залежнасьць Лукашэнкі ад Расеі

«Расейскія вайсковыя базы, агульная паветраная абарона, велічэзная эканамічная залежнасьць, культурная і моўная русыфікацыя, асыміляцыя беларусаў — вось адказ, на чыім баку Лукашэнка»

Кастрычнік 2014

Aлесь Бяляцкі і Эдуард Акулін. Праца на рукапісам кнігі Анатоля Сыса, Менск, 2015 год
Aлесь Бяляцкі і Эдуард Акулін. Праца на рукапісам кнігі Анатоля Сыса, Менск, 2015 год

Пра парадкі ў беларускіх турмах

«Я адбыў тры гады на „зоне“ і ведаю, што ніякі начальнік турмы ці калёніі не гатовы, ня хоча і ня будзе паказваць таго, што насамрэч адбываецца ў „зоне“. І ніякая камісія, хай яна будзе з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў ці яшчэ адкуль зьверху, нічога з рэальнага жыцьця там ня ўхопіць. Бо ім нічога не пакажуць».

Люты 2015

Пра постмадэрнізм у літаратуры

«Эпоха пост-постмадэрну рэальна зацягнулася. І калі ў Эўропе ўсё гэта было сто гадоў таму – росквіт постмадэрнізму, дык толькі зараз гэта зрабілася рэальным чыньнікам у беларускай літаратуры.

Пакаленьне 30-40 гадовых, багата хто зь іх, зьяўляюцца носьбітамі гэтага пост-постмадэрну. А гэта зусім іншыя адносіны да літаратуры, гэта ўжо пайшла гульня ў пэрліны, калі перафразоўваць.

Але, мне падаецца, гэта натуральныя працэсы, бо ў той жа час існуе клясычная беларуская літаратура, і клясычная ў добрым сэнсе, якая зьяўляецца сучаснай. Уладзя Арлоў, Вінцэсь Мудроў, Барыс Пятровіч — сучасныя „гарадзкія“ пісьменьнікі, якія пішуць у нармальных беларускіх традыцыях, якія, я лічу, важныя для нашай беларускай літаратуры. Урэшце, сярод празаікаў — Уладзімер Някляеў. Гэта сучасны беларускі празаік. І нягледзячы на ягоныя гады, ягоная проза вельмі маладая. Гэта сучасная маладая проза».

Кастрычнік 2016

Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі. Менск, 21 красавіка 2016
Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі. Менск, 21 красавіка 2016

Пра катаваньні беларусаў

«Несумненна, сілавікі атрымалі карт-блянш, — лічыць праваабаронца. — Ідуць проста нечуваныя зьдзекі, катаваньні, асабліва ў месцах зьняволеньня – на Акрэсьціна, у цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў, ізалятарах часовага ўтрыманьня. Б’юць, трымаюць у перапоўненых камэрах. Пры паступленьні ці вось цяпер, калі паступова пачалі выпускаць, б’юць да страты прытомнасьці. Гэтым займаюцца спэцпадразьдзяленьні — АМАП, унутраныя войскі. Ім далі прамы загад катаваць».

Жнівень 2020

Пра забойства Рамана Бандарэнкі

«Мы, праваабаронцы, патрабуем завядзеньня крымінальнай справы, расьсьледаваньня і пакараньня вінаватых. Хоць я разумею, што Сьледчы камітэт гатовы заплюшчваць вочы на любыя беззаконьне і гвалт, учыненыя сілавікамі. Але я веру, што ні адно злачынства супраць людзей ня будзе даравана. Я заклікаю людзей не ўпадаць у адчай і далей адстойваць свае правы чалавека. Бо мы — ня быдла!»

Лістапад 2020

"Вясноўцы" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзь Лабковіч на адным з жнівенскіх маршаў у жніўні 2020
"Вясноўцы" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзь Лабковіч на адным з жнівенскіх маршаў у жніўні 2020

Пра тых, хто разбурае сувэрэнітэт

«Тыя, хто беспадстаўна кідаюць за краты пісьменьнікаў, актораў, дзеячоў культуры, парушаюць правы чалавека, разбураюць беларускі народ і дзяржаўны сувэрэнітэт».

Ліпень 2021

Уручэньне Нобэлеўскай прэміі міру беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Осла, 10 сьнежня 2022 г. Зьлева Натальля Пінчук.
Уручэньне Нобэлеўскай прэміі міру беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Осла, 10 сьнежня 2022 г. Зьлева Натальля Пінчук.

Пра Незалежнасьць

«Я рана пачаў ставіцца крытычна да савецкай рэчаіснасьці. Сярод іншага, сутыкнуўся з рэзкім абмежаваньнем ужываньня беларускае мовы, з палітыкай дэбеларусізацыі, якая праводзілася тады — дый праводзіцца і цяпер. Ранейшая каляніяльная залежнасьць Беларусі засталася. А ў выніку — пагроза для існаваньня беларусаў як народу.

Драматычная памылка — аддзяляць правы чалавека ад каштоўнасьцяў ідэнтычнасьці і Незалежнасьці. У незалежніцкім падпольным руху я з 1982 году, фактычна з 20 гадоў. Яго задача — дабіцца дэмакратычнай незалежнай Беларусі, у якой бы паважаліся правы чалавека. Ня можа быць Беларусі без дэмакратыі і ня можа быць правоў чалавека безь незалежнай Беларусі. А грамадзянская супольнасьць павінна валодаць такой ступеньню незалежнасьці, якая гарантуе бясьпеку асобы ад злоўжываньняў улады дзяржавы».

З Нобэлеўскай лекцыі, 10 сьнежня 2022

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG