Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» атрымала прэмію ААН у галіне правоў чалавека за 2023 год


Акцыя салідарнасьці з увязьненымі праваабаронцамі «Вясны», Вільня, чэрвень 2023
Акцыя салідарнасьці з увязьненымі праваабаронцамі «Вясны», Вільня, чэрвень 2023

15 сьнежня 2023 году ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў уручылі прэмію ў галіне правоў чалавека за 2023 год.

Сёлета ляўрэатаў пяцёра: Праваабарончы цэнтар «Вясна» зь Беларусі, праваабаронца з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Жульен Люсэнж, Аманскі Цэнтар дасьледаваньняў у галіне правоў чалавека зь Ярданіі, актывіст і грамадзкі дзяяч з Уругваю Хуліё Пэрэйра Санчэс, а таксама глябальная кааліцыя арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, карэнных народаў, грамадзкіх рухаў і мясцовых супольнасьцяў. Пра гэта паведамляецца на сайце прэміі.

Ляўрэатаў прэміі абраў Адмысловы камітэт спаміж больш як 400 намінацыяў, атрыманых ад дзяржаваў-чальцоў, інстытуцыяў ААН і грамадзянскай супольнасьці.

Цырымонія ўручэньня прэміі 2023 году адбылася ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў межах мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню правоў чалавека. Генэральны сакратар Антонію Гутэрыш выступіў на цырымоніі ўручэньня прэміі і адзначыў, што сёньня правы чалавека пад пагрозай ва ўсім сьвеце, і праваабаронцы — гэта «сьвятло ў цемры».

«Летась былі забітыя амаль 450 праваабаронцаў, журналістаў і прафсаюзных дзеячоў. На 40% больш, чым летась. 33 чалавекі бясьсьледна зьніклі: ашаламляльны рост на 300% у параўнаньні з 2021 годам. У гэтым кантэксьце сёньняшняя прэмія ў галіне правоў чалавека набывае яшчэ большае значэньне», — сказаў генэральны сакратар ААН.

На цырымоніі прысутнічала праваабаронца «Вясны» Алена Масьлюкова. У сваёй прамове яна адзначыла, што гэта вялікі гонар для праваабарончага цэнтру і ўсіх беларускіх праваабаронцаў. Яна зьвярнула ўвагу, што гэта нагода працягваць працу і рабіць яе пасьлядоўна і сумленна: у Беларусі працягваецца перасьлед людзей паводле палітычных прыкметаў, катаваньні беларусаў і беларусак у месцах зьняволеньня, а правы чалавека для дзяржавы — не каштоўнасьць.

Заснаваная Генэральнай Асамблеяй ААН у 1966 годзе, прэмія была ўпершыню прысуджаная ў 1968 годзе, у дзень, які цяпер вядомы як Дзень правоў чалавека, 10 сьнежня. Яна прысуджаецца кожныя пяць гадоў за «выдатныя дасягненьні ў галіне правоў чалавека». Сярод ранейшых атрымальнікаў былі Джымі Картэр, Нэльсан Мандэла, Элеанора Рузвэльт, Малала Юсафзай і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа.

«Вясну» намінаваў фонд Right Livelihood. Намінацыю падтрымалі калегі вясноўцаў зь Беларускага Хэльсынскага камітэту і Міжнароднай Фэдэрацыі правоў чалавека.

Пяцёра чальцоў «Вясны» застаюцца за кратамі: старшыня Алесь Бяляцкі, намесьнік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімер Лабковіч, каардынатарка валянтэрскай службы Марфа Рабкова, валянтэр Андрэй Чапюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG