Дата дня
29 лютага 1468 году вялікі князь літоўскі Казімер Ягайлавіч выдаў Судзебнік, які стаў першай спробай кадыфікацыі крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Ён быў напісаны на старабеларускай мове.
Кодэкс усталяваў адзіныя для ўсёй дзяржавы пакараньні і судовыя працэдуры за асобныя віды злачынстваў. Ён складаўся з 25 артыкулаў і закранаў толькі злачынствы супраць уласнасьці (крадзеж і рабаваньне), мноства іншых выпадкаў ня трапілі ў кодэкс і разглядаліся паводле звычаёвага права. Упершыню законам быў усталяваны мінімальны век, зь якога пачыналася крымінальная адказнасьць: 7 гадоў.
Судзебнік дзейнічаў да стварэньня першага Статуту ВКЛ 1529 году. Арыгінал Судзебніка не захаваўся, маюцца яго сьпісы канца XV-XVІ стст.
Таксама ў гэты дзень
1888 — амэрыканскі інжынэр Герман Галерыт вынайшаў табулятар, першую электрычную лічыльную машыну.
1936 — дацкі фізык-тэарэтык Нільс Бор прапанаваў тэорыю складовага ядра атама.
1940 — амэрыканская кінаактрыса Хэці Макдэніэл стала першай афраамэрыканкай, якая атрымала прэмію «Оскар» (у намінацыі «лепшая акторка другога пляну» за ролю ў фільме «Зьнесеныя ветрам»).
2020 — ЗША і афганскі рух «Талібан» у Катары падпісалі мірнае пагадненьне, якое прадугледжвала вывад замежных войскаў з Афганістану і заключэньне перамір’я.
У гэты дзень нарадзіліся
1792 — Джаакіна Расіні, знакаміты італьянскі кампазытар, аўтар опэры «Сэвільскі цырульнік».
1840 — Джон Філіп Голанд, амэрыканскі інжынэр, стваральнік сучаснай канструкцыі падводнай лодкі.
1840 — Раман Рагінскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў у Польшчы, Беларусі і Літве. У прыватнасьці, падчас ваенных дзеяньняў ён заняў Пружаны.
1872 — Вітольд Бялыніцкі-Біруля, беларускі жывапісец-пэйзажыст. Разьвіваў традыцыю лірычнага пэйзажа канца 19 стагодзьдзя.
1904 — Глен Мілер, знакаміты амэрыканскі музыка і кіраўнік эстраднага аркестру.
1940 — Сусьветны патрыярх Барталамей І, кіраўнік Канстантынопальскай царквы.
1920 — Мішэль Марган, француская актрыса тэатру і кіно, легенда францускага кінэматографу, уладальніца іменнай зоркі на Алеі славы ў Галівудзе.
1956 — Сьвятлана Навумава, вядомы беларускі палітоляг і паліттэхноляг, была адным з заснавальнікаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», працавала ў штабе Ўладзімера Някляева на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году ў Беларусі.
1972 — Сяргей Канановіч, беларускі рок-музыка, гітарыст, быў гітарыстам праектаў «Крамбамбуля» і Zet, удзельнікам гурта Pomidor/OFF, граў з гуртамі «Палац», žygimont VAZA, Зьмітром Вайцюшкевічам, N.R.M.
У памяці
1868 — баварскі кароль Людвіг Першы, адзін з самых асьвечаных манархаў XIX стагодзьдзя, праўленьне якога лічыцца часам сапраўднага росквіту баварскай культуры.