Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 21 лютага: затрымалі супрацоўнікаў прадстаўніцтва LG у Беларусі; «суткі» за вымпэл з «Пагоняй» у аўтамабілі

абноўлена

На адной з акцый пратэсту ў Менску ў 2020 годзе
На адной з акцый пратэсту ў Менску ў 2020 годзе

У Беларусі кінулі за краты яшчэ адну сям'ю.

Справа сям'і Каражанаў

Суд Савецкага раёну Менску 18 студзеня вынес вырак Віталю і Аксане Каражанам, абвінаваціўшы іх паводле «народнага» 342-га артыкула Крымінальнага кодэксу за ўдзел у акцыі пратэсту восеньню 2020 году, адзначаюць праваабаронцы. Справу разглядала судзьдзя Вольга Емяльянчыкава.

Пасьля затрыманьня на тры дні іх вызвалілі да суду пад заклад, прычым Аксана Каражан унесла 5500 рублёў, а Віталь — 11 100 рублёў.

Суд прызначыў абаім пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») на тэрмін 2,5 года.

Жыхара Бярозы адправілі на «суткі» за вымпэл з «Пагоняй» унутры ягонага аўто

Суд Бярозаўскага раёну апублікаваў пастанову па адміністрацыйнай справе ў дачыненьні да жыхара Бярозы, работніка аднаго з прадпрыемстваў. Як вынікае з дакумэнту, мужчыну абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаваньні» за «Пагоню» ў машыне і асудзілі на 7 дзён арышту, заўважыла «Люстэрка».

Мужчыну затрымалі яшчэ 2 студзеня днём каля адной з крамаў. Унутры ягонага аўтамабіля, на люстэрку задняга віду, вісеў вымпэл з гербам «Пагоня». Па вэрсіі міліцыі, ён павесіў вымпэл «для дэманстрацыі грамадзянам з мэтай публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў», а значыць, правёў пікетаваньне. А паколькі бярозавец ня браў у райвыканкаму дазволу павесіць сьцяжок у сваёй машыне, гэтае пікетаваньне зьяўляецца незаконным.

Мужчына не прызнаў сябе вінаватым. Ён не адмаўляў самога факту вымпэла ў машыне, але падкрэсьліваў, што ня меў намеру на «выказваньне інтарэсаў», а павесіў герб як «элемэнт гістарычнай памяці».

Судзьдзя прызнаў жыхара Бярозы вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч. 1 арт. 24.23 КаАП) і прысудзіў яму 7 дзён адміністрацыйнага арышту.

Суд адбыўся толькі празь месяц пасьля затрыманьня — 5 лютага. Увесь месяц мужчына быў пазбаўлены аўтамабіля, у якім знайшлі той самы вымпэл, бо адразу пасьля затрыманьня на машыну наклалі арышт і адправілі яе на штрафстаянку. Толькі пасьля вынясеньня рашэньня па справе суд пастанавіў зьняць арышт з аўтамабіля.

Пэнсіянэрцы прысудзілі «хатнюю хімію» на 4,5 года за камэнтары

За шматлікія камэнтары аб прадстаўніках улады, сілавіках і судзьдзях у Менску асудзілі пэнсіянэрку.

Суд Ленінскага раёну Менску пакараў вялікім тэрмінам абмежаваньня волі і штрафам 68-гадовую Зінаіду Казак, абвінаваціўшы яе паводле шэрагу дыфамацыйных артыкулаў: «Абраза судзьдзі або народнага засядальніка» (арт. 391 КК); «Абраза прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 КК); «Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364 КК) і «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Справу разглядала судзьдзя Марына Клімчук.

У крымінальнай справе 28 эпізодаў. Некалькі пацярпелых заявілі матэрыяльныя прэтэнзіі аб кампэнсацыі «маральнай шкоды», усяго на суму 4000 рублёў. Сваю віну Казак прызнала толькі часткова, матэрыяльныя прэтэнзіі адхіліла.

У выніку Зінаідзе прысудзілі абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 4,5 года са штрафам у памеры 8000 рублёў.

Сілавікі затрымалі супрацоўнікаў прадстаўніцтва LG у Беларусі

Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях і маршах, дэманстрацыі «забароненых сымбаляў на Mercedes» і напісаньні камэнтароў у чатах. У аднаго з затрыманых таксама нібыта знайшлі патроны да пісталета Макарава, піша «Вясна».

Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць затрыманым пазбаўленьнем волі да 5 гадоў.

Затрымалі за «тысячу камэнтароў»

На Меншчыне затрымалі мужчыну, які нібыта напісаў тысячу нэгатыўных камэнтароў. Зь ім сілавікі спрабавалі зьняць «пакаяльнае» відэа, але гэта не атрымалася.

«Я жыхар Менскай вобласьці. Сёньня затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Па факце затрыманьня сказаць мне няма чаго. Усё», — сказаў затрыманы.

За гэта яму прыгразілі, што ён «атрымае па максымуме».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG