Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 лютага: У СІЗА Берасьця палітвязьня асудзілі на два гады калёніі


Сілавікі ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

2 гады «хіміі» машыністу за камэнтары ў Telegram

19 лютага стала вядома, што ў судзе Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці асудзілі Дзяніса Носава паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта») Крымінальнага кодэксу, паведамляюць праваабаронцы. Судзьдзя Тацяна Семянкевіч прызначыла Дзянісу два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»).

Жыхара пасёлка Новы Сьвержань абвінавацілі ў тым, што ён, знаходзячыся на працоўным месцы ў кабіне прыгараднай электрычкі, напісаў пад публікацыяй у тэлеграм-канале камэнтар у адрас Лукашэнкі, які суд палічыў абразьлівым.

Падчас працэсу апыталі сьведку, памочніка машыніста, які паведаміў, што Дзяніс Носаў не паведамляў яму пра напісаны камэнтар.

Пасьля абвяшчэньня выраку мужчыну вызвалілі ў зале суду. У яго канфіскавалі тэлефон «як сродак зьдзяйсьненьня злачынства».

Дзяніс Семянкевіч мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю і працуе машыністам электрацягніка рэгіянальных ліній у Менску.

У Берасьці палітвязьню прысудзілі два гады калёніі. Суд праходзіў у СІЗА

14 лютага Маскоўскі суд Берасьця разгледзеў крымінальную справу супраць 40-гадовага Канстанціна Саламіюка. Судзьдзя — Марына Скалковіч.

Саламіюка судзілі паводле ч. 1 арт. 368 КК за публічную абразу Лукашэнкі, суд праходзіў у СІЗА, піша «Берасьцейская вясна».

Да суда мужчыну выставілі яшчэ і арт. 369 КК («Абраза прадстаўнікоў улады»), але з прычыны заканчэньнгя тэрміну даўнасьці гэты артыкул зьнялі. У выніку мужчыну судзілі за некалькі інтэрнэт-камэнтароў, у якіх нэгатыўна ацэньваўся Лукашэнка.

Саламіюку прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі.

У Менску асудзілі двух мясцовых жыхароў за ўдзел у акцыі 2020 года

Суд Савецкага раёна Менска прысудзіў мясцовым жыхарам Раману Кур'яновічу і Максіму Бушчыку 3 гады хіміі і 2,5 гады хатняй хіміі адпаведна. Іх абвінавачвалі ў грубым парушэньні парадку (частка 1 артыкула 342 КК), паведамляе «Вясна».

Паседжаньне прайшло 27 сьнежня, але пра яго вынікі стала вядома толькі зараз. Па зьвестках праваабаронцаў, мужчын судзілі за ўдзел у пратэсьце 2020 года.

Акрамя абмежаваньня волі, ім пастанавілі пакрыць шкоду «Мінсктрансу» – 7 580 і 22 500 рублёў для Курʼяновіча і Бушчыка адпаведна.

2 лютага 2024 года Максіма Бушчыка ўнесьлі ў сьпіс людзей, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG