Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-сьпікер парлямэнту Славакіі прапанаваў аднавіць дэпутацкую групу сяброўства зь Беларусьсю


Лідэр прарасейскай ультраправай Славацкай нацыянальнай партыі (SNS) і віцэ-сьпікер славацкага парлямэнту Андрэй Данка прапанаваў аднавіць дэпутацкія групы сяброўства зь Беларусьсю і Расея. Пра гэта ён напісаў на сваёй афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку, заўважыла выданьне Reform.by.

«Нацыянальная рада Славакіі зацьвярджае групы сяброўства ў кожны выбарчы пэрыяд. Славацкая нацыянальная партыя хоча, каб Нацыянальная Рада Славацкай Рэспублікі мела добрыя адносіны з усімі дзяржавамі», — патлумачыў Андрэй Данка.

Ён упэўнены, што «ўзаемная камунікацыя на парлямэнцкім узроўні зьяўляецца важнай умовай паразуменьня і супрацоўніцтва» і такое супрацоўніцтва нельга абмяжоўваць. Андрэй Данко выказаў спадзяваньне на падтрымку такога рашэньня з боку партнэраў па ўрадавай кааліцыі партыі Smer-SD Робэрта Фіца і партыі «Голас — сацыяльная дэмакратыя».

Славацкі палітык нагадаў аб адмене з 15 студзеня забароны на культурнае супрацоўніцтва з Расеяй і Беларусьсю, якую ініцыявала новая міністарка культуры Славакіі і сябра партыі SNS Марціна Шымковічава. Забарона дзейнічала з сакавіка 2022 году, пасьля пачатку маштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

8 лютага віцэ-сьпікер парлямэнту Славакіі Андрэй Данка і ягоны калега Любаш Блага сустрэліся ў Браціславе з Андрэем Дапкюнасам, паслом Беларусі ў Аўстрыі і Славеніі па сумяшчальніцтве, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры АБСЭ. Па выніках перамоваў Дапкюнас назваў славацкіх палітыкаў «шчырымі сябрамі Беларусі, якія заўсёды выступаюць у інтарэсах сапраўднага сяброўства паміж народамі і абараняюць нацыянальныя інтарэсы сваіх краін».

Андрэй Данка, будучы ў мінулым скліканьні парлямэнту Славаччыны сьпікерам, у чэрвені 2019 году наведваў Менск і сустракаўся з Лукашэнкам.

З 1996 году Эўразьвяз, АБСЭ і ЗША не прызналі дэмакратычнай ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі. Цяпер у Беларусі ідзе чарговая кампанія па фармаваньні новага складу дзьвюх палат Нацыянальнага сходу. Яна праходзіць на фоне масавых рэпрэсій, татальнага падаўленьня свабоды слова, пагрому грамадзянскай супольнасьці і закрыцьця ўсіх апазыцыйных палітычных партый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG