Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі за падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны. У абноўлены сьпіс, які публікуе МЗС краіны, трапілі два беларускія прадпрыемствы.
Пад санкцыі падпалі:
- «Завод дакладнай электрамэханікі», які займаецца распрацоўкай і вытворчасьцю прадукцыі вайсковага прызначэньня і аказваньнем тэлекамунікацыйных паслуг. Завод — галаўное прадпрыемства па распрацоўцы і вытворчасьці ракетнага ўзбраеньня, у тым ліку рэактыўнай сыстэмы залпавага агню В-200 «Палянэз» і ракетнага комплексу В-300РК «Палянэз-М», якія Расея прымяняе падчас вайны ва Ўкраіне.
- ААТ «Планар» — навукова-тэхнічны комплекс, які займаецца распрацоўкай і пастаўкай спэцыялізаванага тэхналягічнага абсталяваньня для рэалізацыі тэхналёгіяў у мікраэлектроніцы.
У новы санкцыйны сьпіс Вялікай Брытаніі таксама ўвайшлі 50 расейскіх прадпрыемстваў і фізычных асобаў. Акрамя гэтага, пад абмежаваньні з прычыны сувязяў з Расеяй падпалі тры кампаніі з Кітаю і па адной — з Турэччыны і ААЭ.
21 лютага Эўразьвяз ухваліў 13-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі. Новы пакет уключае амаль 200 юрыдычных і фізычных асобаў, але ніякіх новых сэктаральных мераў ня будзе. Поўны спіс будзе апублікаваны ў афіцыйным часопісе ЭЗ 24 лютага.
Як стала вядома Свабодзе з крыніц у Брусэлі, у чарнавы варыянт 13-га санкцыйнага сьпісу супраць Расеі трапіла некалькі беларускіх прадпрыемстваў і іхных кіраўнікоў, а таксама грамадзкіх арганізацый, якія ўдзельнічалі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей.