Першыя сьпісы работнікаў ІТ-сфэры, якія данацілі ў фонды дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій, зьявіліся на пачатку 2023 году. Дагэтуль на гутаркі ў КДБ выклікаюць нават тых, хто даўно ўжо не ў Беларусі. Супрацоўнікі спэцслужбаў на такіх сустрэчах прапаноўваюць пералічыць дзяржаўным арганізацыям сумы, якія шматкроць перавышаюць памер данату. Паводле апошніх паведамленьняў праваабаронцаў, цяпер сілавікі сталі ціснуць на сваякоў тых, хто выехаў. А таксама патрабаваць заплаціць гатоўкай.
Пагрозы бацькам, што застаюцца ў Беларусі
У размове са Свабодай Антон папрасіў не называць ягонага поўнага імя. У Беларусі ён працаваў у невялікай аўтсорсінгавай кампаніі. Расказвае, што ў 2020-м актыўна і шчодра ахвяраваў на патрэбы рэпрэсаваных праз Facebook Pay. Пасьля рэлякаваўся ў Літву, звольніўся з ранейшай кампаніі. Цяпер працуе ў іншай. Былы кіраўнік прыкладна паўгода таму напісаў Антону і паведаміў, што зь ім зьвязаліся супрацоўнікі КДБ.
«Расказаў, што з КДБ на фірму прыйшлі сьпісы тых, хто данаціў, папрасіў прыехаць у Беларусь. Каб пайсьці на размову, пакаяцца, аплаціць кампэнсацыю. Маўляў, тады ніякай крыміналкі ня будзе і я спакойна змагу прыяжджаць у Беларусь да бацькоў. Я, натуральна, адмовіўся, бо чуў ужо шмат сумных гісторый. Тым больш я не працую ўжо ў той кампаніі і мне не пагражае звальненьне за непадпарадкаваньне», — кажа суразмоўца.
У Беларусі ў Антона застаюцца бацькі. Маці працуе ў школе псыхолягам, ёй год да пэнсіі. Бацька на дзяржаўнай службе.
«Нядаўна (супрацоўнікі спэцслужбаў. — РС) прыйшлі да іх. Пыталіся, дзе я, і пагражалі, што калі не аплачу кампэнсацыю за данаты, непрыемнасьці будуць у бацькоў. Натуральна, я ў шоку», — кажа Антон.
Група рызыкі
Жанна таксама працуе ў ІТ і таксама просіць не называць свайго поўнага імя. Дзяўчына жыве на дзьве краіны. Большую частку часу знаходзіцца ў Польшчы, але пэрыядычна прыяжджае і ў Беларусь: там у яе бацькі, кватэра і хутар. У 2021-м дапамагала сям’і калегі, якога пасадзілі, данаціла ў фонды. Кажа, што чула шмат гісторый пра калег, якіх прымусілі сплаціць за данаты ў 10-разовым памеры.
«Я на сьвяты была ў Беларусі. Звычайна вельмі асьцярожна паводжу сябе, не падымаю, калі тэлефануюць зь незнаёмых нумароў. Паехала на хутар — і неяк на аўтамаце падняла слухаўку, бо яшчэ не прачнулася. Пытаюцца, ці ў Беларусі я, і запрашаюць на размову ў КДБ, пагаварыць пра данаты. Маўляў, калі дамовімся і я заплачу, мне нічога ня будзе. Намякалі, што ведаюць пра бацькоў, якія ў Беларусі. Я спалохалася, сказала, што я за мяжой. Выключыла тэлефон, выняла сімку. З чужога нумару пазваніла сваякам, каб прывезьлі мае рэчы на вакзал», — расказвае Жанна.
Па словах дзяўчыны, зь Беларусі яна выбіралася праз Расею. Даехала да Пецярбургу, а адтуль зь перасадкамі ў кірунку адной з краін Балтыі.
«Мяне дагэтуль трасе ад таго падарожжа. Ясная справа, у Беларусь я больш ні нагой», — эмацыйна апавядае суразмоўца.
«Аплата азначае прызнаньне віны»
Ганна (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) працуе ня ў сфэры ІТ, а ў дзяржаўнай установе юрыстам. Неўзабаве мусіць прайсьці пераатэстацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Расказвае, што яе нядаўна выклікалі на размову ў КДБ і дапытвалі цягам 5 гадзін. Таксама пра данаты.
«Я сапраўды пераводзіла грошы на дапамогу хворым дзецям, на коцікаў-сабачак. Але гэта ж не злачынства. Па маіх адчуваньнях, канкрэтных дакумэнтаў, што я аплочвала штрафы ці данаціла ў фонды падтрымкі, у іх не было. Мне сказалі, што ў іх дакладна ёсьць сьпісы, што я зрабіла данат у канкрэтную дату ў жніўні 2020 году, але паказаць тых сьпісаў ня могуць, бо там шмат прозьвішчаў», — кажа Ганна.
Па яе словах, размова з супрацоўнікамі спэцслужбаў была цяжкай, доўгай і непрыемнай.
«Я паабяцала падумаць, мяне адпусьцілі. Пайшла ў банк, узяла выпіску. У тую дату ніякіх пераводаў я дакладна не рабіла. Цяпер я ў роспачы. Наперадзе атэстацыя. Страціць працу я не магу. Заплаціць, каб адчапіліся? Але тады я прызнаю віну», — вагаецца Ганна.
«Ня трэба тут шукаць чагосьці рацыянальнага»
Пракамэнтаваць гэты ды іншыя кейсы Свабода папрасіла заснавальніка фонду ByHelp Аляксея Лявончыка.
«Калі Ганна заплаціць, яе могуць не пераатэставаць, бо аплата азначае прызнаньне віны і робіць цябе аб’ектам для наступнай атакі. Потым могуць зноў вымагаць грошы, могуць пасадзіць. Калі яна не заплаціць, ад яе могуць адчапіцца. Няма добрай унівэрсальнай парады. Ёй вырашаць самой», — кажа Лявончык.
Па яго словах, калі чалавек не данаціў сыстэмна і спэцслужбы ня могуць пацьвердзіць гэта нічым, акрамя сваіх уласных надрукаваных дакумэнтаў, лепш не паддавацца і не плаціць. Заснавальнік фонду By_Help таксама паўтарае, што калі чалавек і выплаціў кампэнсацыю, усё адно няма гарантыі праблемаў у будучыні.
«Мы ведаем пра выпадкі, калі людзі пераводзяць суму, у 10 разоў большую за данат. Да іх прыходзяць паўторна і патрабуюць яшчэ раз зрабіць плацеж. Ага, калі заплаціў, значыць вінаваты, можна да яго зноў прыйсьці. Можна і пасадзіць — ён жа вінаваты! Яны хочуць выцыганіць у вас грошы, прымусіць пакаяцца, а потым зноў вымагаць грошы. Былі сытуацыі, калі чалавеку раілі адкупіцца, ён адкупіўся, а яго пасадзілі. Былі сытуацыі, калі чалавека пасадзілі, потым сказалі адкупіцца, ён заплаціў, а яго ня выпусьцілі», — расказвае Лявончык.
Суразмоўца раіць не шукаць у дзеяньнях спэцслужбаў нечага рацыянальнага і называе іх дзеяньні «гульнёй з шулерам».
Заснавальнік фонду ByHelp расказвае, што зь нядаўняга часу да яго пачалі даходзіць зьвесткі пра новую тактыку сілавікоў. Калі раней яны прымушалі перавесьці буйныя сумы на рахункі дзяржаўных установаў, то ня так даўно пачалі вымагаць наяўныя грошы. Не даючы ніякіх дакумэнтаў аб выплаце гэтак званай кампэнсацыі.
«Калі вы заплацілі гатоўкай, гэта верагоднасьць таго, што яны прыйдуць да вас зноў. Маўляў, у нас няма дакумэнтаў, што вы перавялі, якія такія наяўныя? Нашы супрацоўнікі хабару не бяруць». Зноў паўтаруся: гэта гульня з шулерам«, — перакананы Аляксей Лявончык.
За данаты 60 чалавек асудзілі на 186 гадоў калёніі
Паводле інфармацыі «Вясны», за данаты паводле артыкулу 361-2 Крымінальнага кодэксу («Фінансаваньне экстрэмісцкага фармаваньня») у Беларусі ўжо асудзілі больш за 60 чалавек. Іх агульны тэрмін пакараньня сягае 186 гадоў калёніі, і гэтыя зьвесткі могуць быць далёка ня поўнымі.
Пакараньне у большасьці выпадкаў выносіцца ў памеры некалькіх гадоў пазбаўленьня волі. Аднак бываюць і больш сур’ёзныя тэрміны. Трэнэра-масажыста зь Менску Мікалая Васілевіча асудзілі на 9 з паловай гадоў. Дзяржаўныя СМІ пісалі пра 54 данаты. Бабруйчанін Дзьмітры Слука атрымаў 8,5 года. Менчуку Паўлу Харытонаву прысудзілі 5 гадоў за данат у 20 даляраў.