Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 13 лютага: затрымалі супрацоўнікаў «Газпрам трансгаз Беларусь»


Адкрытая ў «Аднаклясьніках» старонка на тэлефоне
Адкрытая ў «Аднаклясьніках» старонка на тэлефоне

У Беларусі працягваецца перасьлед іншадумства. Яшчэ два чалавекі зазналі ўціск за падабайкі ў «Аднаклясьніках».

Прысуд за абразу Лукашэнкі

Суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы вынес прысуд палітзьняволенаму Яўгену Кладаву, абвінавачанаму ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Соф’я Хвалько, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Яўгена Кладава затрымалі 30 жніўня 2023 году ў адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.11 КаАП («Выраб, распаўсюд ці захаваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»), затым пачалі супраць яго крымінальную справу.

Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, Яўген Кладаў у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» на сьцяне профілю, даступнай для прагляду іншым карыстальнікам, «разьлічваючы на наступнае ўспрыманьне іншымі асобамі абразьлівай інфармацыі, усьведамляючы публічны і зьневажальны характар сваёй публікацыі, наўмысна разьмясьціў выяву, якая супярэчыць агульначалавечай маралі і нормам паводзін, прынятым у грамадзтве, тым самым публічна наўмысна прынізіў гонар і годнасьць асобы Лукашэнкі ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ёю сваіх паўнамоцтваў, выказанае ў непрыстойнай форме».

У справе — два аналягічныя эпізоды.

У судовым пасяджэньні Кладаў фактычна віны не прызнаў і паказаў, што ён на сваёй старонцы выпадкова ў адкрытым доступе для ўсіх карыстальнікаў разьмясьціў прагледжаныя ім у сеціве карцінкі з выявай Лукашэнкі. Зрабіў гэта ён ненаўмысна, бо ня ведаў, што гэтыя выявы захаваюцца ў стужцы ягонай старонкі, пасьля ягонай адзнакі «Кляс!».

Суд, які праходзіў 23–24 лістапада 2023 году, прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на год з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Затрыманьне за рэакцыю на сьмерць міліцыянта

Жыхара Віцебскай вобласьці затрымалі і пад прымусам запісалі зь ім відэа наконт падабайкі, пастаўленай пад фота памерлага 4 лютага начальніка Аршанскай міліцыі Сяргея Барвянкова на адным з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў.

Гэта ўжо як мінімум другое затрыманьне за рэакцыю на сьмерць аршанскага міліцыянта. Раней за нэгатыўны камэнтар у інтэрнэце затрымалі палачаніна.

Сяргей Барвянкоў раптоўна памёр ад праблемаў з сэрцам раніцай 4 лютага. Ён браў удзел у рэпрэсіях 2020 году і пасьля.

Сілавікі затрымалі супрацоўнікаў «Газпрам трансгаз Беларусь»

Сілавікі паведамілі пра затрыманьне траіх супрацоўнікаў кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь», паведаміла Mediazona.by. Відэа зь імі апублікаваў праўладны тэлеграм-канал сілавікоў.

На ім мужчыны ў шэрай і зялёнай куртках кажуць, што працуюць інжынэрамі, называюць свой заробак і расказваюць, што «падтрымлівалі ў калектыве пратэставыя настроі». Па словах дзяўчыны, у 2020 годзе яна ўдзельнічала ў мітынгах.

Сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманьні траіх жыхароў Баранавічаў

У тэлеграм-канале сілавікоў сьцьвярджаюць, што затрыманыя нібыта ўдзельнічалі ў пасьлявыбарнай акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году, піша «Вясна».

Студэнтку зь Менска асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у двух Маршах

У судзе Фрунзенскага раёна Менска 26 студзеня асудзілі Сафію Кажамякіну паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Судзьдзя Юлія Блізьнюк прызначыла Сафіі два гады і шэсьць месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Дзяўчыну апазналі па пратэставых відэа, знойдзеных у ейным тэлефоне падчас агляду. Да суда Сафія знаходзілася пад закладам памерам 18500 рублёў.

Сілавікі затрымалі айцішніка з Горадні

Сілавікі ў Горадні затрымалі сыстэмнага адміністратара кампаніі IntexSoft.

На відэа затрыманы кажа, што ў 2020 удзельнічаў у мітынгах і пакідаў камэнтары, якія «зьневажаюць гонар і годнасьць».

«Таксама ў кампаніі IntexSoft былі бчб-сьцягі і налепка зь гербам» Пагоня «у кабінэце ў дырэктара», – кажа затрыманы.

Па інфармацыі тэлеграм-канала «Суды, затрыманьні», мужчыну клічуць Андрэй Якіменка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG