Прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава заявіла, што запрашэньне Аляксандру Лукашэнку прыехаць у Браціславу на адзначэньне 75-х угодкаў Славацкага нацыянальнага паўстаньня ня дзейнічае, бо сыходзіла не ад кіраўніка дзяржавы. Пра гэта інфармуе сайт echo24.cz
Раней з такое запрашэньне Аляксандру Лукашэнку перадаў кіраўнік парлямэнту Славаччыны Андрэй Данка падчас свайго візыту ў Менск.
Сваю заяву прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава зрабіла сёньня падчас падпісаньня дэклярацыі трох найвышэйшых службовых асобаў краіны, якія заявілі пра сваю прыхільнасьць да празаходняй арыентацыі Славаччыны.
Тым ня менш Андрэй Данка, якога славацкая апазыцыя крытыкуе за прыхільнае стаўленьне да Расеі, на сваім запрашэньні Лукашэнку настойвае. Данка заклікае не палітызаваць адзначэньне 75-й гадавіны Славацкага нацыянальнага паўстаньня.
Кіраўнік парлямэнту Славаччыны сьцьвярджае, што візыт Лукашэнкі ў Браціславу ня будзе мець пратакольны ўзровень і таму ня мае патрэбы ў запрашэньні ад прэзыдэнта. У выпадку, калі Аляксандар Лукашэнка запрашэньне прыме, Андрэй Данка мяркуе прыняць яго як свайго асабістага госьця.