Аляксандра Зарэцкага, пастара эвангельскай царквы Новалукомля (Чашніцкі раён, Віцебская вобласьць) 22 люстага затрымалі за тое, што падчас набажэнстваў у яго абшчыне гучала малітва за спыненьне вайны ва Ўкраіне, піша christianvision.
Раней мясцовыя ідэолягі неаднаразова выказвалі прэтэнзіі пастару з гэтай нагоды і пагражалі перасьледам.
Незадаволенасьць уладаў выклікала і тое, што пастар таксама адмаўляўся ўдзельнічаць у палітычных акцыях, якія яны ладзяць.
Зарэцкі і яго грамада падвяргаліся перасьледу з боку сілавікоў ужо ня раз. У ліпені 2021 года ў пастара быў ператрус, 20 красавіка 2023 года яго затрымалі па арт.19.11 КаАП РБ за падабайкі і камэнтары да матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі. Пастар двойчы запар атрымаў арышт на 15 сутак, правёўшы за кратамі месяц.