Дата дня
24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны. Ракетныя ўдары па тэрыторыі Ўкраіны ўчыняліся з тэрыторыі Расеі, з Крыму, з акваторыі Чорнага мора і з тэрыторыі Беларусі.
З тэрыторыі Беларусі расейскія войскі ўчынялі таксама і сухапутны напад на Ўкраіну, менавіта зь Беларусі расейскія войскі рушылі на захоп Кіева.
Паводле дадзеных NATO, у беларуска-расейскіх вучэньнях «Саюзная рашучасьць» у лютым 2022 году ўдзельнічала каля 30 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. 24 лютага 2022 году гэтая групоўка напала на Ўкраіну з поўначы.
Таксама ў гэты дзень
1582 — папа Рыгор ХІІІ выдаў булу аб пераходзе зь юльянскага календара на новы, які пасьля атрымаў назву грыгарыянскага. Паводле булы новы каляндар уступіў у дзеяньне 4 кастрычніка 1582 году, пасьля чаго наступіла адразу 15 кастрычніка.
1918 — Эстонія абвясьціла сваю незалежнасьць.
1942 — Пачалося вяшчаньне радыёстанцыі «Голас Амэрыкі»
У гэты дзень нарадзіліся
1595 — Мацей Сарбеўскі, паэт, выкладчык Полацкай і Віленскай езуіцкіх акадэміяў.
1786 — Вільгельм Грым, нямецкі казачнік, малодшы брат Якаба Грыма.
1902 — Янка Геніюш, лекар, вязень ГУЛАГу.
1902 — Янка Хвораст, танцоўшчык, балетмайстар, зьбіральнік фальклёру. Стрыечны брат Рыгора Шырмы.
1918 — Эдвард Кісель, рымска-каталіцкі дзяяч Польшчы, першы біскуп беластоцкі.
1926 — Надзея Дземідовіч, удзельніца паваеннага антысавецкага супраціву, зьняволеная ГУЛАГу.
1935 — Рыгор Барадулін, апошні літаратар, якому надалі званьне Народнага паэта Беларусі (у 1992 годзе). У 2006 годзе Рыгор Барадулін быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію зь літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».
1955 — Стыў Джобс, заснавальнік кампаніі Apple.
У памяці
1684 — Ян Агінскі, дзяржаўны дзяяч ВКЛ.
1760 — Мацей Догель, гісторык і правазнаўца.
1922 — Ядвігін Ш., беларускі празаік, драматург і публіцыст. Ядвігін Ш. лічыцца адным з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы.
2001 — Клод Шэнан, амэрыканскі матэматык і інжынэр, стваральнік тэорыі інфармацыі.