Дата дня
21 лютага ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO ў 1999 годзе. Сьвята мае на мэце заахвочваньне моўнай разнастайнасьці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыяньне ўсьведамленьню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменьні, цярпімасьці і дыялёгу.
У гэты дзень ва ўнівэрсытэтах і клюбах праходзяць адмысловыя імпрэзы і акцыі, у сацсетках і СМІ зьяўляюцца публікацыі пра мову, абвяшчаюцца конкурсы і г.д.
Да падзеяў 2020 году ў Беларусі ў гэты дзень прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці зьбіраліся разам і пісалі дыктоўку па матывах твораў беларускай літаратуры. Сёлета агульнанацыянальная дыктоўка пройдзе онлайн (на канале BELSAT LIFE), яе тэкст будзе прымеркаваны да 100-годзьдзя з дня нараджэньня народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
Дзень у гісторыі
1574 — адбылася каранацыя караля Рэчы Паспалітай Генрыка Валуа.
1634 — падпісаны акт аб ганаровай капітуляцыі Смаленску перад войскамі польнага гетмана ВКЛ Крыштафа Радзівіла.
1848 — Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс апублікавалі «Маніфэст камуністычнай партыі».
1854 — адбылася пастаноўка ў Менску трупай Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча першай беларускай опэры «Сялянка» («Ідылія»).
1916 — падчас Першай усясьветнай вайны пачалася бітва пры Вэрдэне.
1918 — была абвешчана Першая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі. У гэтым дакумэнце выканкам камітэту рады Першага Ўсебеларускага зьезду абвясьціў пра ўтварэньне Народнага сакратарыяту, які выконваў ролю часовай улады ў Беларусі. Пазьней Народны сакратарыят стаў выконваць ролю ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.
1918 — беларуска-польская адміністрацыя Менску перадала места войскам Нямеччыны.
1919 — у Вільні скончыўся І Зьезд Саветаў Літвы, на якім абвясьцілі пра стварэньне адзінай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі.
1981 — у мюнхэнскім будынку радыёстанцыі Радыё Свабода адбыўся выбух, зладжаны на замову румынскіх органаў дзяржбясьпекі.
1986 — заснаваны біялягічны заказьнік «Ружанская пушча».
2022 — прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указы аб прызнаньні незалежнасьці сэпаратысцкіх «Данецкай народнай рэспублікі» і «Луганскай народнай рэспублікі».
У гэты дзень нарадзіліся
1962 — Чак Паланік, амэрыканскі пісьменьнік.
1966 — Юры Бохан, беларускі гісторык і археоляг.
У памяці
1881 — Язэп Ходзька, беларускі геадэзіст, географ.
1939 — Вячаслаў Адамовіч, беларускі дзяяч нацыянальнага руху, адзін з заснавальнікаў сялянскай партыі «Зялёны дуб».
1952 — Андрэй Цікота, сьвятар, манах-марыянін, сябра Рады БНР, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху, якога перасьледавалі польскія ўлады ў 1920–1930, ахвяра сталінскіх рэпрэсій. Памёр у ГУЛАГу.
1967 — Юры Тарыч, беларускі кінарэжысэр, сцэнарыст, заснавальнік беларускай мастацкай кінэматаграфіі.
1974 — Лявон Савёнак, пісьменьнік, журналіст, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.