Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Кузьміч зноў вяртаўся ў Беларусь. Для эвакуацыі давялося задзейнічаць BySol


Аляксей Кузьміч, архіўнае фота
Аляксей Кузьміч, архіўнае фота

Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч другі раз вярнуўся ў Беларусь пасьля выезду з краіны. Зь Беларусі яго вывозіла служба эвакуацыі фонду BySol. Пасьля гэтага кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак папярэдзіў, што больш яго вывозіць ня будуць.

Як расказаў Аляксей Кузьміч СМІ, гэтым разам ён паехаў у Менск, каб разьвітацца з хворай бабуляй.

«Мне паведамілі, што мая бабуля памірае, таму я тэрмінова выехаў у Беларусь, — расказаў мастак „Люстэрку“. — Ехаў аб’язнымі шляхамі, пераадолеў 5 тысяч кілямэтраў, у мяне было чатыры перасадкі. За некалькі гадзін да таго, як я прыехаў, бабулі ня стала, і я займаўся ўсімі пахавальнымі справамі».

Паводле «Нашай Нівы», Аляксей прыехаў у Менск 16 сьнежня і прабыў у Беларусі агулам 2 месяцы. Месяц ён знаходзіўся ў Менску. Калі пасьля Новага году знаёмыя паведамілі Кузьмічу, што яго шукае міліцыя, ён зьехаў у вёску. 14 студзеня ў кватэру сваякоў мастака прыйшлі супрацоўнікі СК і сказалі, што завялі на Кузьміча крымінальную справу за акцыю, якую ён правёў летась на мосьце на Нямізе, і што мастака абвясьцілі ў вышук.

Для выезду мастака зь Беларусі давялося задзейнічаць службу эвакуацыі BySol. 21 лютага ён апынуўся ў бясьпецы ў адной з эўрапейскіх краін.

«Гэтая эвакуацыя экстраардынарная тым, што чалавек неаднаразова падвяргаў сябе небясьпецы, вяртаючыся ў Беларусь, што пацягнула за сабой значныя наступствы (крымінальны перасьлед) і стварыла дадатковую нагрузку на службу эвакуацыі BYSOL», — паведаміў кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак і яшчэ раз заклікаў усіх беларусаў ставіцца адказна да рашэньня аб паездцы на радзіму.

«Мы робім усё магчымае, але не заўсёды зможам прыйсьці на дапамогу», — папярэдзіў Андрэй Стрыжак.

У камэнтарах да допісу ў сацсетцы Х ён таксама адзначыў: «Гэты тэкст напісаны ў тым ліку і каб да нас не было пытаньняў, чаму мы не павязем яго наступным разам».

  • Аляксей Кузьміч зьехаў зь Беларусі яшчэ ў 2020 годзе пасьля правядзеньня палітычных пэрформансаў на выбарчым участку і пасьлявыбарчых пратэстах. Улетку 2023 году ён нечакана вярнуўся ў Менск, каб атрымаць новы пашпарт і замяніць пасьведчаньне кіроўцы. Паралельна Аляксей правёў акцыю «Транзыт», зьняў усё на відэа і апублікаваў яго ўжо пасьля пасьпяховага адʼезду з краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG