Музыку з гурту «Мінімум дыстанцыі» прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі»
Суд прысудзіў удзельніку гурту «Мінімум дыстанцыі» Жэню Шуму 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»). Пра гэта стала вядома з праўладнага тэлеграм-каналу, піша Mediazona.by. Паводле якога артыкула судзілі музыку і калі гэта адбылося, невядома.
Сам музыка ў відэа паведамляў, што нібыта «высылаў данаты, якія фінансуюць экстрэмісцкую дзейнасьць».
Сёлета ў студзені сілавікі апублікавалі відэа з музыкам. У ім ён расказваў, што пасьля выбараў 2020 году офіс рэлякаваў яго ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай вайны музыка пераехаў у Польшчу. Там ён жыў да заканчэньня працоўнай візы, якую адмовіліся працягнуць.
У Наваполацку мужчыну арыштавалі за стары пост пра гібель Рамана Бандарэнкі
У жыхара Наваполацку ў сацсетках знайшлі стары пост у памяць аб забітым сілавікамі Раману Бандарэнку. Мужчыну затрымалі і адправілі на «суткі», пра гэта стала вядома з пастановы суду, піша «Люстэрка».
Паводле матэрыялаў справы, на старонцы мужчыны «ЎКантакце» выявілі публікацыю за 2020 год: фатаграфія Рамана Бандарэнкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі ў руках і подпіс «Не забудзем!». Гэтую выяву знайшоў 26 студзеня 2024 году міліцыянт Наваполацкага ГАУС, які праводзіў «маніторынг» сацсетак.
Мужчыну затрымалі днём 14 лютага. На яго склалі пратакол па ч. 1 арт. 24.23 КаАП аб парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Затрыманага зьмясьцілі ў ІЧУ. Суд адбыўся на наступны дзень, 15 лютага.
Жыхару Наваполацку ў выніку прызначылі 7 дзён адміністрацыйнага арышту.
У Горадні будуць судзіць абвінавачаных за плянаваныя «тэракты», якія курыраваліся спэцслужбамі Ўкраіны
Вадзіма Пацэнку і Аляксея Кулікова абвінавацілі ў тым, што яны нібыта аб’ядналіся ў «устойлівую кіраваную арганізаваную групу для сумеснай злачыннай дзейнасьці». Ім пагражае сьмяротнае пакараньне, паведамляе тэлеграм-канал «Право имеют» з спасылкай на АНТ.
Мужчын судзяць па артыкулах КК:
- 289 ч. 3 — Акт тэрарызму;
- 126 ч. 3 — Акт міжнароднага тэрарызму;
- 358 заўв. 1 — Агентурная дзейнасьць;
- 130 ч. 1 — Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы;
- 356 ч. 1 — Здрада дзяржаве (У рэдакцыі Закону ад 09.01.2019)
Паседжаньне праходзіць 26 лютага ў Горадзенскім абласным судзе. Судзьдзя — Валерый Раманоўскі.
Фітнэс-трэнэра Аляксандра Якуту асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі»
22 сьнежня 2023 году суд Савецкага раёну Менску прыгаварыў фітнэс-трэнэра Аляксандра Якуту да 2,5 года «хатняй хіміі», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Вядома аб прысудзе стала праз 2 месяцы пасьля яго вынясеньня.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну абвінавацілі ў грубым парушэньні парадку (частка 1 артыкула 342 КК) з прычыны выхаду на праезную частку падчас адной з акцый пратэсту ў Менску. У маршы ён удзельнічаў у вобразе шатляндзкага вікінга.
Пра яго затрыманьне стала вядома ў лістападзе 2023 году. На відэа сілавікоў на затрыманым былі кайданкі і японскі востраканечны капялюш.